«Накрые ўсё Берасце». Акумулятарны завод больш небяспечны, як некаторым падаецца


Больш за год у Берасці не спыняюцца маштабныя пратэсты супраць акумулятарнага заводу. Ужо сабралі прыблізна 40 тысяч подпісаў супраць новага прадпрыемства. Штотыдзень сотні людзей, нягледзячы на затрыманні і штрафы, выходзяць мірна пратэставаць у цэнтр Берасця. Што рухае гэтымі людзьмі: банальныя стэрэатыпы ці бітва за экалагічную будучыню кожнага з нас?

Праціўнікі акумулятарнага заводу адзначаюць: калі б усё было па законе, то пратэсты даўно б спыніліся. З другога боку, улады кажуць, што пратэсты праплачаныя і палітычныя ды ў іх бяруць удзел людзі, якія нават не жывуць побач з заводам.

Сапраўды, новы акумулятарны завод не месціцца наўпрост у Берасці, да яго трэба трохі праехаць па шашы М1 у бок Менску. Найбліжэйшы ад прадпрыемства раён абласнога цэнтру – Сцімава. Напрасткі ад заводу да Сцімава – прыблізна 3,5 кіламетры. На яшчэ бліжэйшай тэрыторыі ёсць вёскі і лецішчы.

Адзін з пратэстоўцаў, Дзям’ян Лепісевіч, жыве за паўтара кіламетра ад заводу. Родам сваёй дзейнасці ён звязаны са сфераю будаўніцтва. Мужчына пачаў вывучаць дакументы, якія былі ў адкрытым доступе, і вельмі спужаўся, што амаль каля ягонай хаты будзе стаяць небяспечны завод.

«Я ведаю, што такое акумулятары, я ведаю, якую гэта нясе небяспеку і ў чым небяспека работы з акумулятарамі. Свінец, аксід свінцу, серная кіслата – тут нават казаць няма пра што», – кажа спадар Дзям’ян.

Занепакоеныя не толькі жыхары найбліжэйшых паселішчаў, але і тыя, хто жыве, на першы погляд, дастаткова далёка ад заводу, напрыклад, у Берасці.

«Накрые ўсё Берасце. Зона распаўсюду будзе прыблізна 30 кіламетраў навокал. Гэта і ў выніку працы, і ў выніку, не дай божа, якога здарэння», – запэўнівае праваабаронца Раман Кісляк.

Яшчэ адзін праціўнік заводу АКБ – Улад Абрамовіч. З адукацыі ён доктар і таксама вельмі занепакоены магчымымі наступствамі ад такога небяспечнага суседства.

«Падступнасць гэтага заводу ў тым, што свінец не мае ані смаку, ані паху, гэта акумулятыўная атрута, якая будзе назапашвацца паступова і няўхільна. Гэта вельмі ўніверсальная атрута, якая будзе атручваць усе нашыя ферменты, то бок будзе ўздзейнічаць на ўсе сістэмы ў арганізме. Гэта будзе адбывацца вельмі незаўважна і вельмі паступова. Самая вялікая бяда ў тым, што, калі людзі выявяць у сябе прыкметы атручэння, штосьці рабіць будзе позна», – засцерагае Улад Абрамовіч.

ВІДЭА
«Сышоў, нібы якар на дно». «Дай Дарогу!» напісалі песню пра акумулятарны завод
2018.03.02 10:13

Зрабіць цішком, каб ніхто не заўважыў

За сітуацыю з акумулятарным заводам узяліся і юрысты. Праваабаронцы кансультавалі ўдзельнікаў пратэсту і дапамагалі ў развязанні юрыдычных пытанняў. Прадстаўнік грамадскага аб’яднання «Экадом» з Кобрына Сяргей Магонаў таксама быў сярод тых, хто дапамагаў грамадзянам адстойваць свае правы.

«Было парушанае права грамадскасці на ўдзел у прыняцці экалагічна значных рашэнняў, і таму мы ўцягнуліся ў гэтую сітуацыю ды супрацоўнічаем з мясцоваю грамадскасцю. Калі завод спраектаваць згодна з існымі нормамі, калі гэты праект зрэалізаваць згодна з існымі нормамі, то вялікай небяспекі ён уяўляць не будзе. Але, як вы ведаеце, у нас усё праектуецца з мінімальнымі коштамі, а потым гэтага праекту вельмі рэдка датрымліваюцца пры рэалізацыі», – кажа Сяргей Магонаў.

