«Партыя вайны» ў Расеі зменшылася, ды сілавікі набываюць уплыў. Вайна ва Украіне на ранак 8 лістапада


Вайна ва Украіне трывае 258-ы дзень. «Белсат» расказвае, што вядома на ранак 8 лістапада пра баявыя дзеянні і падзеі вакол вайны.

Вайскоўцы 93-й брыгады «Халодны Яр» Збройных сілаў Украіны ў час баёў на бахмуцкім напрамку.
Фота: Генштаб ЗСУ / Facebook

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе, што на дзень 8 лістапада расейскія войскі намагаюцца ўтрымаць захопленыя тэрыторыі і засяроджваюць высілкі на стрымліванні дзеянняў украінскіх вайскоўцаў – наступальныя дзеянні Украіны трываюць на бахмуцкім, аўдзееўскім і навапаўлаўскім напрамках.

Паводле Генштабу ЗСУ, за мінулы дзень украінцы адбілі атакі ў раёнах Краснагораўкі, Бахмуту, Іванграду, Вопытнага, Клішчыеўкі, Мар’інкі, Паўлаўкі, Вадзянога і Маёрску ў Данецкай вобласці, а таксама ля Белагораўкі Луганскай вобласці.

Расейскія войскі працягваюць абстрэльваць крытычную інфраструктуру і будынкі цывільнага насельніцтва, сцвярджае ўкраінскі бок: за мінулы дзень Расея нанесла 9 ракетных і 37 авіяцыйных удараў, больш за 100 абстрэлаў рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню. Пацярпелі больш за 25 мсяцовасцяў Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай і Мікалаўскай вобласцяў.

Украінскі бок пахваліўся знішчэннем 20 адзінак расейскай тэхнікі каля Голай Прыстані ў Херсонскай вобласці, расейскіх складоў боепрыпасаў у Горлаўцы і Сватаве на Данбасе, збітымі самалётам Су-25, беспілотнікам «Ланцэт-3» і чатырма збітымі дронамі «Арлан-10», двума знішчанымі ЗРК і пяццю трапленнямі ў пункты кіравання.

Упраўленне вярхоўнага камісара ААН у справах правоў чалавека налічыла з 24 лютага да 6 лістапада 6490 забітых мірных жыхароў Украіны і 9972 параненых, у тым ліку сярод забітых 168 дзяўчатак і 201 хлопчык, а таксама 34 дзіцяці, полу якіх не ўдалося вызначыць. Адзначаюць, што гэтыя звесткі няпоўныя, бо атрыманне інфармацыі ў часе вайны няпростае. Упраўленне непакоіцца пра шматлікіх ахвяраў у Марыупалі, Ізюме, Лісічанску, Папаснай і Севераданецку.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначыў зварот расейскага Міністэрства абароны адносна ліста расейскіх блогераў пра цяжкія страты і кепскае камандаванне ў 155-й брыгадзе марской пяхоты. Хоць Міністэрства абароны РФ заявіла, што страты моцна перабольшаныя, сама такая рэакцыя ад ведамства – рэдкая з’ява. Дыскурс адносна няўдачаў расейскага вайсковага камандавання, адзначае ISW, «выходзіць за межы інфармацыйнай прасторы мікраблогераў», а вайсковыя няўдачы могуць пагоршыць грамадскую напружанасць.

«Расейскія сілы значна вычарпалі свой арсенал высокадакладных сістэмаў зброі і панеслі значныя страты ў авіяцыі і, верагодна, будуць змагацца за захаванне цяперашняга тэмпу скаардынаванай кампаніі расейскіх вайскоўцаў супраць важнай інфраструктуры Украіны», – мяркуе ISW і дадае, што чакае новага этапу эвакуацыі з акупаваных тэрыторыяў Херсонскай вобласці.

ISW таксама адзначае пашырэнне ўплыву сілавікоў у Расеі, непрыхаванае адкрыццё цэнтраў рыхтавання баевікоў ПВК Вагнэра і адкрыццё звязаных з кіраўніком Чачэніі Рамзанам Кадыравым бізнес-сетак на акупаваных тэрыторыях. Звяртаюць увагу таксама на тое, што кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын саркастычна прызнаў умяшанне ў выбары ў Злучаных Штатах.

Аналітыка
«Яны людзей завуць мясам». Чаму ў Расеі бунтуюць вайскоўцы
2022.11.07 15:52

Брытанская выведка піша, што Расея пачала будаваць супрацьтанкавыя ўмацаванні вакол акупаванага і зруйнаванага Марыупалю, хоць той далёкі ад лініі фронту. Марыупаль важны для Расеі як сухаземны мост у акупаваны Крым. Супрацьтанкавыя пірамідкі выслалі таксама ў акупаваныя раёны Запарожскай і Херсонскай вобласцяў.

Генштаб ЗСУ не бачыць істотных зменаў абстаноўкі з боку Беларусі: рэжым Лукашэнкі надалей падтрымлівае расейскую агрэсію і працягвае фармаваць супольную з Расеяй групоўку войскаў, пагроза захоўваецца, але абстаноўка не мяняецца.

Аднак амбасадар Украіны ў Вялікай Брытаніі заявіў брытанскім выданням, што расейскае войска назапашвае на тэрыторыі Беларусі іранскія дроны-камікадзэ – ён назваў гэта «найбольшаю праблемай» Украіны, бо беспілотнікі даволі блізкія да Кіева. Кіраўнік Ровенскай вобласці Украіны адзначае выпадкі ўцёкаў ва Украіну грамадзянаў як Беларусі, так і Расеі. Ён сцвярджае, што ўцякаюць у тым ліку каб ваяваць на баку Украіны. А беларускае выданне Reform.by звярнула ўвагу на тое, што беларускія вайскоўцы на палігоне ў Ніжагародскай вобласці Расеі адпрацавалі тактыку бою ў абароне і наступе.

Баец 93-й брыгады «Халодны Яр» Збройных сілаў Украіны ў час баёў на бахмуцкім напрамку.
Фота: Генштаб ЗСУ / Facebook

Расейскія незалежныя праекты «Russian Field» і «Хроники» правялі апытанні, з якіх вынікае зніжэнне падтрымання вайны шараговымі расейцамі: «партыя вайны» сціснулася з 25 % да 16 %, а «партыя міру» пашырылася з 23 % да 27 %. Найбольш крытычна да вайны ставяцца жанчыны, моладзь і людзі з нізкімі даходамі. Расейскія ўлады тым часам не падтрымалі ідэі пераходу на двухгадовую вайсковую службу, але падтрымалі ідэю ўвядзення пачатковага вайсковага рыхтавання ў школах.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце 7 лістапада расказаў, што краіна атрымала новыя сістэмы супрацьпаветранай абароны, якія мусяць значна ўзмацніць гэтую абарону: яна пакуль не стоадсоткавая, але да гэтага імкнуцца.

А Паўночная Карэя заявіла, што ніколі не пастаўляла Расеі зброю ці амуніцыю, заклікала Злучаныя Штаты не распаўсюджваць такіх чутак. Дзяржаўны дэпартамент ЗША раней паведамляў, што Расея пачала працэс набыцця ракетаў і артылерыйскіх снарадаў у КНДР.

Hавiны
«Гэта істотна ўзмоцніць украінскае войска». Ва Украіну прыбылі новыя заходнія сістэмы СПА «NASAMS» і «Aspide»
2022.11.07 21:55

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў