«Нашыя дзяўчаткі змяняюць жаночыя турмы». Ганна Канавалава – пра 2,5 года пасля прысуду дачцэ


12 сакавіка ў Варшаве прайшла акцыя падтрымання беларускіх жанчын-палітвязняў: у Беларусі на сёння іх больш за 190, а за перыяд з 2020 да 2023 года паводле палітычных справаў былі асуджаныя 560 жанчын – гэта і тыя, што паспелі з’ехаць, і тыя, што ўжо выйшлі на волю.

Ганна Канавалава з унукамі Ванем і Насцяй падчас акцыі падтрымання беларускіх жанчын-палітвязняў у Варшаве. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На акцыі выступіла Ганна Канавалава, унукі якой не бачылі сваіх бацькоў два з паловай гады: і маці, і бацька цяпер у няволі. У размове з «Белсатам» жанчына кажа, што за гэты час дзеці ўжо пайшлі ў школу.

«Ваню восем гадоў, ён у другім класе, Насці – шэсць, яна пайшла ў першы клас. У школе да іх ставяцца як да ўсіх, ніхто не вылучае, – распавядае Ганна Канавалава. – Дзеці камунікабельныя, актыўныя, ім у школе падабаецца».

Беларускі сход у Варшаве
Беларусы з партрэтамі жанчын-палітвязняў падчас акцыі ў Варшаве. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Ганна выхоўвае дзетак адна. «Нашая сям’я падзялілася: нехта на перадавой, нехта ў палоне. Мой муж застаўся ў Беларусі, каб падтрымліваць Антаніну і Сяргея, а я тут з дзецьмі», – кажа яна.

Падчас акцыі дзеці Антаніны выглядаюць як самыя актыўныя ўдзельнікі сходу – дэкламуюць крычалкі, пяюць песні, танчаць са сцягамі пад беларускую музыку. Паводле Ганны, яна наведвае амаль усе беларускія акцыі ў Варшаве.

«Мы ўжо два гады ходзім сюды, а таксама пад украінскую і расейскую амбасады. У нас ёсць такая патрэба – хадзіць [на гэтыя акцыі. – Заўв. Belsat.eu.], бо іхным маці і бацьку там цяжка. Сённяшнюю акцыю мы прысвячаем жанчынам-палітвязням. Жаночая калонія страшнейшая, чымся мужчынская – прынамсі так кажуць», – распавядае жанчына.

Дачка Антаніны Канавалавай Насця (з мікрафонам) падчас акцыі падтрымання беларускіх жанчын-палітвязняў у Варшаве. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

На пытанне, адкуль яна бярэ сілы, жанчына кажа, што проста не мае іншага выйсця.

«Мне што – сядзець і плакаць? Трэба гадаваць дзетак, дапамагаць дачцэ і зяцю. Я іду. Я абрала такі шлях. Мая дачка абрала такі шлях. Муж мой абраў гэткі шлях».

Паводле Ганны, яна рэгулярна атрымлівае лісты ад дачкі, але тая ў іх нічога не распавядае: піша, што ўсё добра. Агульную карціну, што адбываецца з Антанінай, жанчына складае на падставе аповедаў тых, хто выходзіць з-за кратаў.

«Мы ніколі не рыхтавалі Антаніну да турмы, да таго, што 24/7 яна будзе камунікаваць са злачынцамі, – кажа Ганна. – Нашыя дзяўчаткі, якія трапілі ў турму, удыхнулі туды іншы свет, пачалі змяняць яе. Раней там была зусім іншая атмасфера».

Дачка Антаніны Канавалавай Насця (у цэнтры) падчас акцыі падтрымання беларускіх жанчын-палітвязняў у Варшаве. 12 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Антаніна Канавалава падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 года была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. Жанчыну затрымалі 6 верасня 2020 года. 2 кастрычніка затрымалі ейнага мужа Сяргея Ярашэвіча. Яны ўтрымліваліся ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, 7 траўня 2021 года іх судзілі разам у рамках так званай справы тэлеграм-каналу «Армія з народам». Антаніну пакаралі пяццю з паловаю гадамі калоніі, а Сяргею прысудзілі шэсць гадоў і тры месяцы зняволення. Антаніна ўтрымліваецца ў гомельскай калоніі, Сяргей – у ваўкавыскай.

Інтэрв’ю
«На аглядзе ў гінеколага побач стаіць канваір і глядзіць». Праз што праходзяць палітзняволеныя беларускі
2023.03.08 09:44

Ян Лісіцкі belsat.eu

Стужка навінаў