«Ствараем новае стратэгічнае партнёрства». Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн знаходзіцца з візітам у Польшчы


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн знаходзіцца з візітам у Варшаве. Прайшлі перамовы з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам і ў складзе дэлегацыяў. Бяспека ў Еўропе і падтрымка Украіны – ключавыя тэмы, пра якія лідары казалі і за сталом перамоваў, і выступаючы перад жыхарамі Варшавы. Аб гэтым перадае PAP.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ля прэзідэнцкага палацу ў Варшаве, Польшча. 21 лютага 2023 года.
Фота: Evelyn Hockstein / Reuters / Forum

Паведамляецца, што 21 лютага ў двары прэзідэнцкага палацу ў Варшаве прайшла цырымонія афіцыйнага вітання з удзелам ганаровай варты. Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна сустрэў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Прайшлі перамовы прэзідэнтаў у фармаце «сам-на-сам» і перамовы ў складзе дэлегацыяў. Чакаецца, што ў 17:30 амерыканскі лідар выступіць з прамовай перад жыхарамі польскай сталіцы.

Бяспека ў Еўропе – галоўная тэма

Падчас перамоваў «сам-на-сам» Анджэй Дуда найперш падзякаваў Джо Байдэну за візіт ва Украіну, назваўшы гэта эфектным ходам, які падняў баявы дух украінцаў. Таксама польскі прэзідэнт адзначыў, што візіт прэзідэнта ЗША ў Польшчу зʼяўляецца важным знакам бяспекі і сігналам аб адказнасці ЗША за бяспеку свету і Еўропы, «Амерыка можа захаваць сусветны парадак».

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн ідзе разам з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам ля прэзідэнцкага палацу ў Варшаве, Польшча. 21 лютага 2023 года.
Фота: Evelyn Hockstein / Reuters / Forum

Апроч таго, Дуда падкрэсліў, што запланаваны выступ Байдэна з прамовай перад жыхарамі Варшавы – гэта адзнака ўнёску Польшчы ў пабудову бяспекі, і гэта важны сігнал інвестарам, што Польшча ў бяспецы.

Анджэй Дуда таксама заявіў, што старшынства Польшчы ў ЕЗ пройдзе пад знакам узмацнення трансатлантычных сувязяў.

У сваю чаргу, Джо Байдэн заявіў, што Польшча патрэбная ЗША, гэтак жа як і ЗША патрэбныя Польшчы; супольная падтрымка Украіне непахісная. Таксама, амерыканскі лідар падзякаваў Польшчы і палякам за дапамогу Украіне, «гэта было незвычайна». Адна з важнейшых сумесных мэтаў ЗША і Польшчы – бяспека ў Еўропе.

«Нашы сілы будуць знаходзіцца ў Польшчы. Зараз мы ствараем новае стратэгічнае партнёрства, маем намер будаваць новыя атамныя станцыі і павялічваць энергетычную бяспеку Польшчы на пакаленні», – заявіў Джо Байдэн.

Байдэн таксама падкрэсліў, што перад ЗША і саюзнікамі шмат выклікаў, «але я ўпэўнены, што мы іх пераадолеем».

Са студзеня 2022 года ЗША ўжо аказалі падтрымку Украіне на як мінімум 73 млрд еўра, абагнаўшы ЕЗ і яго найбуйнейшую эканоміку – Нямеччыну.

Людзі збіраюцца паслухаць прамову прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Варшава, Польшча. 21 лютага 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Тым часам ля прэзідэнцкага палацу яшчэ падчас перамоў двух лідараў пачалі збіраца людзі са сцягамі Польшчы, ЗША і Украіны каб паслухаць прамову прэзідэнта ЗША Джо Байдэна. Карэспандэнт «Белсату» паведамляе, што прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары маюць намер, выказаць словы падзякі за падтрымку іх краіны.

Джо Байдэн: «У Беларусі людзі змагаюцца за сваю свабоду»

у 17:30 паводле мясцовага часу амерыканскі прэзідэнт звярнуўся з прамовай да палітычнага істэблішменту Польшчы і жыхароў польскай сталіцы.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падчас візіту ў Варшаве, Польшча. 21 лютага 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн пачаў свой уступ са згадкі аб тым, што год таму свет сутыкнуўся з магчымасцю падзення Кіева, але «Кіеў стаіць горда і вольна». Па словах Байдэна, свет не адвядзе позірку ад Украіны, «мы моцныя і адзіныя». ЗША і саюзнікі будуць «абараняць нацыянальны суверэнітэт і дэмакратыю». Пуцін памыліўся, «замест фінляндызацыі NATO Пуцін атрымаў натанізацыю Фінляндыі», – сказаў амерыканскі лідар.

Паводле Байдэна, Пуцін сумняецца ў далейшай падтрымцы Украіны з боку ЗША і саюзнікаў, аднак гэтая падтрымка не паменшыцца.

«Апетытам аўтакрата трэба супрацьстаяць. Украіна ніколі не будзе перамогай Расеі», – заявіў прэзідэнт ЗША.

Байдэн таксама ўхваліў Польшчу і палякаў «за незвычайную шчодрасць», якую яны праявілі, прыняўшы бежанцаў «больш чым хто іншы».

Адносна планаў у вайне амерыканскі лідар адзначыў, што ЗША і Еўропа не маюць намеру «рабаваць Расею, і калі б Расея спыніла ўварванне ва Украіну, вайна б спынілася». Аднак саюзнікі і ЗША павінны зрабіць так, каб Украіна змагла абараняцца.

«Расея заплаціць за злачынствы; тыя, хто ўчыніў злачынствы, павінны быць пакараныя», – падкрэсліў Байдэн.

Падчас свайго выступу ў Варшаве прэзідэнт ЗША згадаў беларусаў, якія змагаюцца за сваю свабоду. «Самае галоўнае – ведаць, што ты адстойваеш, і ведаць, што цябе заўсёды падтрымаюць. Народ Польшчы гэта ведае. Вы ведаеце, што такое салідарнасць. Калі было Варшаўскае паўстанне, калі знішчаўся ваш цудоўны горад, калі вы жылі ва ўмовах прыгнёту. Калі вы даведаліся, што ў Беларусі людзі змагаюцца за сваю свабоду. Калі вы пачулі пра тое, што адбываецца ў Малдове, як там людзі жадаюць жыць вольна».

«Украіна нагадвае выявы Другой сусветнай вайны»

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда выступае перад гледачамі падчас візіту Джо Байдэна ў Варшаве, Польшча. 21 лютага 2023 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Перад выступам Байдэна з кароткім вітаннем да прысутных звярнуўся прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён адзначыў, што Украіна ў агні нагадвае выявы Другой сусветнай вайны. Расея зноў хоча стаць імперыяй і зняволіць народы, але «увесь вольны свет гэта не ўхваляе». Паводле Дуды, візіт прэзідэнта ЗША ва Украіну паказаў, што «вольны свет і яго лідар нічога не баяцца, што Украіна не адна і мае падтрымку самай магутнай арміі ў свеце».

Таксама прэзідэнт Польшчы падзякаваў ЗША, NATO і ўсім саюзнікам за ўмацаванне «нашай бяспекі», «жорсткая расейская ўпэўненасць будзе пакараная ва Украіне». «Украіна павінна перамагчы, таму мы падтрымліваем Украіну», – падкрэсліў Анджэй Дуда.

Напярэдадні Джо Байдэн наведаў Кіеў, адкуль прыбыў у Варшаву на аўтамабілі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў