Расейцы ціснуць на паўночным усходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 514-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 22 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: visitukraine.today

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе краіны Збройныя сілы Украіны працягваюць трымаць абарону. Пры гэтым баі ідуць амаль па ўсёй лініі фронту на купянскім і ліманскім кірунках.

Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі пра няўдалыя наступальныя дзеянні праціўніка каля населеных пунктаў Надзея, Макееўка і Неўскае ў Луганскай вобласці, у Серабранскім лясніцтве, а таксама каля Дзібровы ў Данецкай вобласці.

Аналітыкі праекту Deepstate адзначаюць пэўныя поспехі войскаў РФ на захадзе ад сяла Кармазінаўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці. На гэтым участку яны намагаюцца пашырыць свой плацдарм за ракой Жарабец. Агулам асабліва цяжкая сітуацыя для ЗСУ фіксуецца па лініі населеных пунктаў Кармазінаўка – Новавадзяное.

Акрамя гэтага расейцы атакуюць на поўдні ад Масютаўкі, каля Навасёлаўскага, Сяргееўкі, Новаягораўкі і Макееўкі.

Бахмуцкі кірунак (аднайменны раённы цэнтр і ягоныя ваколіцы)

На паўночным фланзе Бахмуту ЗСУ атакавалі ў бок сяла Бярхоўка, але расейцы ўтрымалі свае пазіцыі.

У сваю чаргу войскі РФ адказалі контратакай у ваколіцах Арэхава-Васільеўкі, але таксама не дасягнулі поспеху.

Разам з тым украінскае камандаванне піша пра адбіццё атакі праціўніка каля Грыгораўкі. Імаверна, гаворка ідзе пра адны і тыя ж дзеянні, паколькі абодва населеныя пункты знаходзяцца побач.

Цяпер ідуць баі каля сяла Ягаднае (паўночна-заходнія ўскрайкі Бахмуту).

Аналітыка
Контрнаступ супраць контрнаступу. Як Расея спрабуе перахапіць ініцыятыву на фронце
2023.07.22 16:32

На поўдні ад Бахмуту працягваюцца цяжкія баі каля Кляшчэеўкі.

Deepstate лакалізуе іх на поўначы і захадзе ад сяла, а таксама пацвярджае прысутнасць ЗСУ ў самой Кляшчэеўцы.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што расейцы сядзяць у глухой абароне, паколькі ўкраінцы кантралююць пануючыя вышыні на захадзе ад сяла.

На поўдні ад Кляшчэеўкі Узброеныя сілы РФ контратакавалі каля сяла Андрэеўка, але поспеху не дасягнулі.

Агулам на бахмуцкім кірунку ЗСУ намагаюцца прарваць абарону праціўніка на флангах, каб у выніку атачыць раённы цэнтр.

Аўдзееўскі, мар’інскі і шахцёрскі кірункі (на поўначы, захадзе і поўдні ад Данецку)

У ваколіцах Данецку расейцы атакавалі каля Первамайскага, Краснагораўкі, Мар’інкі і Новаміхайлаўкі, але паўсюль Збройныя сілы Украіны змаглі ўтрымаць свае пазіцыі.

Бярдзянскі кірунак (на стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў)

На так званым урэмеўскім выступе працягваюцца баі за сяло Старамаёрскае. У Deepstate сцвярджаюць, што ЗСУ па-ранейшаму прысутнічаюць на паўночных ускрайках населенага пункту.

«Рыбарь» піша, што ўсе атакі ўкраінцаў цягам апошніх содняў былі адбітыя.

Таксама ўкраінцы наступалі на суседняе сяло Ураджайнае, але і тут расейцы ўтрымалі свае пазіцыі.

У сваю чаргу войскі РФ адзначыліся няўдалай контратакай у бок Благадатнага.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці)

На гэтым участку фронту асноўныя баявыя дзеянні працягваюцца на поўначы ад сяла Рабоціна. За содні ЗСУ правялі прынамсі тры атакі на гэты населены пункт з выкарыстаннем цяжкай тэхнікі, але ўсе яны былі адбітыя УС РФ.

Таксама ўкраінцы планавалі наступаць у ваколіцах Малой Такмачкі, але былі спыненыя падчас руху ў калоне.

Агулам на мелітопальскім кірунку назіраецца зніжэнне актыўнасці ўкраінскіх вайскоўцаў, якія цяпер засяродзіліся на знішчэнні жывой сілы, тэхнікі і складоў з боепрыпасамі праціўніка ў тылавых раёнах. Таксама ідуць спробы знішчэння расейскай лагістыкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў