У Расеі за адну ноч гарэлі дзве нафтабазы


У ноч на 4 траўня ў выніку атак беспілотнікаў адбыліся пажары на нафтаперапрацоўчых заводах у Краснадарскім краі і ў Растоўскай вобласці Расеі.

Гашэнне пажару на Ільскім НПЗ, Расея.
Фота: ГУ МНС Краснадарскага краю

На Ільскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Паўночным раёне Краснадарскага краю Расеі гарэў рэзервуар з нафтапрадуктамі, паведаміў губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў:

«Другая неспакойная ноч для нашых экстранных службаў. Пацверджанае ўзгаранне рэзервуараў з нафтапрадуктамі на Ільскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Паўночным раёне. Ужо працуюць пажарныя разлікі і працаўнікі МНС у складзе 48 чалавек і 16 адзінак тэхнікі. Па маім даручэнні на месцы здарэння застаецца таксама кіраўнік раёну. Паводле папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма. Насельніцтву пакуль нічога не пагражае».

Відавочцы чулі тры выбухі перад пажарам, паведамляе тэлеграм-канал «Baza». Ёсць версія, што ў рэзервуар трапіў беспілотнік. А 3:27 ночы пажар пагасілі.

Таксама ўначы 4 траўня беспілотнік узарваўся на тэрыторыі Навашахцінскага НПЗ у Растоўскай вобласці, пра што паведаміў губернатар Васіль Голубеў:

«У канструкцыі міжцэхавай эстакады заводу, што будуецца, урэзаўся беспілотны лятальны апарат, пасля чаго ўзарваўся. Агонь, які ўзнік у выніку выбуху, быў адразу пагашаны. Пажарнікі да гашэння ўзгарання не прыцягваліся, гарэнне было зліквідаванае сіламі службаў прадпрыемства».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў