Камітэт міжнародных справаў Сейму Літвы падтрымаў прапанову выдаваць беларусам ВНЖ на тры гады


Камітэт міжнародных пытаннях літоўскага Сейму падтрымаў павелічэнне тэрміну дзеяння відаў на жыхарства для беларусаў да трох гадоў. Пра гэта напісаў у Facebook Анатоль Лябедзька, дарадца Святланы Ціханоўскай у парламенцкай супрацы і канстытуцыйнай рэформе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сейм Літвы.
Фота: lrt.lt

«Хто рана ўстае, той нешта і атрымоўвае. Працяглая і сістэмная праца з дэпутацкай групай «За дэмакратычную Беларусь» Сейму Літвы, а таксама з МУС, падаецца, дае свае вынікі. Камітэт міжнародных пытанняў Сейму падтрымаў павелічэнне тэрміну дзеяння ВНЖ для беларусаў да трох гадоў! Аciu!» – напісаў палітык у сваім акаўнце.

Нагадаем, што з прапановаю выдаваць ВНЖ на 3 гады тым беларусам, якія не могуць вярнуцца ў сваю краіну з прычынаў палітычнага пераследу, у канцы верасня выступіла міністарка ўнутраных справаў Агне Білатайце. Яна зарэгістравала папраўку да Закону аб прававым статусе замежнікаў.

Але пазней камітэт літоўскага парламенту ў справе нацыянальнай бяспекі і абароны рэкамендаваў адхіліць прапанову міністаркі ўнутраных справаў.

Пры гэтым 5 снежня стала вядома, што Агне Білатайце выказала спадзяванне, што літоўскі Сейм пастановіць уніфікаваць абмежавальныя захады для грамадзянаў Расеі і Беларусі.

Таксама вядома, што 14 снежня ў сейме Літвы з ініцыятывы Офісу Святланы Ціханоўскай пройдуць слуханні і дыскусія ў фармаце пашыранага пасяджэння Камітэту міжнародных пытанняў і групы дэпутатаў «За дэмакратычную Беларусь», дзе засяродзяць увагу «на абмеркаванні становішча беларусаў у прававым полі Літвы».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў