Эксперт: Запіс на гуманітарную візу праз сістэму міжбанкаўскай ідэнтыфікацыі не ананімны


Запіс на гуманітарную візу з дапамогай Міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі (МСІ) – гэта ўласнаручнае інфармаванне ўладаў аб сваіх планах. Але пакуль невядома, да чаго гэта можа прывесці. Аб гэтым паведамляе «Зеркало». 

Польская нацыянальная віза.
Фота: Белсат

«Зеркало» апублікавала меркаванне эксперта па візавых справах Аляксандра. Ён адзначае, што з увядзеннем верыфікацыі «спрачацца аб тым, ці трапляюць дадзеныя заяўнікаў да дзяржаўных органаў, больш няма сэнсу».

«У МСІ ёсць 5-7 спосабаў верыфікацыі, але для запісу ў візавы цэнтр выкарыстоўваецца ідэнтыфікацыйны нумар і нумар тэлефона. Больш за тое, апошні дазваляе «бачыць» карыстальніка яшчэ і фізічна, мы ведаем, як лёгка гэта робіцца. Але не факт, што гэтая сітуацыя можа неяк нашкодзіць заяўнікам», – адзначае эксперт па візавых справах.

Тэхнічна цяпер запіс на атрыманне візы выглядае наступным чынам. Перш за ўсё трэба прайсці верыфікацыю на платформе МСІ. Там неабходна ўвесці асабісты нумар пашпарта і нумар тэлефона. На яго прыходзіць СМС з кодам, які трэба ўвесці на сайце МСІ. Пасля гэтага заяўнік атрымлівае такен (спецыяльны код). І вось яго трэба ўводзіць у анкету пры падачы дакументаў на сайце візавага цэнтру кампаніі «VFS Global», там ёсць асобнае поле.

Эксперт выказвае здзіўленне, што падобны механізм верыфікацыі выкарыстоўваецца і пры запісе на атрыманне гуманітарнай візы, бо «неабходнасць яе афармлення часта бывае вельмі вострай, і адносная ананімнасць павінна гарантавацца».

«Атрымліваецца, што чалавек фактычна ўласнаручна паведамляе кампетэнтным органам аб сваіх планах, бо ўлады змогуць бачыць факт рэгістрацыі, тып візы, дату, месца падачы. Але я б не стаў рабіць больш канкрэтных заяваў, бо пакуль гэта нельга праверыць. Што да анкеты, то яна не вельмі змястоўная. Усё, што там паказвае карыстальнік, і так ёсць у адпаведных структур», – адзначае кансультант па візавых справах.

Hавiны
Візавыя цэнтры Польшчы ў Беларусі будуць працаваць інакш. Што зменіцца?
2022.11.21 20:14

Нагадаем, што новыя правілы запісу на падачу дакументаў для атрымання польскай візы праз візавыя цэнтры кампаніі «VFS Global» пачалі дзейнічаць з 28 лістапада.

У прыватнасці, усім беларусам, старэйшым за 18 гадоў, цяпер трэба спачатку прайсці анлайн-верыфікацыю па асабістым ідэнтыфікацыйным нумары ў Міжбанкаўскай сістэме ідэнтыфікацыі. Толькі пасля гэтага можна запісацца на падачу дакументаў на сайце VFS, а ўжо пасля гэтага на пошту мусіць прыйсці ліст, што пацвярджае дату і час падачы дакументаў.

Каментар
Ці вырашацца праблемы беларусаў з польскімі візавымі цэнтрамі? Спыталі МЗС Польшчы
2022.09.15 17:17

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў