Хрэнін у Іране: ці сапраўды ў Беларусі хочуць наладзіць вытворчасць «Shahed»?


Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) лічаць, што візіт міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна ў Іран звязаны з планамі размесціць на тэрыторыі Гомельскай вобласці вытворчасць дронаў-камікадзэ «Shahed», якія Расея актыўна выкарыстоўвае для атакаў на ўкраінскія гарады. Інфармацыя пра такія планы ўзнікае ў публічнай прасторы не ўпершыню. Belsat.eu распавядае, што пра гэта вядома.

Візіт міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна ў Іран. 31 ліпеня 2023 года.
Фота: Ян Гарбанюк / «Ваяр». Крыніца: Минобороны Беларуси / Twitter

Актывізацыя кантактаў Менску і Тэгерану

31 ліпеня міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін прыляцеў у Іран, дзе падпісаў мемарандум аб вайсковай супрацы з міністрам абароны Махамадам Рэза Ашціані. 1 жніўня Хрэнін сустрэўся з начальнікам Генштаба Ірану Махамадам Багері.

У беларускіх і іранскіх дзяржаўных медыях гэты візіт асвятляўся вельмі сціпла. Публічных заяваў было вельмі мала, яны зводзіліся да дзяжурнай рыторыкі пра сяброўства дзвюх краіна і адзінства поглядаў на светаўладкаванне. Пра рэальны змест перамоваў амаль нічога не вядома. Бакі абмеркавалі перспектывы развіцця ўзаемадзеяння ў вайсковай сферы і ўхвалілі план супрацы на 2023 год, аднак у чым канкрэтна будзе палягаць такая супраца – не паведамляецца. На сустрэчы з Багері размова ішла пра перспектывы ўзаемадзеяння ў «сферы падрыхтоўкі і выкарыстання ўзброеных сілаў», але зноў ніякіх дэталяў афіцыйныя крыніцы не распавялі.

Гэта ўжо другая сустрэча Хрэніна і Ашціані ў 2023 годзе. Раней міністры правялі перамовы ў Нью-Дэлі ў канцы красавіка. А ў сакавіку Іран наведаў Аляксандр Лукашэнка: ён сустрэўся з прэзідэнтам Абрахімам Раісі і высокапастаўленымі іранскімі чыноўнікамі. Імаверна, імпульс для актывізацыі кантактаў у вайсковай сферы быў дадзены менавіта візітам Лукашэнкі, хаця афіцыйна пра гэта тады не заяўлялася.

Што можа прапанаваць Іран?

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны звяртае ўвагу на тое, што іранскі міністр абароны Махамад Рэза Ашціані адказвае ў асноўным за перамовы аб вайсковых закупах і пастаўках. Таму яны з Хрэніным, імаверна, абмяркоўвалі здзелкі па продажы зброі.

Раней у Тэгеране заяўлялі, што іранскі ВПК за год нарасціў вытворчасць на 81%. Іран у апошні час хваліцца новым распрацоўкамі ў ракетнай сферы, у тым ліку стварэннем гіпергукавой ракеты «Fattah» (хаця праўдзівасць афіцыйных характарыстык «Fattah» выклікаюць у экспертаў сумневы).

Заходнія медыі яшчэ ў лістападзе 2022 года паведамлялі, што Іран нібыта гатовы пастаўляць Расеі свае балістычныя ракеты Fateh-110 і Zolfaghar, аднак доказаў таго, што гэта адбылося няма. Паводле «Financial Times», Масква баіцца, што выкарыстанне дальнабойных іранскіх ракетаў супраць Украіны падштурхне ЗША да таго, каб пастаўляць дальнабойныя ракеты ЗСУ.

Затое пастаўкі ў Расею іранскіх дронаў-камікадзэ распачаліся яшчэ ў жніўні 2022 году. Беспілотнікі «Shahed» сталі ключавым інструментам паветранай вайны супраць Украіны: яны масава выкарыстоўваюцца супраць аб’ектаў цывільнай інфраструктуры. З пункту гледжання аналітыкаў ISW, Хрэнін і Ашціані, імаверна, абмяркоўваліся пагадненне аб стварэнні вытворчасці іранскіх дронаў-камікадзэ на тэрыторыі Беларусі.

Варта адзначыць, што ў пачатку восені 2022 года з’яўлялася інфармацыя аб магчымых запусках з тэрыторыі Беларусі дронаў-камікадзэ для атакаў украінскіх гарадоў. Нават былі звесткі, што на тэрыторыі Гомельскай вобласці працуюць іранскія інструктары.

Іран прадае франшызу?

Інфармацыя пра тое, што ў Беларусі можа быць створана вытворчасць «Shahed» з’яўляецца не ў першы раз.

У канцы 2022 году ўкраінскі Цэнтр нацыянальнага супраціву выказваў здагадку, што зборку іранскіх дронаў могуць наладзіць на 558-м авіяцыйным заводзе ў Баранавічах. Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Бульба ў студзені сцвярджаў, што для даўкамплектавання беспілотнікаў выкарыстоўваецца «Гомельскі радыёзавод», а ў далейшым плануецца стварыць у Беларусі паўнавартасную вытворчасць. У пачатку траўня Цэнтр нацыянальнага супраціву са спасылкай на беларускае падполле паведамляў, што на «Гомельскі радыёзавод» ФСБ і КДБ арганізавалі візіт іранскіх інжынераў, якія мусілі ацаніць перспектывы супрацы. Пра магчымы перанос вытворчасці «Shahed» у Беларусь заяўляў і спікер Паветраных сілаў ЗСУ Юрый Ігнат.

Тым чысам Расея спрабуе наладзіць вытворчасць «Shahed» у Татарстане. У пачатку ліпеня выданне «Протокол» паведаміла, што зборка дронаў у горадзе Елабуга ўжо распачалася. Пакуль гаворка ідзе менавіта пра зборку з гатовых камплектуючых, а не самастойную вытворчасць. Дамова з Іранам мае на ўвазе навучанне спецыялістаў са спецыяльнай эканамічнай зоны «Алабуга», а таксама перадачу канструктарскай дакументацыі, якую інжынеры дзвюх краін сумесна дапрацоўваюць з улікам расейскіх патрэбаў. Паводле журналістаў, у масавай зборцы баявых дронаў з іранскіх камплектуючых у Елабузе ўдзельнічаюць студэнты мясцовага каледжа.

26 ліпеня прадстаўніца аператыўнага камандавання «Поўдзень» Сухапутных сілаў ЗСУ Наталля Гумэнюк заявіла, што расейскія войскі пачалі выкарыстоўваць для атакаў на Украіну «Shahed», сабраныя ў Расеі – пра гэта сведчыць адпаведная маркіроўка на абломках дронаў. Выданне Defense Express адзначае, што сабраныя ў РФ дроны, маюць таксама некаторыя тэхнічныя адрозненні.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фрагменты апаратаў «Geran-2» («Shahed 136») і «ZALA» былі заўважаныя падчас прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў сіл бяспекі і абароны Украіны ў Кіеве. 13 красавіка 2023 года.
Фота: Vladimir Shtanko / Anadolu Agency / ABACA / Abaca Press / Forum

У Белым доме лічаць, што ў далейшым у СЭЗ «Алабуга» плануецца пабудаваць завод па вытворчасці іранскіх беспілотнікаў – запрацаваць ён можа ў красавіку 2024 году. Паводле «The Wall Street Journal», завод у Татарстане будзе здольны выпускаць каля 6 тысяч беспілотнікаў штогод.

Навошта ствараць вытворчасць у Беларусі?

На сённяшні дзень няма доказаў таго, што Беларусь плануе распачаць на сваёй тэрыторыі зборку або поўны цыкл вытворчасці «Shahed». Аднак такое рашэнне не выглядае чымсьці нерэалістычным, прынамсі з палітычнага пункту гледжання.

Афіцыйны Тэгеран не прызнае факт паставак «Shahed» Расеі падчас вайны. Іранскае кіраўніцтва сцвярджае, што прадала расейцам невялікую партыю беспілотнікаў за некалькі месяцаў да поўнамаштабнага ўварвання, але гэтым усё нібыта і абмежавалася. З улікам масавасці выкарыстання «Shahed» супраць Украіны тлумачэнне Тэгерану выгладае недарэчна. Акрамя таго, заходнія медыі і спецслужбы маюць дастаткова сведчанняў наконт таго, якім чынам працуе схема паставак беспілотнікаў з Ірану ў Расею. У выніку пастаўкі дронаў-камікадзэ сталі падставай для ўвядзення супраць Ірану дадатковых санкцыяў.

З улікам рэакцыі Захаду, Тэгерану будзе больш бяспечна прадаць франшызу на вытворчасць «Shahed», чым працягваць пастаўляць іх Расеі наўпрост. Расейцам таксама выгадна стварыць вытворчасць у сябе, а не залежыць ад вонкавых паставак. Аднак нягледзячы на тое, што «шахеды» лічацца вельмі простымі і таннымі беспілотнікамі, на запуск паўнавартаснай вытворчасці ўсё роўна спатрэбіцца час. Паводле выдання «Протокол», гэтую праблему ў «Алабузе» плануецца вырашыць цягам 2-3 гадоў. Спачатку са спісу імпартуемых з Ірану камплектуючых прыбяруць корпус дронаў (ён самы просты ў вытворчасці), потым GPS-модуль і працэсар, потым – рухавікі і баявую частку.

Як раней тлумачыў спікер Паветраных сілаў Украіны Юрый Ігнат, самым цяжкім для Расеі будзе самастойна зрабіць блок GPS-навігацыі і кіравання, бо ў расейцаў праз заходнія санкцыі абмежаваны доступ да такога абсталявання. Гэтая праблема мусіць быць актуальнай і для Ірану, але Тэгеран мае багаты досвед абыходу санкцыяў і актыўна выкарыстоўвае ў вайсковых мэтах камерцыйна даступныя тэхналогіі.

Нельга выключаць, што ўлады Беларусі гатовыя дапамагчы Расеі і з наладжваннем вытворчасці «Shahed», у тым ліку праз дапамогу ў абыходзе санкцыяў. Раней Аляксандр Лукашэнка абяцаў Уладзіміру Пуціну, што ў Беларусі для замены заходняй мікраэлектронікі ёсць «усе неабходныя тэхналогіі і магчымасці». Складана сказаць, ці сапраўды Беларусь здольная вырашыць гэтую задачу больш эфектыўна, чым расейскі бок. Над спробамі Лукашэнкі выставіць сябе тэхналагічнай альтэрнатывай для Расеі часам іранізуюць нават пракрамлёўскія выданні. Аднак Крэмль у любым выпадку зацікаўлены ў тым, каб беларускі ВПК таксама ўключыўся ў працэс і працаваў на вайну супраць Украіны.

Цікава, што цягам апошняга году Лукашэнка праяўляе падвышаны інтарэс да развіцця вытворчасці беспілотнікаў у Беларусі. У прыватнасці, гэтая тэма стала цэнтральнай падчас наведвання палігону Абуз-Лясноўскі ў кастрычніку 2022 году, а таксама абмяркоўвалася на нарадзе ў лютым 2023-га. Праўда, пра іранскую франшызу ў гэтым кантэксце нічога не заяўлялася – толькі пра ўласна беларускія распрацоўкі.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў