Стольтэнбэрг пра Украіну ў NATO: Пакуль ідзе вайна размаўляць пра далучэнне заўчасна


Украіна павінна перамагчы ў вайне, бо пакуль ідзе вайна размаўляць пра далучэнне заўчасна. Апроч таго, ёсць пэўныя ўмовы далучэння, якія Кіеў павінен выканаць. Як перадае карэспандэнт «Белсату», аб гэтым заявіў Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на выніковым брыфінгу саміту Паўночна-атлантычнага блоку ў Вільні.

Енс Стольтэнбэрг на брыфінгу. Вільня, Літва, 11 ліпеня 2023 года.
Фота: «Белсат»

11 ліпеня Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на выніковым брыфінгу саміту Паўночна-атлантычнага блоку ў Вільні адзначыў, што прынцыповае рашэнне аб членстве Украіны ў NATO дасягнутае, але гэта адбудзецца не адразу.

«Мы пагадзіліся, што Украіна стане сябрам NATO, аднак гэта будзе, калі саюзнікі пагадзіцца і ўмовы будуць выкананыя», – сказаў Стольтэнбэрг.

Адказваючы на пытанне журналістаў аб тым, якія менавіта ўмовы Украіна не выканала, каб стаць членам NATO, Стольтэнбэрг сказаў, што патрэбна, каб «Украіна мела ўзброеныя сілы, якія могуць узаемадзейнічаць з нашымі» (з сіламі NATO – заўваг. рэд.). Таксама Украіна павінна «мець добрае кіраванне і забяспечыць адсутнасць карупцыі». І галоўнае – «Украіна павінна перамагчы ў вайне, бо пакуль ідзе вайна размаўляць пра далучэнне заўчасна».

Таксама генсек NATO пракаментаваў прыняцце ў чальцы блоку краінаў Скандынавіі: «Прыняцце скандынаўскіх краінаў у NATO – гэта моцны сігнал як для Украіны, так і для Масквы. Крэмль не можа вырашаць за суверэнныя нацыі, у якія саюзы ім уступаць»

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў