Як «палітычным» шукаць адваката ў Беларусі?


Колькасць палітычных справаў у Беларусі не змяншаецца, у адрозненне ад колькасці адвакатаў. Як у гэтай сітуацыі знайсці абаронцу сваім родным, ды ці трэба іх наогул шукаць, мы спыталі ў родных палітвязняў, праваабаронцаў і саміх адвакатаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Кацярына Андрэева і Дар’я Чульцова са сваімі адвакатамі перад судовым паседжаннем у Менску. 9 лютага 2021 года.

Раней кожны актывіст ведаў: затрымалі – звяртайся ў праваабарончы цэнтр «Вясна». Там дакладна дапамогуць з абаронаю ў судзе, напісаннем скаргаў, выплатай штрафаў і проста парадамі. Цяпер, пасля лета 2020 года, калі махавік рэпрэсіяў раскручаны напоўніцу, ціск на праваабаронцаў узмацніўся, прайшла хваля затрыманняў, ператрусаў, што прывяло да ліквідацыі праваабарончых офісаў, пытанне, як шукаць дапамогі, зрабілася яшчэ вастрэйшае.

Паводле інфармацыі праекту «Право на защиту», на гэты момант 102 адвакаты ў Беларусі пазбаўленыя права на прафесію, 8 – застаюцца за кратамі. У красавіку аднаму з іх прысудзілі 10 гадоў зняволення. Аляксандр Данілевіч быў абаронцам спартоўцаў Аляксандры Герасімені і Аляксандра Апейкіна, якіх завочна засудзілі на 12 гадоў калоніі. Абвінаваўцы сцвярджалі, што Данілевіч дапамагаў сваім кліентам «шляхам дачы юрыдычных парадаў у галіне міжнароднага спартовага права».

Адвакаты, якія яшчэ засталіся ў Беларусі, не вельмі ахвотна бяруцца за палітычныя справы. Таму, са словаў родных і блізкіх палітвязняў, за тэрмін адбывання пакарання ў чалавека можа змяніцца такое мноства абаронцаў, што нават сам абвінавачаны не паспявае ўсіх пабачыць. То бок, наняты адвакат можа не паспець даехаць да кліента, а яго ўжо пазбавілі ліцэнзіі.

«Ці можна палітычным шукаць адвакатаў? Цяжка. Дакладней, усё цяжэй і цяжэй, бо адвакаты вельмі запалоханыя і баяцца пазбаўлення права на працу. Таму раім звяртацца ў праваабарончыя арганізацыі онлайн. Да нас, напрыклад», – кажа Анастасія Васільчук, працаўніца праваабарончага цэнтру «Вясна».

Дый ці патрэбны ўвогуле адвакат у краіне беззаконня? Калі справа датычыць адміністратыўнага арышту, на гэты момант, сапраўды, няма сэнсу ў якой-небудзь абароне: чалавека ўсё роўна асудзяць, дадуць столькі содняў, на колькі будзе настрой у суддзі, напрыклад, дый з адвакатам, хутчэй за ўсё, паразмаўляць нармальна не атрымаецца.

Іншая рэч – крымінальная адказнасць. Па-першае, найчасцей цяпер толькі ад адваката можна даведацца пра перавод падсуднага або ўжо асуджанага. Па-другое, часта адзіная камунікацыя палітвязняў з вонкавым светам адбываецца менавіта праз абаронцу. Лісты забароненыя, пра спатканні людзі нават перасталі марыць. Ну, і па-трэцяе, нехта ж мусіць рабіць непасрэдную працу адваката: удзельнічаць у судовым працэсе, абскарджаваць прысуд.

Пачаць пошукі абаронцы дасведчаныя людзі раяць з размоваў з роднымі і блізкімі іншых палітвязняў.

«Мне дапамагаюць сябры, бо сама не ведаю, дзе шукаць абаронцу. Адчуванне, што яны ўсе скончыліся», – распавяла «Белсату» жонка аднаго з палітвязняў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Васіль Фядосенка / Reuters / Forum

«Калі вельмі тэрмінова патрэбны чалавек, варта ісці ў юрыдычную кансультацыю і прасіць праз канцылярыю прапанаваць вам адваката. Я б нават не цуралася цяпер дзяжурных абаронцаў, бо варыянтаў няма. Зразумела, што ад такога адваката чакаць нейкай важнай інфармацыі не выпадае ні з якога боку. Але ў цяперашніх абставінах нашыя патрабаванні да іх значна знізіліся: каб хаця б з’ездзіў у калонію і даведаўся, што чалавек жывы», – раіць жонка іншага палітвязня.

«Я шукала ў адвакацкіх канторах. Проста званіла і тлумачыла, што адбылося. Падпісалі дамову. Будзе відаць далей, што за адвакат. Спадзеваў на яго шмат не маю, бо нават не дае інфармацыі наконт далейшага развіцця падзеяў, артыкулаў, што пагражаюць сыну. Але, думаю, без адваката ўсё роўна горш было б», – агучвае яшчэ адну думку маці затрыманага.

Такой жа думкі прытрымліваецца і адвакат, якому давялося тэрмінова пакінуць Беларусь:

«Трэба разумець, што гэта за справа, ці першае гэта затрыманне, наколькі публічны абвінавачаны. Калі гэта, умоўна, не Сяргей Ціханоўскі ці Паша Белавус, дык шанцы знайсці адваката падскокваюць.

Цяжка цяпер даць канкрэтную інструкцыю дзеянняў у гэтым пошуку, бо поспех залежыць ад канкрэтнага выпадку. Калі чалавек моцна не «свяціўся», то ёсць яшчэ тыя калегі, якія возьмуцца за справу.

Па іхныя кантакты можна звяртацца да «BYSOI», у Беларускі Хельсінкскі камітэт і ў ПЦ «Вясна». Калі ж асоба публічная, мае сэнс звязвацца з тымі адвакатамі, якія ўжо абараняюць іншых вядомых палітвязняў. Трэці варыянт – ісці ў адвакацкую калегію і прасіць іх прызначыць абаронцу. Далей у нас ёсць ідэя стварыць прыладу, якая дапамагала б у такім пошуку, бо, сапраўды, цяпер усе разгубленыя, а праблема існуе».

А таксама па парады ў актуальных пытаннях можна звяртацца ў тэлеграм-канал, на які падпісаныя сваякі, родныя і блізкія асуджаных, валанцёры. Там можна даведацца актуальную інфармацыю пра перадачы, перавод грошай, змены ў правілах калоніяў, актуальныя кантакты адвакатаў і шмат чаго іншага.

На жаль, нават калі адваката знайшлі, не варта моцна спадзявацца на пазітыўны вырак у судовай справе. Бо цяпер функцыі адваката больш не ў тым, каб абараніць, а хутчэй – падтрымліваць камунікацыю з вязнямі.

Марыя Голдстэйн belsat.eu 

Стужка навінаў