Цэны рэгулююцца, але ўсё адно растуць. Чаму ў Беларусі зноў павялічылася інфляцыя


У Беларусі ў снежні 2022 года зноў пачалі расці цэны, якія зніжаліся папярэднія два месяцы. Пра тое, як наагул змяняліся цэны і што даражэла найбольш, а таксама чаго чакаць надалей, чытайце ў новым матэрыяле карэспандэнтаў «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Рэгуляванне коштаў працягвае памяншаць інфляцыю ў Беларусі, заявіла 11 студзеня начальніца ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання МАРГ Наталля Мельнікава. Паводле яе, у другой палове 2022 года прычынамі замаруджвання росту цэнаў у Беларусі сталіся ўмераная інфляцыя ў Расеі, умацаванне беларускага рубля і аднаўленне цэнаў на сыравіну на сусветных рынках. Але, сказала чыноўніца, інфляцыя «зніжаецца ўсё ж такі з прычыны таго, што ў нас дзеіць 713-ая пастанова» аб рэгуляванні цэнаў.

Тым не менш, як кажа статыстыка, цэны ў Беларусі ўсё ж растуць.

Дэфляцыі канец?

У кастрычніку і лістападзе мінулага года, паводле інфармацыі Белстату, цэны ў Беларусі сапраўды зніжаліся (на 1 % і 1,1 % адпаведна). Але ў снежні іх рост зноў аднавіўся – за апошні месяц 2022 года інфляцыя ў Беларусі склала 0,4 %.

Найбольш у снежні падаражэлі паслугі – на 1,1 %. Харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 0,7 %, нехарчовыя патаннелі на 0,4 %.

Больш за ўсё за апошні месяц 2022 года выраслі кошты на свежыя агуркі (на 43,48 %), а таксама на памідоры (на 17,36 %) і вінаград (на 15,27 %). Апроч таго, паслугі страхавання легкавога аўтатранспарту сталі даражэйшымі на 14,57 %, а грушы – на 11,62 %.

Сярод тавараў, якія патаннелі, лідарства ў снежні ўтрымліваў салодкі перац – ён патаннеў на 6,64 %. Цэны на грэчку знізіліся на 5,78 %, на сантэхнічную арматуру – на 5,5 %, на музычныя цэнтры – на 4,47 %, на боты ці чаравікі на футры – на 4,13 %.

У параўнанні з пачаткам 2022 года інфляцыя таксама нязначна паскорылася. Калі ў лістападзе яна склала 12,4 %, то ў снежні – 12,8 % пры прагнозных 6 % за год. У тым ліку харчаванне падаражэла на 13,8 %, нехарчовыя тавары – на 13,7 %, а паслугі – на 10 %.

За мінулы год выраслі індэксы спажывецкіх цэнаў больш як на 500 пазіцыяў, што ўлічвае Белстат. Наймацней падаражэлі цукар (на 50,17 %), бананы (на 49,19 %) і цытрусавыя (на 47,03 %). На шампунь кошты выраслі на 42,99 %, на маторную аліву – на 41,44 %, на салодкі перац – на 41,05 %, на дэзадарант – на 39,12 %, на падгузнікі і гігіенічныя пакеты – на 37,92 %, на мыйныя сродкі для аўтамабіляў – на 37,5 %.

А вось знізіліся за год кошты толькі прыкладна на 30 пазіцыяў. У тым ліку на капусту – на 57,59 %, на буракі – на 34,92 %, на бульбу – на 29,84 %, на моркву – на 24,13 %, на часнык – на 11,78 %, на вінаград – на 8,97 %, на цыбулю – на 6,14 %.

Рэгуляваць не значыць замарозіць

Такім чынам, калі ў кастрычніку і лістападзе ў Беларусі назіралася дэфляцыя, то цяпер адбываецца пэўны рост коштаў. У каментары «Белсату» старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна адзначыла, што ў снежні магло назірацца пэўнае прыстасаванне беларускага гандлю да новых правілаў:

«У кастрычніку была проста забарона на любое павышэнне коштаў, а ў лістападзе ўжо з’явілася пастанова пра іх рэгуляванне. І яна не азначае, што цэны зусім не будуць расці. Яна азначае іх жорсткае рэгуляванне».

Эканамістка падкрэсліла: сярод тавараў у снежні выраслі перадусім цэны на харчы, якія больш хутка псуюцца ў параўнанні з нехарчовымі таварамі і не могуць доўга ляжаць на складах.

«Хутчэй за ўсё, у гандлёвых сетках ёсць пэўныя запасы тавараў, якія можна прадаваць цягам некалькіх месяцаў. Што датычыць харчоў, то сітуацыя іншая. Трэба, каб увесь час ішлі пастаўкі. І вось яны ўжо ішлі паводле новых правілаў», – падкрэсліла экспертка.

Асабліва падаражэнне датычыць тых прадуктаў, якія пастаўляюцца з-за мяжы і кошт якіх залежыць ад кантракту. Таксама маглі накладацца сезонныя фактары. У выніку нават ва ўмовах жорсткага рэгулявання была магчымасць павысіць цэны на пэўныя тавары, адзначыла Настасся Лузгіна.

Таксама, паводле пастановы, рост цэнаў магчымы пад уздзеяннем дзяржаўных органаў, напрыклад, праз павелічэнне падаткаў.

«Тое, што ўвялі рэгуляванне, не значыць, што цэны замарозілі. Усё адно яны растуць, але пакуль больш павольнымі тэмпамі, чымся да кастрычніка», – дадала эканамістка.

Пры гэтым Лузгіна падкрэсліла: у сусветнай эканоміцы таксама назіраецца запавольванне росту цэнаў, што ўплывае і на ўнутрыбеларускую сітуацыю. Гэтыя эфекты назіраліся б нават без увядзення жорсткага рэгулявання, хоць і не так істотна.

У любым разе, заключыла Настасся Лузгіна, нават у такой сітуацыі цэны будуць працягваць расці, асабліва гэта датычыць зімовага падаражэння садавіны і гародніны.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў