news
Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за Украіну
Яны загінулі за нашу і вашу свабоду.
01.10.202315:50

З пачатку Рэвалюцыі годнасці ва Украіне беларусы актыўна далучыліся да абароны дэмакратыі і незалежнасці суседняй краіны. Калі пачалася расейская агрэсія, пайшлі на фронт добраахвотнікамі. І цяпер ва Украіне ажно некалькі беларускіх падраздзяленняў. На жаль, не абыходзіцца без ахвяраў. «Белсат» сабраў звесткі пра беларусаў, якія загінулі за Украіну з 2014 года. Не ўсе імёны вядомыя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Святлана Ціханоўская ўручыла ўзнагароды жонкам загінулых беларускіх ваяроў. Уручэнне медалёў у гонар годнасці пачалося з хвіліны маўчання. Раней 27 беларускіх добраахвотнікаў атрымалі ўзнагароды. Сёння яшчэ 5 – Васіль Парфянкоў (Сябро), Міраслаў Лазоўскі, Іван Марчуку (Брэст), Зміцер Рубашэўскі (Ганс), Павел Суслаў (Волат). Вільня, Літва. 9 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

Ад Еўрамайдану да пачатку поўнамаштабнай вайны

Міхась Локі Жызнеўскі нарадзіўся ў 1988 годзе ў Гомельскім раёне. Браў удзел у рыцарскіх клубах, а пасля пераехаў ва Украіну, супрацоўнічаў з УНА-УНСО. У 2013 годзе ў Кіеве далучыўся да Еўрамайдану. Загінуў 22 студзеня 2014 года, паранены куляй у сэрца. Пасмяротна ўзнагароджаны званнем Герой Украіны і ордэнам Герояў Нябеснай Сотні.

Васіль Вагон Ганчарэнка паходзіў з Наваградку. Нарадзіўся ў 1972 годзе. Жыў ва Украіне ў Белай Царкве. Яго паранілі падчас выхаду калоны з-пад Ілавайску. Памёр 7 верасня 2014 года. Ганаровы грамадзянін Белай Царквы.

Hавiны
«Гэта ўжо край». У Кіеве разбурылі помнік беларусам, якія загінулі за Украіну
2023.10.01 11:19

Юрый Кібарг Саколачка нарадзіўся ў Кобрынскім раёне ў 1971 годзе. У 2014-м пайшоў добраахвотнікам на фронт. Загінуў 28 верасня 2014 года падчас абароны Данецкага аэрапорту. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За Мужнасць» ІІІ ступені.

Ігар Партызан Туркоў паходзіў з Наваполацку. Нарадзіўся ў 1966 годзе. Загінуў 12 лютага 2015-га ў баях на Данбасе паміж Дэбальцавам і Бахмутам. Уганараваны пасмяротна ордэнам «За Мужнасць» ІІІ ступені.

Дзмітрый Казачонак нарадзіўся ў 1994 годзе ў Дубровенскім раёне, але неўзабаве сям’я пераехала ва Украіну. Загінуў на Данбасе 7 траўня 2015 года. Кавалер ордэну «За Мужнасць» ІІІ ступені (пасмяротна).

Аляксандр Шустры Будзько нарадзіўся ў Гомлі ў 1973 годзе. Жыў у Чарнігаве. Загінуў 17 лістапада 2014-га ў баях на Данбасе. Уганараваны ордэнам «За Мужнасць» ІІІ ступені, герой Чарнігава.

Алесь Тарас Чаркашын нарадзіўся ў 1982 годзе ў Берасці. Быў актывістам «Краю», «Зубра» і кіраўніком Беларускай хрысціянскай дэмакратыі ў Берасці. У 2014 годзе далучыўся да добраахвотніцкага корпусу «Правага сектару», затым стаўся чальцом тактычнай групы «Беларусь». Цяжка паранены ў баях у Данецкай вобласці 10 жніўня 2015 года, памёр 28 жніўня. Узнагароджаны ордэнам «Народны Герой Украіны» і адзнакаю «Баявы Крыж Корпусу» ад «Правага сектару».

ВІДЭА
У Кіеве адкрылі помнік беларусам, якія загінулі за Украіну
2016.03.28 18:00

Алег Лешы Вярэніч нарадзіўся ў Лунінцы ў 1984 годзе. Неўзабаве сям’я пераехала ва Украіну. Пайшоў на фронт замест свайго малодшага брата ў 2014-м. Падарваўся 9 верасня 2016 года на міне ў Мар’інцы на Данбасе.

Алег Сняжок / Анубіс Падароўскі. Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Берасці. Служыў ва Узброеных сілах Беларусі, працаваў менеджарам. У 2014-м пераехаў ва Украіну, дзе стаў парамедыкам і кіроўцам у медычным батальёне «Шпітальеры». Памёр у выніку хваробы ў Дняпры 3 лістапада 2016 года.

Мікола Эстонец Ільін паходзіў з Магілёва. Браў актыўны ўдзел у клубах рыцарскай рэканструкцыі, быў актывістам «Зубра» і «Маладога фронту». Праз пераслед з’ехаў з Беларусі, а ў 2016 годзе падпісаў першы кантракт са Збройнымі сіламі Украіны. 13 ліпеня 2020-га як медык спрабаваў эвакуяваць параненага ўкраінскага вайскоўца, але трапіў пад абстрэл з боку самаабвешчанай ДНР і загінуў. Яму было 36 гадоў. Узнагароджаны ордэнам «За Мужнасць» ІІІ ступені.

Загінулі з 2022 года

Ілля Ліцвін Хрэнаў прыехаў ва Украіну з Менску ўлетку 2014 года, стаў байцом палка «Азоў». Служыў да 2017 года, пасля чаго, ажаніўшыся, пайшоў працаваць у ІТ. У 2022-м ізноў пайшоў у добраахвотнікі ў беларускую роту батальёну тэрытарыяльнай абароны «Азоў». Загінуў 3 сакавіка 2022 года ў Бучы, дзе ў гонар яго цяпер названая вуліца.

Аляксей Тур Скобля нарадзіўся ў 1990 годзе ў Менску. Кінуўшы Гарадзенскі ўніверсітэт імя Янкі Купалы, у 2015-м паехаў ваяваць на Данбас, далучыўся да тактычнай групы «Беларусь». Адзін з заснавальнікаў беларускага добраахвотніцкага руху ва Украіне. Пасля поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну служыў у батальёне Кастуся Каліноўскага. Загінуў 13 сакавіка 2022 года ў баях каля Кіева, прыкрываючы адыход сваіх жаўнераў. Пасмяротна яму надалі званне «Герой Украіны», у гонар яго названая вуліца ў Хмяльніцкім.

Hавiны
Як ва Украіне пераназываюць вуліцы ў гонар герояў-беларусаў
2023.04.26 10:44

Змітру Тэрору Апанасовічу было 32 гады, паходзіў са Смаргоні. Служыў дэсантнікам у Берасці, пасля жыў у Варшаве, працаваў кіроўцам фуры. У 2020-м прыязджаў у Менск на пратэсты. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне скіраваўся добраахвотнікам у Кіеў. У цяжкіх баях каля Ірпіня, калі беларуская група знішчыла тры варожыя БМП, быў цяжка паранены. Яго тэрмінова завезлі ў шпіталь, але ўратаваць не здолелі: 26 сакавіка Змітра не стала. Уганараваны медалём Міністэрства абароны Украіны «За Баявыя Заслугі».

Зміцер Ганс Рубашэўскі, які ваяваў у 24-й асобнай механізаванай брыгадзе імя князя Данілы Галіцкага, загінуў 12 красавіка 2022 года падчас выканання задання на Луганшчыне. Ён адзначыўся ў шматлікіх баях падчас вайны на ўсходзе Украіны ў 2015-м. Быў тройчы паранены, страціў вока. Яшчэ пры жыцці быў узнагароджаны званнем «Народны Герой Украіны».

Магілёвец Канстанцін Фенікс Дзюбайла загінуў 24 красавіка 2022 года на Данбасе. Яму было 34 гады, жыў у Крывым Розе. У Збройныя сілы запісаўся добраахвотнікам з пачаткам вайны на Данбасе ў 2014-м. Спачатку быў у шэрагах «Правага сектару», потым падпісаў кантракт з ЗСУ. Меў падзяку ад прэзідэнта Украіны. Яго не стала падчас артабстрэлу ў баі паміж Мар’інкай і Дакучаеўскім Данецкай вобласці.

Яўген Мальдэр Логінаў нарадзіўся ў Берасці, але ў дзяцінстве з бацькамі пераехаў ва ўкраінскі Мікалаеў. У 2018 годзе трапіў добраахвотнікам у Нацыянальную гвардыю. Браў удзел у абароне Марыупалю ў складзе палка «Азоў». Загінуў 5 траўня 2022 года ў ваколіцах «Азоўсталі».

Павел Волат Суслаў паходзіў з Гомля, тэрміновую службу праходзіў у частцы 3214 ва Уруччы. У 2018 годзе паехаў ваяваць на Данбас на баку Украіны, далучыўся да 1-й штурмавой роты «Правага сектару». У сакавіку 2018-га падпісаў кантракт са Збройнымі сіламі Украіны. Займаўся выведкай і дыверсійнаю дзейнасцю. Атрымаў смяротнае раненне пры вызваленні ўкраінскай вёскі ад расейскіх войскаў 16 траўня 2022 года.

Павел Суслаў з пазыўным Волат.
Фота: Батальён Кастуся Каліноўскага / Telegram

26 чэрвеня 2022 года ў баях каля Лісічанску загінулі адразу чацвёра беларусаў.

Івану Брэсту Марчуку было 28 гадоў, паходзіў з Берасця. Навучаўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Служыў у французскім замежным легіёне, у 2015 годзе паехаў добраахвотнікам ва Украіну. З пачаткам поўнамаштабнай вайны далучыўся да палка імя Кастуся Каліноўскага, стаў камандзірам батальёну «Волат».

Васіль Парфянкоў нарадзіўся ў 1983 годзе. Быў чальцом Беларускай партыі свабоды. Яшчэ ў 2002-м браў акрыўны ўдзел у абароне Курапатаў. Падчас Майдану 2004 года ва Украіне ўступіў у шэрагі УНА-УНСО, а ў 2010-м у Беларусі далучыўся да «Гавары праўду». За пратэсты 19 жніўня 2010 года ў Менску быў засуджаны на чатыры гады калоніі строгага рэжыму. Быў амніставаны ў жніўні 2011-га, але ў 2012-м яго засудзілі на шэсць месяцаў калоніі за парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду, у 2013-м – яшчэ на год. У 2014 годзе выехаў ва Украіну, дзе ў студзені 2015-га пайшоў добраахвотнікам на фронт. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ў 2022 годзе далучыўся да батальёну Каліноўскага.

Васіль Атам Грудовік нарадзіўся ў Пінску, яму было 30 гадоў. У 2020-м актыўна далучыўся да выбарчых пратэстаў, браў удзел у сутычках з міліцыяй. Праз пераслед з’ехаў з Беларусі, спачатку ва Украіну, затым – у Польшчу. З пачаткам поўнамаштабнай вайны далучыўся да палка Каліноўскага, быў кулямётчыкам. Браў удзел у наступальнай аперацыі ў Херсонскай вобласці.

Вадзіму Папіку Шатрову было 44 гады. Родам з Воршы, але ўжо больш за 20 гадоў жыў ва Украіне. Нягледзячы на гэта, далучыўся менавіта да палка Каліноўскага.

Алег Артэга / Кот / Хмуры Панамароў нарадзіўся ў Харкаўскай вобласці Украіны, але вырас на радзіме маці ў Магілёве. Быў грамадзянінам Беларусі, украінскае грамадзянства атрымаў у 2017 годзе. Ва Украіну прыехаў ваяваць у 2014-м. Спачатку служыў у батальёнах «Шахтарск» і «Карпацкая Сеч». У 2022-м служыў намеснікам камандзіра баявой машыны, наводчыкам-аператарам штурмавога ўзводу штурмавой роты ў батальёне «Айдар». Загінуў 7 ліпеня 2022 года ў Данецкай вобласці.

Андрэй Зубр Краўчанка быў беларусам, але доўгі час жыў ва Украіне. Браў удзел у Рэвалюцыі годнасці ды антытэрарыстычнай аперацыі на ўсходзе Украіны. Служыў добраахвотнікам батальёну АУН. Загінуў 23 жніўня 2022 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Развітанне з былым палітычным вязнем і беларускім добраахвотнікам Эдуардам Лобавым. Беларус быў смяротна паранены каля ўкраінскага Вуглядару, дзе ваяваў у складзе ЗСУ, каб спыніць расейскую агрэсію супраць Украіны. Кіеў, Украіна. 4 лютага 2023 года.
Фота: Улад Максіменка / Белсат

Тэд (імя і прозвішча не называюцца) служыў кіроўцам у складзе батальёну «Тэрор», які раней уваходзіў у склад палка Каліноўскага. Загінуў у верасні 2022 года ў баях на Херсоншчыне.

Аляксей Жнец Вешчавайлаў жыў у Гомлі, але паходзіў з паволжскага народу эрзя, быў актывістам руху «Вольны Ідэль-Урал». Быў жанаты з беларускаю. Ва Украіне ваяваў з 2016 года. У 2019-м быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ пры ўездзе ў Беларусь і засуджаны на два гады за наёмніцтва. У 2021-м вярнуўся ва Украіну. З 2022 года быў чальцом беларускага палка «Пагоня» і служыў у Інтэрнацыянальным легіёне тэрытарыяльнай абароны Украіны. Загінуў 26 верасня каля Бахмуту. Яму быў 31 год.

Міхася Юнгера Шавельскага адлічылі з Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту ў 2020 годзе за ўдзел у пратэстах. З’ехаў у Польшчу, вучыўся Хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве. У 2022-м прыехаў добраахвотнікам ва Украіну, выконваў функцыі парамедыка ў батальёне «Тэрор». Загінуў, ратуючы параненага, 11 кастрычніка 2022 года. Яму быў толькі 21 год.

Аляксей Якуб Аўдзеенка з 2016 года жыў ва Украіне, стаў добраахвотнікам тактычнай групы «Беларусь» і неўзабаве падпісаў кантракт з ЗСУ. Загінуў 4 снежня 2022 года на Бахмуцкім кірунку.

Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе ў Вільні, але неўзабаве сям’я пераехала ў Беларусь. Пасля службы ў войску далучыўся да «Маладога фронту», пазней быў абраны сустаршынём арганізацыі. 18 снежня 2010-га, напярэдадні выбараў, быў затрыманы сілавікамі і пазней засуджаны да чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйшаў на волю ў 2014 годзе, але праз чарговы палітычны пераслед быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. З лета 2015-га змагаўся як баец тактычнай групы «Беларусь» у вайне на ўсходзе Украіны. Загінуў у баі каля Вуглядару 26 студзеня 2023 года. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За Мужнасць» ІІІ ступені.

Данііл Маджахед Ляшук нарадзіўся ў Берасці ў 1995 годзе. Быў чальцом фанацкіх груповак. У 2013-м пераехаў ва ўкраінскі Севастопаль, браў удзел у супраціве анексіі Крыму. У канцы 2014 года далучыўся да роты асаблівага прызначэння «Тарнада». Затрыманы ў 2015-м у межах крымінальнай справы супраць ваяроў «Тарнада» і асуджаны на 10 гадоў зняволення. У 2021 годзе выйшаў на волю. У 2022-м ізноў далучыўся да сілаў абароны Украіны. Загінуў 1 красавіка 2023 года на Данбасе. Пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За Мужнасць» ІІІ ступені.

Міраслаў Мыш Лазоўскі нарадзіўся ў 1973 годзе ў Менску. Яшчэ ў 1990-ыя быў сябрам Беларускага згуртавання вайскоўцаў і адным з заснавальнікаў Белага легіёну. Неаднаразова затрымліваўся, у тым ліку ў 2017 годзе ў межах «справы патрыётаў». Пасля выбараў-2020 выехаў ва Украіну, дзе ў 2022-м далучыўся да палка Каліноўскага. Загінуў 16 траўня 2023 года ў баях каля Бахмуту.

Гісторыі
Якім быў Міраслаў Лазоўскі – і як ваяр «Белага легіёну» кусаў яго за падпаху
2023.06.02 15:25

Жвір. 5 жніўня 2023 года стала вядома, што ў Данецкай вобласці загінуў беларускі добраахвотнік, які ваяваў у шэрагах Другога інтэрнацыянальнага легіёну. На наступны дзень Камітэт супраціву паведаміў пра гібель пры выкананні баявой задачы былога беларускага анархіста з пазыўным Жвір. З Беларусі ён з’ехаў праз рэпрэсіі, дапамагаў беларускім уцекачам, а пасля далучыўся да Збройных сілаў Украіны.

Гэта не ўсе беларусы, якія загінулі ў баях за незалежнасць Украіны. З прычыны рэпрэсіяў з боку рэжыму ў Беларусі супраць сваякоў добраахвотнікаў, іхныя імёны хаваюцца. Нават пасля смерці.

Гэтак, 28 ліпеня 2022 года загінуў невядомы ваяр батальёну «Волат» палка Каліноўскага. Яшчэ адзін каліновец загінуў 3 кастрычніка 2022 года ў Запарожскай вобласці, а адзін – 7 лістапада. Чацвярых ваяроў «Волата» не стала 16 траўня 2023 года каля Бахмуту разам з Міраславам Лазоўскім. Тры ваяры батальёну «Ліцвін» і адзін батальёну «Волат» загінулі 31 ліпеня.

Апроч таго, вядома прынамсі пра двух украінцаў, якія загінулі, ваюючы поплеч з беларускімі добраахвотнікамі. Гэта Віталь Кекс Ціліжэнка, заснавальнік тактычнай групы «Беларусь», які меў беларускае паходжанне і загінуў 10 жніўня 2015 года на Данбасе, і Руслан Русік Абломаў, які ваяваў у складзе Беларускага добраахвотніцкага корпусу і загінуў у баях на Херсоншчыне 23 студзеня 2023 года.

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 08:00

Макар Мыш belsat.eu