Ядравая зброя ў Беларусі – што рабіць беларусам і Захаду? Адмысловае выданне «Белсату»


Уладзімір Пуцін 16 чэрвеня заявіў, што расейская ядравая зброя ўжо ў Беларусі. Аляксандр Лукашэнка мяркуе, што можа карыстацца гэтай расейскай зброяй. Госці «Белсату» абмяркоўваюць тэму расейска-беларускіх стасункаў і ядравай зброі ў адмысловым выданні «Белсату».

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» пакуль не бачыла фактаў перамяшчэння ў Беларусь расейскай ядравай зброі. Полк імя Кастуся Каліноўскага заяўляе, што ўжо ведае месца, дзе тая зброя будзе захоўвацца.

У NATO ўжо абмеркавалі планы Расеі размясціць ядравую зброю ў Беларусі. Святлана Ціханоўская, абраная прэзідэнтка Беларусі, прапануе Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў вынесці пытанне размяшчэння ядравай зброі на паседжанне Рады бяспекі.

Госці адмысловага выдання «Белсату»: намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, прадстаўнік Кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі; намеснік кіраўніцы Кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка; прадстаўнік Аб’яднанага кабінету ў справах абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык; намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук; палітолаг Дзмітрый Балкунец; журналіст «Белсату» Сяргей Пеляса, які пытаў NATO пра ядравую зброю ў Беларусі.

Чаму рэакцыя Захаду стрыманая і чаму гэта кепска, тлумачыць Кавалеўскі

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, прадстаўнік Кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі бачыць стрыманую рэакцыю кіраўнікоў іншых дзяржаваў і ААН. Узровень трывогі не той, які хацелі б бачыць дэмакратычныя сілы Беларусі. Падыход «пажывём – пабачым» ён лічыць непрымальным і нядзейсным, бо сапраўды ёсць прынамсі рыхтаванне да размяшчэння ядравай зброі.

«Найперш, сапраўды дзяржавы думаюць, што гэта блеф. Яны думаюць, а ці варта падаграваць тэмпературу ў гэтай сітуацыі, калі гэта насамрэч можа быць проста інструментам ціску без нейкіх практычных дзеянняў на зямлі», – тлумачыць Кавалеўскі.

NATO, адзначае Кавалеўскі, не разглядае гэтай стратэгічнай змены ў парадыгме: ядравая зброя перасоўваецца на некалькі сотняў кіламетраў на захад, але не мяняе раскладу і балансу сілаў, а Захад усё яшчэ ўпэўнены ў сваёй сістэме бяспекі.  

Валер Кавалеўскі падчас брыфінгу ў Кіеве, Украіна. 18 кастрычніка 2022 года.
Фота: Media Center Ukraine

Лукашэнка і Пуцін, на думку Кавалеўскага, паводзяцца як неадэкватныя людзі, але гэта «папулярная мадэль дыктатарскіх паводзінаў». Кавалеўскі нядаўна вярнуўся з Кіева, там ён абмяркоўваў пытанне ядравай зброі з дыпламатамі і экспертамі. Іхная рэакцыя такая ж, якую публікуюць у афіцыйных крыніцах: «Калі хочуць паварушыць вусамі, хай паварушаць».

Пры тым Беларусь сапраўды робіцца мішэнню да ўдару ў адказ, насуперак волі беларусаў, падкрэслівае Кавалеўскі, а Расея можа выкарыстаць размяшчэнне ядравай зброі для размяшчэння новых сілаў у Беларусь. Адбываецца, кажа ён, «інструменталізацыя» Беларусі Крамлём. На думку Кавалеўскага, у інтарэсах міжнароднай супольнасці не дазволіць выкарыстаць Беларусь у гэткіх злачынных мэтах. 

Гэта агрэсія супраць Беларусі, упэўнены Латушка

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка кажа, што трэба вельмі ўважліва ставіцца да заяваў пра размяшчэнне ядравай зброі: нават калі зброі яшчэ не прывезлі, наўрад ці заўтра скажуць, што пажартавалі. Беларусы, падкрэслівае ён, неаднаразова выказваліся супраць ядравай зброі на сваёй тэрыторыі, у тым ліку ў міжнародных дамовах. Лукашэнка ж не ёсць легітымным кіраўніком дзяржавы, а тэрыторыя Беларусі была выкарыстаная для агрэсіі супраць Украіны незаконна.

«З гэтага мы разумеем, што ў нас ёсць таксама права на самаабарону, якое вынікае са статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, – адзначае Латушка. – Мы лічым, што мы маем права абараніць свой суверэнітэт і незалежнасць усімі сродкамі, якія мы можам скарыстаць».

У гэтай сітуацыі ён заклікае разумець, што размяшчэнне ядравай зброі адбылося супраць волі беларусаў, што гэта парушэнне Расеяй суверэнітэту Беларусі, што рэжым Лукашэнкі разам з Пуціным парушае дамову аб нераспаўсюдзе ядравай зброі, што Захад даваў Беларусі гарантыі ў межах Будапэшцкага мемарандуму.

Павел Латушка. Варшава, Польша. 8 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

Латушка прапануе разглядаць сітуацыю як агрэсію супраць Беларусі. Таму ён заклікае звяртацца да замежных партнёраў, цяперашняя пазіцыя якіх яго здзіўляе:  Злучаныя Штаты і Еўразвяз, кажа Латушка, не ўлічваюць рызыкаў і пагрозаў беларускаму народу. Калі Захад не адрэагуе жорстка і не дапаможа беларусам усімі шляхамі, у тым ліку вайскова-палітычным, гэта будзе выглядаць як «мы не хочам ствараць занепакоенасці ў нашых грамадствах, а што там у Беларусі, гэта другая ці трэцяя справа».

Але Лукашэнка, мяркуе Латушка, зрабіў сваю самую вялікую памылку за ўвесь час ва ўладзе: з размахваннем расейскай ядравай зброяй Лукашэнка робіцца «цэллю № 1» для шмат якіх краінаў. І для Пуціна Лукашэнка выканаў усё, што трэба: Крэмль можа лёгка знайсці падставу змяніць кіраўніка Беларусі і ўвесці яшчэ больш сваіх войскаў, калі Лукашэнка не будзе выконваць нейкага пажадання расейскага кіраўніцтва.

NATO можа лічыць гэта блефам, а сваю абарону бачыць надзейнай, расказвае Пеляса

Журналіст «Белсату» Сяргей Пеляса бачыць, як беларусам дзіўна чытаць, што ў NATO «не заўважаюць» ядравай зброі ў Беларусі – можа, яе там і няма? Прапаганда і кіраўніцтва Беларусі і Расеі не паказвае ніякіх доказаў, а толькі робяць заявы. Ён не выключае, што заявы Пуціна і Лукашэнкі – блеф.

Сяргей Пеляса.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

«Пытанне перакідвання расейскай ядравай зброі ў Беларусь гучала на спатканні міністраў абароны NATO некалькі разоў, – згадвае Пеляса. – Па-першае, я падняў гэтае пытанне ў першы дзень, задаў гэтае пытанне генеральнаму сакратару Альянсу.

Затым я запытаў пра гэта аднаго з высокіх прадстаўнікоў NATO на закрытым спатканні «off the record» [«не пад запіс» – заўв. «Белсат»]. І вось, на закрытым спатканні я пачуў такую версію – гэта была асоба, вельмі набліжаная да генеральнага сакратара, такога сціслага кіраўніцтва Альянсу. Ён заявіў, што мы не каментуем усіх заяваў, бо гэта мела б адваротны бок. І Пуцін сваімі заявамі, сваёй рыторыкай спрабуе выклікаць хаос, ён шмат пра гэта гаворыць. І мы не будзем адказваць ударам на ўдар у сэнсе вербальным – яны не будуць адказваць рыторыкай на рыторыку».

«Мы ўпэўненыя ў тым, гэта ягоныя словы, што ў нас ёсць адпаведныя магчымасці і надзейны ўзровень абароны. І мы выкарыстаем іх, калі будзе неабходна. І гэта тое, што расейцам трэба разумець», – пераказвае Пеляса словы прадстаўніка NATO.

Чаму б не перакінуць дадатковыя сродкі супрацьракетнай абароны накшталт «Patriot» у Літву ці Польшчу? Бо заявы Лукашэнкі і Пуціна лічаць «толькі рыторыкай», а наяўны ўзровень абароны лічаць надзейным і дастатковым, тлумачыць Пеляса пазіцыю NATO. Генеральны сакратар Альянсу таксама казаў, што NATO бачыць пэўнае рыхтаванне да размяшчэння ядравай зброі ў Беларусі і што праблему абмяркоўвалі ў закрытай групе, прысвечанай ядраваму планаванню.

Нават калі зброі яшчэ няма ў Беларусі, эскалацыя можа быць хуткай, засцерагае Сахашчык

Прадстаўнік Аб’яднанага кабінету ў справах абароны і нацыянальнай бяспекі Валер Сахашчык не здзівіўся заяве Пуціна пра тое, што ядравая зброя ўжо ў Беларусі. Ён не думае, што гэта праўда, і сумняецца, што зброю наогул прывязуць. Але ўпэўнены, што Лукашэнку і Пуціну трэба «запалохаць увесь свет», каб з імі селі за стол перамоваў – і гэта пакуль не працуе.

Валер Сахашчык на прэс-канферэнцыі ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі. Варшава, Польшча. 12 снежня 2022.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Лукашэнка і Пуцін могуць пайсці на наступныя крокі, нават скарыстаць ядравую зброю супраць Украіны, калі тая пачне занадта паспяхова наступаць у вайне, мяркуе Сахашчык. Пасля падрыву Кахоўскай гідраэлектрастанцыі ўсім вядома, што Пуцін ні перад чым не спыніцца, а Пуцін можа проста цяпер прадчуваць значны ўдар Украіны.

«Калі гэта будзе зробленае, то, я так разумею, напэўна, гэта будзе зробленае па нейкіх цэнтрах прыняцця рашэнняў так званых, ну і па, можа быць, па лагістычных цэнтрах як на тэрыторыі Украіны, так і, можа быць, на тэрыторыі еўрапейскіх дзяржаваў», – разважае Сахашчык пра магчымы ядравы ўдар з тэрыторыі Беларусі.

Дэмакратычным сілам, мяркуе ён, варта «біць ва ўсе званы»: хоць ядравай зброі яшчэ можа не быць на тэрыторыі Беларусі, «усё можа пайсці вельмі хутка», часу на рэакцыю тады не застанецца. Сахашчык падтрымлівае прапанову Ціханоўскай вынесці пытанне на Раду бяспекі ААН і пагаджаецца, што стрыманая рэакцыя Захаду выкліканая ўпэўненасцю ва ўласнай абароне.

Для Захаду няма розніцы, будзе старт ракетаў з Калінінградскай вобласці Расеі – або з Гарадзенскай вобласці Беларусі. Ёсць упэўненасць, што ракеты змогуць збіць яшчэ над гэтымі тэрыторыямі. Але ж для насельніцтва Беларусі ёсць розніца, над якой дзяржавай будуць збіваць ядравыя ракеты, падкрэслівае Сахашчык. Беларускія вайскоўцы ў лукашэнкаўскай арміі, упэўнены ён, супраць размяшчэння ядравай зброі, як і большасць насельніцтва.

Ці пойдзе зараз полк Каліноўскага вызваляць Беларусь? Адказвае Кабанчук

Кабанчук мяркуе, што час ікс даўно прыйшоў, а скідаць рэжым Лукашэнкі трэба было «яшчэ ўчора». Але цяпер Украіна задзейнічала ўсе свае сілы на ўсходнім і паўднёвым напрамках наступу, таму не выпадае разважаць, што маглі б зрабіць беларускія добраахвотнікі для Беларусі.

«Адной з перадумоваў паспяховай аперацыі па дэакупацыі Беларусі ёсць мілітарны разгром Расейскай Федэрацыі, – тлумачыць Кабанчук. – Пакуль што мы гэтага не назіраем».

Ваяры палка Каліноўскага «ніяк не ўспрынялі» заявы Пуціна пра размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі, бо проста «працягваюць сваю працу». Расея казала, што нападзе на Украіну – і напала. Кажа, што будзе наносіць ядравыя ўдары – значыць, будзе. І раней Расея цалкам магла б нанесці ядравы ўдар з самалётаў – з паветранай прасторы Беларусі. Збройныя сілы Украіны незалежна ад гэтага будуць выконваць сваю працу. Дый многія эксперты, заўважае Кабанчук, лічаць, што Расея робіць «эскалацыю дзеля эскалацыі» і спрабуе проста запалохаць Захад і Украіну, каб тыя пайшлі на перамовы і капітуляцыю.

Вадзім Кабанчук. Кіеўская вобласць, Украіна. 23 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

З’яўленне расейскай базы з ядравай зброяй і дадатковых расейскіх сілаў у Беларусі Кабанчук не ўважае за перашкоду: калі такая база з’явіцца, там будуць вайскоўцы, «абсалютна не падрыхтаваныя да вядзення баявых дзеянняў», хіба рота ці батальён аховы. Калі ж гэтыя сілы выкарыстаюць ядравую зброю, то ў адказ будуць знішчаныя Узброеныя сілы Беларусі і расейскія вайскоўцы на тэрыторыі Беларусі, што, у сваю чаргу, толькі паскорыць вызваленне краіны.

Але ж Беларусь стала на крок бліжэй да трагічнага сцэнару, канстатуе Кабанчук. І гэта разумеюць «усе адэкватныя людзі», упэўнены ён.

Пуцін наўрад ці будзе пытаць Лукашэнку, ці можна яму скарыстаць ядравую зброю, мяркуе Балкунец

Палітолаг Дзмітрый Балкунец кажа, што з’яўленне ядравай зброі ў Беларусі – толькі пытанне часу. У чэрвені ці ліпені, гэта ўжо нязначна, бо відавочна, што Пуцін цярпіць паразу ў вайне ва Украіне і падвышае стаўкі, каб ціснуць на Украіну і Захад. Лукашэнка з усмешкай і радасцю распавядае, як можа загадаць бамбіць гарады з мільённым насельніцтвам, хоць у адказ на гэта могуць знішчыць яго і ягоных блізкіх, адзначае палітолаг.

«У яго ў галаве, можа быць, склаліся сітуацыі, пры якіх ён напраўду можа гэта скарыстаць, – кажа Балкунец пра Лукашэнку і ядравую зброю. – Я не выключаю, што яны з Пуціным абмяркоўвалі варыянт выкарыстання ядравай зброі з тэрыторыі Беларусі, але рукамі Лукашэнкі».

Такі сцэнар, прызнае Балкунец, выглядае «абсалютна нерэалістычным», але таксама нерэалістычным выглядаў сцэнар поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну – а гэта адбылося. У Пуціна цяпер «няма тармазоў» для выкарыстання ядравай зброі, засцерагае палітолаг. А ў тым жа нападзе на Украіну ад Лукашэнкі «нічога не залежала».

Палітолаг Дзмітрый Балкунец у варшаўскай студыі «Белсату», Польшча. 24 студзень 2023 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Да таго ж, ядравая зброя з Беларусі можа «непадкантрольна перамясціцца» ў трэція краіны або стаць прадметам шантажу дзеля зняцця санкцыяў з рэжыму Лукашэнкі, адзначае Балкунец. Але і Захад яшчэ мае чым націснуць на Лукашэнку: можа ўвесці поўнае гандлёвае эмбарга, перакрыць усю транспартную камунікацыю.

У гэтай сітуацыі гарантам Будапэшцкага мемарандуму – Злучаным Штатам і Злучанаму Каралеўству – трэба склікаць міжнародны саміт з удзелам дэмакратычных сілаў Беларусі. Балкунец нагадвае, што апазіцыянеры Валерый Цапкала і Андрэй Саннікаў бралі ўдзел у рыхтаванні Будапэшцкага мемарандуму, таму «валодаюць тэмай», таксама варта запрасіць і іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.

І беларуская дыяспара можа паўплываць на сітуацыю, дадае Балкунец: патрабаваць ад урадаў сваіх дзяржаваў больш прынцыповых захадаў супраць рэжыму Лукашэнкі, бо апошнія пакеты санкцыяў былі ўведзеныя больш за год таму.


Што яшчэ пачытаць пра ядравую зброю

Каментар
Ядравая зброя ўжо ў Беларусі: шантаж ці рэальная небяспека?
2023.06.17 00:04
Каментар
«Галоўнае для іх – абвесціць». Заяву Пуціна пра завоз ядравай зброі ў Беларусь узялі пад сумнеў
2023.06.16 23:45
Hавiны
Эксперт UNIDIR: Ядравая зброя можа не з’явіцца ў Беларусі, але спыніць яе завоз складана
2023.06.15 22:45
Аналітыка
Лукашэнка прыгразіў знішчыць мільён чалавек. Тлумачым, чаму, хутчэй за ўсё, гэта блеф
2023.06.14 19:42
Каментар
«Мы папярэдзілі пра сур’ёзныя наступствы». Амбасадарка ЗША пра ядравыя пагрозы Лукашэнкі
2023.06.14 14:50
Каментар
Палітолаг Магда: Пуцін робіць з беларусаў мішэнь і закладнікаў ядравай пагрозы
2023.05.27 08:50
Каментар
Аляксандр Класкоўскі: Хто ім перашкодзіць лупянуць з Беларусі і зваліць усё на Лукашэнку?..
2023.05.26 16:35
Каментар
Расея адштурхнула ад сябе Кітай і Казахстан рашэннем пра ядравую зброю ў Беларусі, – палітолаг Турарбекава
2023.05.03 14:35
Тэст
Што рабіць у выпадку радыяцыйнай пагрозы? Тэст
2023.04.26 17:34

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў