Сітуацыя на поўдні: ЗСУ прасоўваюцца каля Рабоціна, Вербавага і Камянскага


«Белсат» падводзіць вынікі 561-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 7 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наводчык з пазыўным Мольфар, які ўдзельнічаў у наступе ля вёскі Рабоціна, стаіць у люке БМП «Брэдлі» 47-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ. Запарожская вобласць, Украіна. 6 верасня 2023 года.
Фота: Ukrinform / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў войскі РФ наступалі каля сяла Сінькаўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці. Пры гэтым адзначаецца, што ўсе атакі расейцаў на гэтым участку фронту былі адбітыя сіламі абароны краіны.

Між тым тэлеграм-канал «Белорусский силовик» сцвярджае, што Узброеныя сілы РФ актывізаваліся на купянскім кірунку і паступова прасоўваюцца каля Сінькаўкі.

У Міністэрстве абароны РФ заявілі, што самыя ЗСУ цягам содняў чатыры разы атакавалі каля сяла Кіслоўка (Купянскі раён Харкаўскай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

На суседнім ліманскім кірунку расейцы працягваюць ціснуць каля Новаягораўкі ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці. Тут баі ідуць за прылеглыя ўзвышшы. Пакуль без зменаў па фронце.

На поўдні кірунку ініцыятыва за ўкраінскімі вайскоўцамі, якія атакуюць на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што тут ЗСУ вярнулі частку раней страчаных пазіцыяў у ваколіцах Шыпілаўкі.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку Збройныя сілы Украіны наступаюць на поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

У Мінабароне РФ паведамілі пра атакі ўкраінцаў каля сёлаў Клішчэеўка і Андрэеўка.

У сваю чаргу расейцы контратакавалі каля Клішчэеўкі, а таксама каля Арэхава-Васільеўкі на паўночным захадзе ад райцэнтру.

Прасоўванняў ніводнага з бакоў канфлікту не зафіксавана.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

У ваколіцах Данецку ініцыятыва захоўваецца за УС РФ, якія цягам содняў атакавалі каля населеных пунктаў Новакалінавае, Аўдзееўка, Краснагораўка і Мар’інка. Паўсюль сілам абароны краіны ўдалося стрымаць праціўніка.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

На бярдзянскім кірунку, паводле Сямёна Пегава, ЗСУ атакавалі каля населеных пунктаў Новаданецкае і Новамаёрскае, але поспеху не дасягнулі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Член экіпажа БМП «Брэдлі» 47-й асобнай механізаванай брыгады, які ўдзельнічаў у баях ля вёскі Рабоціна, распісвае дзяржаўны сцяг у Запарожскай вобласці, Украіна. 6 верасня 2023 года.
Фота: Ukrinform / East News

Ва ўкраінскім Генштабе пішуць, што цяпер сілам абароны краіны самім даводзіцца стрымліваць наступ праціўніка на поўдні ад сяла Прачыстаўка (на паўночным усходзе ад Новамаёрскага).

Прарасейскі тэлеграм-канал «Воин DV» сцвярджае, што УС РФ выбілі ўкраінцаў з адной з лесапалосаў каля Прачыстаўкі.

«Рыбарь» піша, што на захадзе ад гэтага ўчастку фронту ЗСУ атакавалі пазіцыі праціўніка побач з Ураджайным, але поспеху не дасягнулі.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

Паводле Генштабу ЗСУ, на мелітопальскім кірунку ўкраінскія вайскоўцы прасунуліся на поўдні ад сяла Рабоціна, а таксама на захадзе ад Вербавага.

Сямён Пегаў пацвярджае поспехі ЗСУ толькі каля першага населенага пункту.

Між тым «Рыбарь» піша, што каля Вербавага падраздзяленні 82-брыгады Збройных сілаў Украіны пасля размініравання мясцовасці перайшлі ў атаку каля балкі Чубянкова (на захадзе ад Вербавага) і замацаваліся на адной з пазіцыяў, дзе адразу ж пачалі абсталёўваць пазіцыі.

У Міністэрстве абароны РФ паведамілі, што агулам за содні ЗСУ 14 разоў атакавалі каля сёлаў Рабоціна і Вербавае.

Таксама сілы абароны Украіны пасля доўгага перапынку ўзнавілі наступальныя аперацыі ў ваколіцах Камянскага (на беразе былога Кахоўскага вадасховішча) і прасунуліся ў бок сяла Лугавое. Тут ЗСУ пашырылі зону кантролю на левым беразе ракі Янчэкрак.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў