Перад 24 лютага і цяпер. Як рэжым Лукашэнкі паўтарае адзін і той жа сцэнар эскалацыі


З 15 кастрычніка ў Беларусь прыбываюць эшалоны з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікаю. Тое ж адбывалася ў студзені – лютым, напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. І тады, і цяпер улады заяўляюць, што перакідванне расейскіх войскаў – гэта адказ на вонкавую пагрозу, што задачы групоўкі ў Беларусі выключна абарончыя. Belsat.eu разбіраецца, чым падобныя і чым розняцца паводзіны ўладаў у гэтых сітуацыях.

Узброеныя сілы Беларусі на вучэннях для ўзмацнення аховы дзяржаўнай мяжы. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Пастанова перакінуць расейскія войскі ў Беларусь

17 студзеня Лукашэнка абвесціў пра намер правесці пазапланавыя беларуска-расейскія вучэнні «Саюзная рашучасць – 2022», дзе б адпрацоўваліся пэўныя задумы ў супрацьстаянні з Польшчаю, краінамі Балтыі ды Украінаю. Беларускі бок апраўдвае неабходнасць гэтых вучэнняў «мілітарызацыяй» суседніх краінаў. Лукашэнка заяўляў, што Польшча і краіны Балтыі сканцэнтравалі ля беларускіх межаў 30 тысячаў вайскоўцаў, а Украіна – 10 тысячаў. «Асобныя гарачыя галовы ўжо адкрыта заклікаюць да вайны. Мы чуем гэтыя заявы», – адзначыў Лукашэнка і дадаў, што ў гэтай сітуацыі яны з Уладзімірам Пуціным пастанавілі правесці супольныя вучэнні.

10 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што падчас сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Санкт-Пецярбурзе яны дамовіліся разгарнуць рэгіянальную групоўку войскаў РФ і Беларусі «ў звязку з абвастрэннем на заходніх межах». Ён сцвярджаў, што NATO «адкрыта разглядае варыянты магчымай агрэсіі» супраць Беларусі, а Украіна «плануе нанесці ўдары па тэрыторыі Беларусі», і працэс адкрыцця другога фронту ўжо пайшоў. «Давядзіце прэзідэнту Украіны ды іншым вар’ятам, калі там яны яшчэ ёсць, што Крымскі мост ім здасца кветачкамі, калі толькі яны дакрануцца сваймі бруднымі рукамі хоць да аднаго метра нашай тэрыторыі», – заявіў Лукашэнка.

«Не нагнятаючы абстаноўку, хачу, каб вы разумелі: калі хочаш міру, трэба рыхтавацца да вайны», – падкрэсліў ён 10 кастрычніка. Аналагічную думку агучыў на нарадзе 4 кастрычніка.

Той жа выраз Лукашэнка неаднаразова паўтараў перад лютаўскім уварваннем ва Украіну: у прыватнасці падчас сустрэчы з вайскоўцамі 21 студзеня і падчас зварот да Нацыянальнага сходу 28 студзеня.

Тлумачэнне мэтаў расейскіх войскаў

І наконт вучэнняў «Саюзная рашучасць», і наконт разгортвання рэгіянальнай групоўкі войскаў рэжым казаў адно і тое ж: нібыта гэта цалкам абарончыя ініцыятывы, якія нікому не пагражаюць.

Пра вучэнні «Саюзная рашучасць»:

  • «Найперш нашыя захады скіраваныя на стрымліванне вайсковай актыўнасці Захаду». (Дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч, 17 лютага)
  • «Гэтае вучэнне мае выключна абарончы характар. Пасля заканчэння плануецца арганізаваны вывад усіх войскаў у пункты пастаяннай дыслакацыі». (Начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных сілаў Андрэй Некрашэвіч, 22 студзеня)
  • «Вучэнне мае выключна абарончы характар і не нясе ніякай пагрозы ні еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні суседнім краінам у прыватнасці». (Першы намеснік міністра абароны Беларусі, генерал-маёр Віктар Гулевіч, 27 студзеня)

Пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў:

  • «Задачы рэгіянальнай групоўкі войскаў выключна абарончыя. А ўсе захады, што робяцца цяпер, скіраваныя на адэкватнае рэагаванне на дзеянні паблізу нашых межаў». (Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін, 11 кастрычніка)
  • «Рэгіянальная групоўка войскаў Саюзнай дзяржавы – выключна абарончы праект». (Намеснік начальніка Генеральнага штабу Віктар Тумар, 14 кастрычніка)
  • «Гэта адзін з элементаў стрымлівання і астуджэнне галоваў нашых заходніх суседзяў». (Аляксандр Вальфовіч, 17 кастрычніка)
Аналітыка
Што вядома пра разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і РФ
2022.10.17 18:36

Колькасць расейскай групоўкі і лакацыі

У студзені – лютым расейскае і беларускае камандаванне сцвярджала, што колькасць удзельнікаў манеўраў «Саюзная рашучасць» не перавысіць параметраў, вызначаных Венскім дакументам 2011 года, то бок іх будзе не больш за 9 тысячаў. Насамрэч, паводле ацэнак NATO, у Беларусі былі сканцэнтраваныя каля 30 тысячаў расейскіх вайскоўцаў.

«Саюзная рашучасць» афіцыйна мелася праходзіць на пяці палігонах (тры на Берасцейшчыне, адзін на Магілёўшчыне і адзін на Гарадзеншчыне). Але з самога пачатку была заўважаная анамальная прысутнасць расейскіх сілаў у Гомельскай вобласці, дзе праводзіць вучэнні не планавалі. Як пазней высветлілася, там рыхтаваўся плацдарм для ўварвання ва Украіну.

Цяпер, у кастрычніку 2022 года, у Міністэрстве абароны Беларусі заяўляюць, што агульная колькасць расейскіх вайскоўцаў складзе да 9 тысячаў чалавек. Размясціць расейскія сілы плануюць на чатырох палігонах ва ўсходняй і цэнтральнай частках Беларусі, пасля чаго яны прыступяць да «баявога рыхтавання». Канкрэтных месцаў размяшчэння групоўкі афіцыйна не называюць, але «Беларускі Гаюн» мае інфармацыю пра размяшчэнне расейскіх вайскоўцаў на палігонах «Лосвіда» і «Лепельскі» на Віцебшчыне. У Гомельскай вобласці з’яўлення расейскіх вайскоўцаў пакуль не зафіксавалі.

Узброеныя сілы Беларусі на вучэннях для ўзмацнення аховы дзяржаўнай мяжы. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Праўда, цяпер у Мінабароны Беларусі падкрэсліваюць, што склад расейскай групоўкі, тэрміны і раёны разгортвання падраздзяленняў могуць удакладняцца. «Рэгіянальная групоўка войскаў сапраўды пачала засяроджвацца на тэрыторыі Беларусі. Паэтапнае, у няпоўным складзе яе размяшчэнне. У далейшым жыццё пакажа, у поўным маштабе яе разгарнуць ці не», – заявіў Вальфовіч 17 кастрычніка.

Абвінавачанні ў правакацыях на мяжы

Уварванню ва Украіну ў лютым 2022 года папярэднічалі некалькі інцыдэнтаў на беларуска-ўкраінскай мяжы, якую лукашэнкаўскія прапагандысты адразу абвесцілі «нахабнай агрэсіяй» і «свядомаю правакацыяй» афіцыйнага Кіева.

Напрыклад, яшчэ 4 снежня 2021 года афіцыйны Менск заявіў, што ўкраінскі верталёт Мі-8 нібыта парушыў беларускую мяжу ў раёне Новай Рудні. А ўжо падчас вучэнняў, 27 студзеня 2022 года, рэжым Лукашэнкі абвінаваціў Украіну, што яе «шпіёнскі беспілотнік» нібыта парушыў паветраную прастору Беларусі для выведкі над палігонам «Берасцейскі». Праўда, незалежныя медыі неўзабаве высветлілі, што на здымках, апублікаваных дзяржаўнаю прэсаю Беларусі, насамрэч быў паказаны расейскі беспілотнік «Арлан».

Тэма правакацыяў на мяжы з Украінаю гучыць і цяпер. Начальнік дэпартаменту міжнароднай вайсковай супрацы Валерый Равенка заявіў на брыфінгу 17 кастрычніка, што ўкраінцы на мяжы нібыта ладзяць «шматлікія правакацыі, у тым ліку з выкарыстаннем стралковай зброі», а таксама «пачасціліся выпадкі наўмыснага парушэння паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь з боку Украіны». Дзяржаўнае тэлебачанне таксама рэгулярна паўтарае, што «ваенізаваныя фармаванні» Украіны нібыта ўвесь час чыняць правакацыі на мяжы.

Узброеныя сілы Беларусі на вучэннях для ўзмацнення аховы дзяржаўнай мяжы. 17 кастрычніка 2022 года.
Фота: Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram

Праўда, цяпер, у адрозненне ад студзеня – лютага, ніхто не спасылаецца на канкрэтныя інцыдэнты: гаворка пра нейкія абстрактныя правакацыі.

Чаму цяпер яшчэ больш трывожна

Разам з тым, нельга не заўважыць шэрагу істотных адрозненняў у паводзінах рэжыму ў студзені – лютым і цяпер. Прычым гэтыя адрозненні датычаць крокаў улады, якія можна расцаніць як рыхтаванне да магчымага ўступлення ў вайну менавіта беларускай арміі.

1) Мабілізацыйныя захады. На нарадзе ў справе вайсковай бяспекі 4 кастрычніка Лукашэнка загадаў праверыць працу мабілізацыйнай сістэмы ды «акуратна прызваць» людзей у раёнах, каб удакладніць усе матэрыялы і спісы. Міністр абароны Віктар Хрэнін 7 кастрычніка заявіў, што ягонае ведамства пры неабходнасці здольнае выставіць рэсурс з 500 тысячаў ваеннаабавязаных. Цяпер беларусам па ўсёй краіне прыходзяць позвы ў ваенкаматы: спачатку іх выклікаюць для ўдакладнення звестак, але потым некаторых забіраюць на зборы. Некаторыя выданні ды аналітыкі называюць гэта «схаванаю мабілізацыяй».

Улады заяўляюць, што ўсе захады планавыя. Але ў студзені – лютым такой актыўнасці ў справе мабілізацыі ваенкаматы не праяўлялі, а Лукашэнка ды ягоныя генералы на гэтую тэму не выказваліся. Праўда, ужо пасля пачатку вайны, 1 сакавіка, Лукашэнка заяўляў пра сваю гатовасць цягам 2-3 содняў правесці мабілізацыю «паводле поўнага ваеннага часу» ў выпадку пагрозы Беларусі. Але ніякіх наступстваў, у тым ліку правярання мабілізацыйнай сістэмы, тыя словы за сабою не пацягнулі.

Аналітыка
Што такое рэжым КТА і чым гэта пагражае беларусам
2022.10.14 14:04

2) Канкрэтнасць пагрозаў. Разважанні пра вонкавую пагрозу ў студзені – лютым мела ў асноўным абстрактны характар: увага акцэнтавалася не столькі на міфічных планах Украіны або Захаду, колькі на самым факце наяўнасці ў суседніх краінаў войскаў каля беларускай мяжы.

Цяпер рэжым Лукашэнка агучвае больш канкрэтныя сцэнары: кажа пра «баевікоў» на тэрыторыі Украіны, якія нібыта збіраюцца захапіць райцэнтр і выкарыстоўваць яго як плацдарм для далейшага наступлення ў Беларусі. Часам сілавікі дадаюць яшчэ больш дэталяў, адзначаючы, што ўдар нібыта можа быць нанесены ў кірунку Маларыты ў лістападзе. Такім чынам, насельніцтва Беларусі рыхтуюць да цалкам канкрэтнага «casus belli».

Прычым такія сцэнары нападу на Беларусь агучваюць высокапастаўленыя сілавікі падчас асабістых сустрэчаў з калектывамі буйных прадпрыемстваў і дзяржаўных арганізацыяў. У гэтае агітацыйнай турнэ іх скіраваў асабіста Лукашэнка, што таксама сведчыць пра надзвычайнасць сітуацыі – інакш для апрацоўвання насельніцтва хапіла б БТ, «СБ» і каналу «Жёлтые сливы».

Разбор
Колькі войскаў у Лукашэнкі, і ці варта чакаць мабілізацыі?
2022.10.11 19:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў