«Цудоўны быў хлопец». У Беластоку ўшанавалі памяць загінулага ва Украіне беларускага парамедыка


У Беластоку прайшла акцыя памяці Міхаіла Шавельскага. Жанчыны з беларускай дыяспары апрануліся ў чорнае, каб узгадаць забітага на вайне 21-гадовага беларускага студэнта і выступіць супраць расейскай агрэсіі в Украіне.

Акцыя памяці Міхаіла Шавельскага ў Беластоку 15 кастрычніка.
Фота: Белсат

Міхаіл Шавельскі, тады студэнт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, дзе вывучаў псіхалогію, браў актыўны ўдзел у пратэстах 2020 году. Пасля пераследу з боку лукашэнкаўскіх уладаў і адлічэння з універсітэту быў вымушаны пераехаць у Польшчу.

Акцыя памяці Міхаіла Шавельскага ў Беластоку 15 кастрычніка.
Фота: Белсат

Міхаіл атрымаў стыпендыю ад Евангелічна-лютэранскай царквы Фінляндыі і Саюзу Марціна Лютэра (Martin-Luther-Bund) і ў студзені 2021 года пачаў сваё багаслоўскае навучанне ў Польшчы, у хрысціянскай тэалагічнай акадэміі ў Варшаве.

Акцыя памяці Міхаіла Шавельскага ў Беластоку 15 кастрычніка.
Фота: Белсат

Даведаўшыся пра напад Расеі на Украіну, Міхаіл перапыніў вучобу і вырашыў адправіцца на вайну для падтрымкі ўкраінскіх ваяроў. Памёр 11 кастрычніка ад атрыманых на вайне траўмаў. Хлопец быў парамедыкам беларускага батальёну «Тэрор».

Акцыя памяці Міхаіла Шавельскага ў Беластоку 15 кастрычніка.
Фота: Белсат

Пенсіянерка Аляксандра Ханевіч з Горадні ведала Міхаіла асабіста, кажа, што мы згубілі надзвычай светлага чалавека. Пад час нашай размовы Аляксандра не стрымлівае слёзаў і паўтарае, што гэта вялікае гора.

«З Міхаілам мы пазнаёміліся ў 2020 годзе на акцыі пратэсту. Учора даведалася пра смерць, і скажу, што гэта сапраўдная трагедыя. Я разумею, што адчуваюць ягоныя бацькі, бо самой прыйшлося хаваць сваіх дзяцей. Гэта страшна, мець такога сына і ў такім узросце згубіць яго. Разумны, добры чалавек, і яго больш няма. Гэта страшна. Цудоўны быў хлопец з неверагодным пачуццём гумару. Вечная яму памяць. Ён назаўжды застанецца ў нашых сэрцах, асабліва ў сэрцах гарадзенцаў. Шавельскі – герой Беларусі, які дапамагаў сваім сябрам украінцам», – сказала ў размове з Белсатам удзельніца жалобнай акцыі ў Беластоку Аляксандра Ханевіч.

Акцыя памяці Міхаіла Шавельскага ў Беластоку 15 кастрычніка.
Фота: Белсат

Удзельніцы акцыі кажуць, што выйшлі з партрэтам Міхаіла ў тым ліку і за беларусаў, якія засталіся ўнутры краіны і яны не могуць сабе гэтага дазволіць. І падкрэсліваюць, што большасць беларусаў супраць вайны і таго, каб гінулі людзі.

Hавiны
На вайне ва Украіне загінуў лютэранскі студэнт-багаслоў з Горадні
2022.10.14 17:08

АС belsat.eu

Стужка навінаў