У Вільні пачалася двухдзённая канферэнцыя «Новая Беларусь». Што казала Ціханоўская падчас адкрыцця?


Канферэнцыя «Новая Беларусь» стартавала ў Вільні 8 жніўня і працягнецца да заўтра, 9 жніўня, другой гадавіны выбараў у Беларусі. Яе лозунг – «Спыніць спрэчкі і працаваць разам». Канферэнцыю зарганізавалі Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная рада, НАУ, BYPOL, каманда Віктара Бабарыкі ды іншыя.

Святлана Ціханоўская на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні. 
Фота: Белсат

Усяго ў канферэнцыі бяруць удзел больш як 300 дэлегатаў: прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў, актывісты, грамадзянскія ініцыятывы, бізнесоўцы, аналітыкі і незалежныя эксперты.

У пачатку канферэнцыі прысутным паказалі відэаролік пра зробленае беларусамі, у тым ліку дэмакратычнымі сіламі, за апошнія два гады. Гэта і рыхтаванне да выбараў, і арганізацыя мірных маршаў, праца над непрызнаннем Лукашэнкі прэзідэнтам 55 краінамі свету, што дазволіла ціснуць на рэжым, а таксама падтрыманне рэпрэсаваных, арганізацыя партызанскага супрацьстаяння вайне і шмат іншае.

Афіцыйна адкрыла канферэнцыю вітальным словам Святлана Ціханоўская. У пачатку і канца прадмовы лідарка дэмакратычных сілаў казала па-беларуску, але асноўная частка была на расейскай мове.

Спачатку Ціханоўская распавяла сваю гісторыю і пра тое, чаму ён цяпер тут: «Я была проста магчымасцю сказаць не дыктатуры і так пераменам». Далей падзялілася тым, хто з лідараў дэмакратычных сілаў – Латушка, Пракоп’еў, Вераніка Цапкала ды іншыя – і чым лепшыя за яе. Аднак пазней распавяла і пра сябе: «Тое, што ёсць у мяне, – гэта пачуццё адказнасці і гатовасць працаваць, каб дасягнуць таго, чаго мне не хапае. Чаму я не вучылася і што не было мне дадзена ад нараджэння.

Я дакладна ведаю, што такое адказнасць, калі твае рашэнні могуць аказацца няправільнымі і прынеслі людзям боль. Як і многія з вас, я адчуваю віну, што раблю недастаткова, бо тысячы людзей усё яшчэ ў зняволенні. Я ведаю што такое рызыкнуць і заклікаць людзей да чагосьці, а потым бачыць, як зачыняюцца бізнесы, а сем’і працоўных перажываюць шантаж сілавікоў. Я ведаю цану свайму слову, бо рэжым робіць яе надмерна высокаю. Таму кожны раз, калі ад мяне патрабуюць прыняць нейкае рашэнне, агучыць гэтае рашэнне, але пры гэтым не спрабуюць нават падумаць, як гэтае рашэнне ўвасобіць і да якіх наступстваў гэта можа прывесці. Я бяру на сябе адказнасць за гэты боль, які магу прынесці людзям».

Канферэнцыя «Новая Беларусь» у Вільні. 
Фота: Белсат

«Лічбы ў навінах – гэта не статыстыка», – працягнула Святлана, маючы на ​​ўвазе адказнасць за жыццё кожнага беларуса, які супраціўляецца рэжыму Лукашэнкі. Таксама яна заклікала ўсіх «стаяць побач, а не супраць адно аднаго», каб у будучыні беларусы змаглі «зрабіць свой выбар за новых дэмакратычных лідараў», а таксама знайсці выхад з палітычнага, эканамічнага і гуманітарнага крызісу ў Беларусі:

«Калі мы, якія сабраліся тут, не ставім сабе мэты аб’яднацца, калі гаворым толькі з тымі, хто блізкі нам, а не з усімі, калі палітыка становіцца карʼерай, а не спосабам зрабіць жыцці людзей лепшымі, то ўсе мы зараз можам устаць і выйсці».

У канцы лідарка дэмакратычных сілаў заклікала давяраць адно аднаму, аб’яднацца і стварыць калектыўны орган кіраўніцтва ды прыняцця пастановаў. А таксама распрацаваць крокі ў пяці мэтах, каб:

  • вызваліць і рэабілітаваць усіх зняволеных паводле палітычных матываў;
  • правесці сумленныя, свабодныя і дэмакратычныя выбары;
  • абараніць незалежнасць Беларусі і вывесці з краіны замежныя войскі;
  • адхіліць нелегітымны рэжым ад улады;
  • забяспечыць працу ў краіне дэмакратычных інстытутаў.

Скончыла сваю прамову Святлана словамі зняволенага мужа Сяргея Ціханоўскага: «Толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця».

Фота: Белсат

Далей з прамовамі выступілі рэпрэсаваныя беларусы, былыя палітычныя вязні ды іхныя сваякі, якія распавялі свае гісторыі ды пра рэпрэсіі беларускага рэжыму. Пасля пачалася дыскусія «Якімі павінны быць стратэгіі выхаду з крызісу?» з удзелам Паўла Латушкі (кіраўнік НАУ, сябра прэзідыуму КР), Аляксандра Дабравольскага (дарадца Ціханоўскай, сябра КР), Аляксандра Азарава (прадстаўнік BYPOL), Дзмітрыя Шчыгельскага (прадстаўнік руху «Супраціў») і Вадзіма Пракоп’ева (прадстаўнік палка «Пагоня» і вядоўца радыё «Гаага»).

Аналітыка
Жорсткая размова і дарожная мапа. Што чакаюць ад канферэнцыі «Новая Беларусь»
2022.08.07 16:35

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў