У Расеі затрыманыя былы дарадца Пуціна Суркоў і апазіцыйны палітык і журналіст Кара-Мурза


Пра затрыманне былога дарадцы Уладзіміра Пуціна Уладзіслава Суркова паведаміў экс-дэпутат Дзярждумы Ілля Панамароў на сваёй старонцы ў Facebook.

Уладзіслаў Суркоў.
Фота: telegraf.com.ua

Панамароў удакладніў, што цяпер Суркоў застаецца пад хатнім арыштам, адначасова ідуць следчыя дзеянні ў справе аб крадзяжах на Данбасе з 2014 года.

Уладзіслаў Суркоў – адзін з ідэолагаў праекту «Новороссия» і куратар украінскага кірунку працы Крамлю. Паводле расейскага публіцыста Андрэя Піанткоўскага затрыманне Суркова можа быць наступствам чыстак у расейскіх спецслужбах, якія правалілі працу дзеля стварэння «пятай калоны» ва Украіне, піша ўкраінскі «Тэлеграф».

Уладзімір Кара-Мурза.
Фота: Ілля Яшын/Twitter

Таксама 11 красавіка стала вядома пра арышт апазіцыйнага расейскага палітыка і журналіста Уладзіміра Кара-Мурзы. Яго затрымалі каля ўласнага дому, паведаміў паплечнік журналіста, апазіцыянер Ілля Яшын. Што стала прычынай затрымання – невядома. Імаверна, Кара-Мурза праходзіць у адміністратыўнай справе, хутчэй за ўсё, за антываенныя выказванні. Ягоны адвакат Вадзім Прохараў паведаміў, што палітыка даставілі ў аддзел унутраных справаў па раёне Хамоўнікі, аднак пабачыцца з ім не атрымалася – адваката не пускаюць.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў