Загінуў баец батальёна «Волат» палка Каліноўскага


Асабовыя звесткі загінулага не раскрываюць і просяць не распаўсюджваць ніякай інфармацыі аб ім і аб абставінах гібелі.

Полк імя Кастуся Каліноўскага, што ваюе ў складзе Збройных сілаў Украіны, паведаміў 29 ліпеня аб смерці аднаго з байцоў батальёну «Волат». Баец загінуў «падчас аперацыі па вызваленню ўкраінскага сяла ад расейскіх захопнікаў».

«Штурмавая група, у склад якой уваходзіў наш воін, цалкам выканала баявую задачу па захопе ўмацаванай пазіцыі ворага, – расказала прадстаўніца палка. – Пры штурме ваяр батальёна «Волат» атрымаў кулявое раненне, несумяшчальнае з жыццём. Ён загінуў імгненна. Пад шквальным варожым агнём нашым воінам удалося эвакуяваць цела загінулага пабраціма. Памяць пра баявога сябра застанецца ў нашых сэрцах назаўсёды, героі не паміраюць».

Імя і іншыя абставіны смерці не раскрываюць на просьбу сваякоў. Але запэўніваюць: полк на сувязі з сям’ёй і блізкімі загінулага.

Раней у баях загінуў шэраг байцоў палка Каліноўскага: Аляксей Скобля (пазыўны Тур, пасмяротна Герой Украіны), Дзмітрый Апанасовіч (пазыўны Тэрор), Павел (пазыўны Волат, прозвішча не называлі), Іван Марчук (пазыўны Брэст). Імаверна, загінулі таксама Васіль Парфянкоў (пазыўны Сябро), Васіль Грудовік (пазыўны Атам) і Вадзім Шатроў (пазыўны Папік). Прынамсі два ваяры палка ў палоне: Ян Дзюрбейка (пазыўны Тромбл) і Сяргей Дзёгцеў (пазыўны Клешч).

Hавiны
Полк Каліноўскага: Калі беларускія войскі пойдуць ва Украіну, папросім паставіць нас сустракаць іх
2022.07.23 21:29

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў