За першы дзень вайны ад рук расейскіх вайскоўцаў загінулі 137 украінцаў


Уладзімір Зяленскі паведаміў пра 137 загінулых і 316 параненых у выніку расейскай ваеннай аперацыі за 24 лютага.

«Усе абаронцы вострава Змяіны загінулі, але не здаліся. Усім ім будзе прысвоена званне Героя Украіны пасмяротна», – сказаў Зяленскі.

Украіна страціла кантроль над востравам Змяіны ў Адэскай вобласці вечарам 24 лютага. Расейскі карабель прапанаваў гарнізону вострава Змяіны, які быў захоплены, здацца. У адказ украінскія абаронцы вострава накіравалі ў радыёэфір фразу «Русский военный корабль, иди нах*й». Пасля гэтага пачаўся ракетна-артылерыйскі абстрэл, падчас якога загінулі 13 абаронцаў Украіны.

Мінабароны РФ пра афіцыйную колькасць ахвяр сярод ваенных сіл не паведамляе.

Cаветнік міністра МУС Вадзім Дзенісенка паведаміў, што за содні былі зафіксаваны 393 абстрэлы Украіны, у тым ліку і па грамадзянскіх аб’ектах.

«Заявы расейцаў аб тым, што яны не страляюць па грамадзянскіх абʼектах, а толькі па ваенных – ілжывыя. На дадзены момант мы ўжо можам казаць, што разбураныя 6 пастоў і абстраляныя 32 грамадзянскія абʼекты войскамі РФ», – сказаў Вадзім Дзенісенка.

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвясціў аб пачатку вайсковай аперацыі на Данбасе, бо ад Украіны «сыходзіць пагроза». Дзяржаўная служба Украіны заяўляе, што былі здзейснены напады на 10 рэгіёнаў Украіны, у першую чаргу на ўсходзе і поўдні краіны. З-за ўварвання на ўсёй украінскай тэрыторыі адразу абʼявілі ваеннае становішча.

Абноўлена
Расея напала на Украіну. Першы дзень вайны
2022.02.24 06:49

АД, belsat.eu

Стужка навінаў