Літва пачала выдаваць беларусам гуманітарныя ВНЖ тэрмінам на тры гады


Офіс Святланы Ціханоўскай паведамляе, што першыя беларусы, якія звярталіся за працягам літоўскага віду на жыхарства па гуманітарных падставах, атрымалі рашэнні аб яго працягу на тры гады.

Раней за працягам дазволу было неабходна звяртацца штогод. Гэта сведчыць аб тым, што нядаўна прыняты адпаведны закон Літоўскай Рэспублікі набыў моц.

Паводле Офісу Святланы Ціханоўскай, новыя змены часткова здымуць пытанне атрымання праязных дакументаў для гэтай катэгорыі беларусаў, таму што яго тэрмін прывязаны да тэрміну дзеяння дазволу на жыхарства. Раней пасля атрымання новага ВНЖ беларусы, якія не могуць атрымаць новы беларускі пашпарт, штогод былі абавязаны змяняць праязны дакумент. Цяпер ён будзе таксама дзейнічаць тры гады.

«Мы вельмі ўдзячныя нашым літоўскім партнёрам за гэтыя змены ў заканадаўстве. Для нас вельмі важна, што беларусы, якія не могуць павярнуцца дадому з-за пераследу з боку рэжыму, могуць пачувацца ў бяспецы і разлічваць на своечасовую дапамогу з боку Літвы», – падкрэсліла абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская.

Аб’ектыў
Ізноў расце напружанасць паміж літоўцамі і беларусамі
2024.01.03 20:41

Нагадаем, напрыканцы снежня Сейм Літвы прыняў папраўкі ў закон аб прававым статусе іншаземцаў. Згодна з ім іншаземцы, якія прыбылі на тэрыторыю Літвы з гуманітарнай візаю пры пасярэдніцтве МЗС, будуць атрымліваць ВНЖ тэрмінам да трох гадоў. Да гэтага беларусам неабходна было працягваць ВНЖ штогод.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў