Беларусы з ID-карткамі не могуць падацца на польскія візы. Ёсць рашэнне, але кепскае


Памылка ў Міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі (МСІ) прыводзіць да таго, што беларусы не могуць зарэгістравацца на падачу дакументаў у візавыя цэнтры Польшчы – «VFS Global». Калі гэта паправяць, невядома, але пакуль не паправілі, давядзецца звяртацца па візы ў прадстаўніцтвы іншых краінаў.

Мяркуючы з паведамленняў на форумах, беларусы з біяметрычнымі дакументамі ўжо каля месяца сутыкаюцца з праблемамі ў МСІ, ідэнтыфікацыя ад якой неабходная для падачы дакументаў на польскія візы. Выглядае, што ў апошні тыдзень праблемы сталі або часцейшымі, або пастаяннымі.

Візавыя цэнтры Польшчы ў Беларусі кампаніі «VFS Global» у канцы мінулага года ўвялі працэдуру ідэнтыфікацыі карыстальнікаў праз банкаўскія звесткі. Гэта зрабілі якраз каб змагацца з цяжкасцямі ў запісе на падачу дакументаў: «квіткі» на вольныя даты занадта хутка разбіралі не звычайныя людзі, а «візавыя пасярэднікі». Рашэнне крытыкавалі: улады маглі атрымаць звесткі МСІ пра тых, хто падаецца на гуманітарныя візы, і чыніць дадатковыя рэпрэсіі.

Цяпер выявілася, што МСІ мае праблемы з тым, каб выдаць верыфікацыйны код тым, хто мае не звычайны пашпарт, а біяметрычныя дакументы. А без гэтага коду асобы, маладзейшыя за 60 гадоў, не могуць запісацца на падачу дакументаў на польскую візу.

У кол-цэнтры «VFS Global» журналісту «Белсату» сказалі, што пра гэтую праблему чулі, але за яе не адказныя і самі не могуць спраўдзіць, ці прыйдзе код: параілі самастойна правяраць, ці прыйдзе код ад МСІ, бо памылку абяцалі прыбраць у бліжэйшы час.

«Візавыя пасярэднікі» ў гэтай сітуацыі не дапамогуць. У адной з кампаніяў, якая прапануе платнае «пасярэдніцтва» (ад 490 рублёў для візы «Poland.Business Harbour», а для іншых катэгорыяў яшчэ больш), «Белсату» расказалі, што незалежна ад таго, якая кампанія будзе запісваць на падачу дакументаў, для польскай візы будзе патрэбны код ад МСІ.

У кантакт-цэнтры МСІ «Белсату» сказалі, што праблема сапраўды ёсць: аўтарызацыя для ўладальнікаў ID-картак і біяметрычных пашпартоў немагчымая. Запэўнілі, што тэхнічныя спецыялісты працуюць над «аднаўленнем працаздольнасці» сістэмы.

Што рабіць?

Або атрымліваць не польскую, а нейкую іншую візу, або спрабаваць атрымаць код ад МСІ, чакаць і зноў спрабаваць (незразумела, ці праблема ўзнікае заўсёды, ці камусьці ўдаецца «прарвацца»). Памылку ў МСІ абяцалі калі-небудзь парамантаваць, але нават прыблізных тэрмінаў не называлі.

Прывязку да МСІ ўвялі менавіта для польскага візавага цэнтру. Калі не прынцыпова, каб віза была менавіта польская, а трэба проста кудысьці ў Еўразвяз, то можна падаць дакументы на візу іншай краіны. Раней «візавыя пасярэднікі» раілі ехаць у консульства Іспаніі ў Маскве, цяпер жа візавы цэнтр Іспаніі аднавіў працу ў Менску.

Можна спрабаваць і прадстаўніцтвы іншых краінаў: прынамсі раней беларусам раілі атрымліваць візы таксама ад Вугоршчыны, Грэцыі, Італіі, Нямеччыны, Францыі. Праблема ў тым, што не толькі Польшча, а яшчэ шэраг краінаў запісвае на падачу візаў праз «VFS Global», а праблема з МСІ і біяметрычнымі дакументамі – не адзіная ў сістэмах гэтай кампаніі. Беларусы сутыкаюцца з самымі рознымі памылкамі ў сістэмах «VFS Global», часам нават з некалькімі за адну спробу запісацца.

Калі патрэбны экстраны выезд з Беларусі праз палітычны пераслед, не трэба самастойна шукаць візу ў Польшчу, Літву ці Латвію: варта звярнуцца па кансультацыі на «гарачую лінію» фонду BYSOL (@help_bysol у Telegram), а там падкажуць, як дзейнічаць у канкрэтнай сітуацыі.

Калі ж чалавеку з біяметрычнымі дакументамі трэба менавіта польская віза і калі гэта не звязана з палітычным пераследам, застаецца толькі чакаць.

Зарэгістравацца на падачу дакументаў праз іншага чалавека, які мае не-біяметрычны дакумент, не выйдзе: праверку праз МСІ рабілі якраз для таго, каб староннія людзі не маглі запісацца замест таго, каму сапраўды патрэбная віза.

Агляд
Куды беларусы звярталіся па шэнгенскія візы і колькі адмоваў атрымалі. Статыстыка Еўракамісіі
2023.09.04 13:06

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў