Сілавікі прыйшлі ў кампаніі «21vek.by» і «Юркас»


Каля 15 гадзінаў 22 чэрвеня з’явіліся паведамленні аб тым, што ў офіс гандлёвай пляцоўкі «21vek.by» прыйшлі сілавікі. З якога ведамства і з якой прычыны, невядома. Супрацоўнікаў пачалі адпускаць дамоў толькі а палове на 20-ю. Затрымалі ўсіх заснавальнікаў «21vek.by».

Пункт самавывазу онлайн-крамы «21vek.by» у Менску.
Фота: 21vek.by

Паводле не пацверджаных афіцыйна звестак, супрацоўнікаў пакінулі без сувязі. Чытачы каналу блогера Антона Матолькі сцвярджаюць, што прыйшла падатковая інспекцыя, нібыта затрымалі начальніка службы бяспекі кампаніі, але з шараговымі супрацоўнікамі ўсё нармальна. Крыніцы «Нашай нівы» ж кажуць, прыйшоў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Пра «налёт» на «21vek.by» паведаміў таксама сузаснавальнік TUT.by Кірыл Валошын.

Паводле звестак Onliner.by, перакрытыя некалькі паверхаў будынку, у якім месціцца офіс кампаніі. Суразмоўца «Медиазона» сцвярджае, што шукаюць галоўнага бухгалтара кампаніі.

Абноўлена. Сузаснавальнік кампаніі «Трыявіст» Павел Матусевіч, якая валодае пляцоўкай, затрыманы, піша Kyky.org. А Onliner.by паведамляе, што заснавальніка кампаніі Сяргея Вайніловіча «забралі з загараднага дому», ён можа быць затрыманы.

Абноўлена. Шэраг крыніцаў паведамляе, што сілавікі прыйшлі таксама ў офіс буйнога вытворцы дзвярэй – кампаніі «Юркас». Крыніца Onliner.by сцвярджае, што невядомыя ў масках звезлі заснавальніка кампаніі Дзмітрыя Юркевіча.

Абноўлена. У Telegram-канале кампаніі «21vek.by» апублікавалі пост аб тым, што падрабязнасці сітуацыі невядомыя, але крама прымае замовы і робіць дастаўку своечасова.

Абноўлена. Пад ноч «21vek.by» паведаміў TUT.by, што затрыманыя ўсе тры заснавальнікі кампаніі: Сяргей Вайніловіч, Павел Матусевіч і Іван Плюгачаў. Іхны статус дакладна не вядомы, але «кіраўніцтва кампаніі супрацоўнічае са следствам». Ператрус ладзіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.

«21vek.by» – гандлёвая інтэрнэт-пляцоўка, якая працуе ўжо 16 гадоў. Кампанія прадае і дастаўляе тавары ад бытавой тэхнікі і электронікі да аўтамабільных дэталяў і касметыкі, уласных тавараў не вырабляе. Кампанію называюць найбуйнейшым гіпермаркетам Беларусі, долю на рынку ацэньваюць у 37%, за першы квартал году на пляцоўцы зрабілі амаль мільён пакупак.

АА belsat.eu

Стужка навінаў