Літоўскі Сейм ухваліў рашэнне аб выдачы гуманітарных ВНЖ беларусам на тры гады


Сейм Літвы прыняў папраўкі ў закон аб прававым статусе іншаземцаў. Згодна з ім іншаземцы, якія прыбылі на тэрыторыю Літвы з гуманітарнай візаю пры пасярэдніцтве МЗС, будуць атрымліваць ВНЖ тэрмінам да трох гадоў. Да гэтага беларусам неабходна было працягваць ВНЖ штогод.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Такім чынам, Сейм рэспублікі падтрымаў прапанову міністаркі ўнутраных справаў Агне Білатайце, з якой яна выступіла ў канцы верасня. У снежні гэтую прапанову ухваліў камітэт у міжнародных пытаннях літоўскага Сейму.

«Гэтая папраўка важная для больш як 750 беларускіх грамадзянаў, што ўцяклі ў Літву ад рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі, якім на гэтай падставе неабходна штогод працягваць від на жыхарства, і сітуацыя ў Беларусі не змянілася», – падкрэсліў старшыня камітэту ў замежных справах і старшыня групы «За дэмакратычную Беларусь» Жыгімантас Павілёніс.

Пры гэтым Агне Білатайце выступае за тое, каб на ўзроўні Сейму было прынятае рашэнне аб уніфікацыі абмежавальных захадаў для грамадзянаў Расеі і Беларусі. Яна падкрэсліла, што гэта звязана з пытаннямі бяспекі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў