На Міжнародны дзень роднай мовы, 21 лютага на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту прайшла традыцыйная «Беларуская дыктоўка» – арфаграфічны конкурс з узнагародамі за найменшую колькасць памылак.
26 чалавек пісалі дыктоўку «офлайн» – у адной з аўдыторыяў Варшаўскага ўніверсітэту. Таксама да дыктоўкі магла далучыцца праз інтэрнэт неабмежаваная колькасць людзей з любой краіны, ішла жывая трансляцыя.
Кіраўнік кафедры Радаслаў Калета перад дыктоўка адзначыў сімвалічны момант: у час конкурсу недалёка ад універсітэту выступаў з прамовай прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн, які не толькі падтрымлівае дэмакратыю, але і моўныя правы.
Дыктоўку мела чытаць прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету ў Нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык, але прыезд Байдэна пасля ягонага раптоўнага візіту ў Кіеў змяніў планы. У выніку дыктоўку чытала прафесарка Ніна Баршчэўская, якая ў 2009–14 і 2016–18 гадах была загадчыцай кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэту.
Тэкст дыктоўкі быў на аснове ўрыўку з раману Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Пасля заканчэння дыктоўкі гэты ўрывак апублікавалі на Facebook.
Дыктоўку чыталі некалькі разоў: спачатку цалкам, потым асобнымі сказамі, потым асобнымі часткамі сказаў. У канцы дыктоўкі на просьбу ўдзельнікаў паўтарылі асобны сказ.
Па выніках раздалі ўзнагароды і дыпломы тым, хто найлепш напісаў дыктоўку, першае месца заняла Таццяна Малашчанка.
Прафесарка Люблінскага ўніверсітэту Ядвіга Казлоўская-Дода прачытала лекцыю «Моўная карціна свету і выбар мовы» на прыкладах канцэпцыяў дому і талерантнасці – слоўнікавых азначэнняў гэтых словаў, лексікалагічных працаў пра іх, значэнні гэтых словаў у сучаснай беларускай мове: дом – не проста будынак, не хата, а талерантнасць і памяркоўнасць – не заўсёды адно і тое ж. Пасля лекцыі наведнікі падыскутавалі з прафесаркай пра тое, на якой мове думаюць і размаўляюць.
Конкурс ладзіла кафедра беларусістыкі супольна з Беларускім моладзевым хабам і Беларускім домам у Варшаве.
Прадстаўнік Моладзевага хабу Уладзіслаў Пісараў перад дыктоўкай казаў «Белсату»: імпрэза патрэбная, бо ў Польшчы цяпер вялікая колькасць беларусаў, якія вучаць новую для сябе мову, забываюць родную, ды і беларускую мову трэба «несці ў свет», каб на ёй з’яўляліся тыя ж пераклады серыялаў. Для ўдзельнікаў гэта не толькі магчымасць згадаць правілы, а і магчымасць пазнаёміцца:
«Сяброўку майго знаёмага нядаўна за беларускамоўны TikTok схапілі, – згадвае ён. – Гэта наша мова, як нас можна хапаць за нашую мову? Таму гэта таксама невялікі пратэст».
Прафесарка Баршчэўская, якая чытала дыктоўку, сказала «Белсату»: яна лічыць, што на дыктоўку ў Варшаўскі ўніверсітэт прыйшлі тыя, хто цэніць сваю родную мову, якія лічаць мову не толькі сродкам паказання думак, але і падмуркам нацыі, шляхам адчуць сябе беларусам ці беларускай. Да дыктоўкі ніхто не прымушае, а людзі адчуваць такую патрэбу: прыйсці, напісаць – і паказаць, што гэтая мова ім важная.
«У гэтым расейскамоўным моры менавіта беларуская мова адрознівае беларусаў ад расейцаў, – сказала Баршчэўская пра Беларусь. – Калі беларусы размаўляюць па-расейску, гэта спрыяе іх уніфікацыі з расейцамі».
«Ведаю гістарычныя абставіны, але таксама сённяшні рэжым, які ў Беларусі пануе, прычыняецца да таго, што людзі не ставяцца да свайго роднага з павагай, – працягнула прафесарка. – Трэба ведаць, што каб іншыя нас шанавалі, трэба саміх сябе шанаваць. А шанаваць сябе – гэта значыць шанаваць свае нацыянальныя каштоўнасці. І мова з’яўляецца адной з самых важных каштоўнасцяў».
Яна жадае беларусам зразумець, што кожная нацыя мае карані. З даўніны беларуская – а дакладней, старабеларуская – мова выконвала важныя функцыі ў беларускім грамадстве, і цяпер, лічыць прафесарка Баршчэўская, беларуская мова і беларускі народ мусяць «заняць пачэсны пасад» сярод іншых.
Алесь Наваборскі belsat.eu