Hавiны
Акумулятарны завод пад Берасцем пачаў нелегальную працу па начах?
2019.05.04 20:22

«Калі мы пачалі задаваць пытанні Берасцейскаму акумулятарнаму заводу, якія будуць ачышчальныя збудаванні, якія будуць тэхналогіі для ўтылізацыі адкідаў, то пачалі маніпуляваць і гуляць інфармацыяй», – распавядае Наталля Блышчык з Цэнтру экалагічных рашэнняў.

Наталля кажа, што ніякай цямнай інфармацыі пра ўтылізацыю адкідаў знайсці нідзе не ўдалося. А тое, што было ў агульным доступе, не было прапрацаванае. Пасля шэрагу пытанняў і намаганняў выцягнуць з прадстаўнікоў заводу інфармацыю, стала вядома: штогод будзе ўтварацца больш за тысячу тон адкідаў, якія ўтрымліваюць свінец, а што з імі будуць рабіць, дасюль невядома.

Аб’ектыў
Пракуратура Берасця запужвае незадаволеных акумулятарным заводам
2018.01.28 18:44

За два дні да запісу ток-шоу «Кожны з нас» у нашай рэдакцыі пабываў высокапастаўлены прадстаўнік групы кампаніяў «1АК Груп». Прыйсці ў студыю прадстаўнікі адмовіліся, спаслаўшыся на шчыльныя працы для запуску заводу.

Але прадстаўнік кампаніі цягам некалькіх гадзін даказваў, што ніякай шкоды экалогіі ад заводу не будзе. Бо там усталявалі газаачышчальныя фільтры СРФ10КР са ступенню ачысткі 99,9 %.

«Такія фільтры сапраўды існуюць, але пытанне ў эксплуатацыі. Кожны фільтр мае перыядычнасць замены фільтраў, і вось на гэтым часцей за ўсё сыплюцца прадпрыемствы. Калі пыл не паляціць у трубу, ён будзе затрымлівацца на фільтрах. Калі фільтры мяняюцца, то што пасля з гэтымі фільтрамі?» – пытае Наталля Блышчык.

Са словаў пратэстоўцы Дзям’яна Лепісевіча, калі з’явілася інфармацыя пра гэтыя фільтры, яны пачалі спраўджваць, што там і да чаго. На сайце вытворцы было напісана, што фільтр не ачышчае аэразольных адкідаў, а пасля ачысткі на выхадзе паветра будзе ўтрымліваць 2 мг/м3 забруджванняў. Але ж завод і без фільтраў абяцаў, што будзе роўна такая ж колькасць забруджванняў.

«Мы пачалі задаваць пытанні: хлопцы, а як так, што да фільтраў і пасля фільтраў атрымліваюцца аднолькавыя звесткі? Як толькі мы гэта агучылі, літаральна на наступны дзень на сайце вытворцы знікла інфармацыя пра тое, што фільтр не чысціць паветра ад аэразоляў, а колькасць забруджванняў з 2 мг змянілася на 1 мг», – адзначае спадар Дзям’ян.

Hавiны
Асобы пратэсту супраць акумулятарнага заводу ў Берасці. Хто яны?
2019.03.31 15:51

На адной з канферэнцыяў пра экалагічную бяспеку выказаўся інвестар Берасцейскага акумулятарнага заводу – акумулятарны алігарх, як яго некаторыя называюць, Віктар Лемяшэўскі.

«Першае, што мы зробім пры пашырэнні вытворчасці, – развяжам экалагічныя праблемы. Я ўпэўнены, што больш за тры, я не ўпэўнены, адкуль увогуле тры бярэцца, больш за тры кілаграмы дакладна ў паветра трапляць не будзе», – запэўніў Лемяшэўскі.

Не вельмі пераканана, але таксама намагаўся тлумачыць, што свінец цяжкі і, вылятаючы з трубы, будзе падаць у тую ж самую трубу. У скрайнім выпадку – на тэрыторыю заводу.

«Я магу сказаць адно: ён [Лемяшэўскі] сказаў бязглуздзіцу. З трубы вылятаюць не шарыкі, а мікрачасціцы ды рассейваюцца, а не падаюць назад у трубу», – пракаментавала экалагічную сенсацыю ад Віктара Лемяшэўскага прамысловы эколаг Ксенія Снапко.

Больш пра сітуацыю з заводам у Берасці, што будзе з экалогіяй рэгіёну, як змагацца са шкоднымі прадпрыемствамі і калі спыняцца пратэсты, глядзіце ў прэм’ерным выданні ток-шоу «Кожны з нас» (відэа вышэй).

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і на нашай старонцы.

Стужка навінаў