Пракуратура Берасця запужвае незадаволеных акумулятарным заводам


Шырокая кампанія неабыякавых жыхароў Берасця і рэгіёну супраць пабудовы патэнцыйна небяспечнага акумулятарнага заводу ў Свабоднай эканамічнай зоне «Берасце» працягвае набіраць абароты. Актывісты ўжо сабралі 25 тысячаў подпісаў. Жыхары вёскі Шэбрын запрасілі нашых журналістаў, каб распавесці, што яны думаюць пра завод. Аднак раней за журналістаў туды прыехалі прадстаўнікі пракуратуры. Яны пагражаюць незадаволеным штрафамі.

Грамадскія абмеркаванні аб пабудове новага прадпрыемства распачаліся ўжо пасля таго, як тэму заводу ўзнялі не залежныя ад дзяржавы медыі.

«Калі падмурак ужо зроблены, народ раптам спазнае, што гэта будзе акумулятарны завод», – кажа жыхар вёскі Шэбрын.

15 студзеня на сустрэчы ў вёсцы Тэльмы-1 ўлады і мясцовыя жыхары не здолелі дасягнуць кампрамісу. Уласнік заводу «iPower», бізнесовец Віктар Лемяшэўскі, гэтак і не пераканаў большасць людзей у бяспечнасці праекту.

«На сустрэчы казалі, што будзе поўная інфармацыя. Інфармацыі на сённяшні дзень ад кіраўніцтва заводу няма ніякай новай», – кажа жыхарка вёскі.

У мясцовых жыхароў застаецца шмат сумневаў адносна высноваў дзяржаўных эколагаў аб бяспечнасці магчымых свінцовых выкідаў. Яны разам з грамадскімі арганізацыямі і актывістамі дамагаюцца перагляду вынікаў экспертызы або, прынамсі, прызначэння новых, незалежных даследаванняў.

«Прычына праблемы, якая зараз узнікла, бярэ свой пачатак з неадпаведнай арганізацыі грамадскіх абмеркаванняў, якія, як мы лічым, не адбыліся», – упэўнены Рыгор Цярэнцьеў з грамадскага аб’яднання «Час Зямлі».

Актывісты лічаць, што варта працягваць абмеркаванне праекту. Праўда, гэта атрымліваецца не заўжды: учора ў вёсцы мела адбыцца сустрэча мясцовых жыхароў з журналістамі. Аднак, як высветлілася, напярэдадні грамадзяне ўжо паспелі сустрэцца з пагрозамі – з боку пракуратуры Берасцейшчыны: маўляў, такая сустрэча «незаконная». Як вынік, пад пільным наглядам працаўнікоў у цывільным, каля мясцовай крамы ўсё ж сабралася каля дзесяці чалавек.

35-ты артыкул асноўнага закону краіны – Канстытуцыі – гарантуе беларусам свабоду мірных сходаў. Таму з пракуратурай не можа пагадзіцца праваабаронца Раман Кісляк. Ён паскардзіўся на дзеянні Берасцейскай пракуратуры Генеральнаму пракурору краіны.

«Людзі могуць збіраць подпісы, людзі могуць сустракацца з журналістамі, даваць інтэрв’ю (не толькі з журналістамі, але і з блогерамі), распаўсюджваць інфармацыю. І на гэтыя формы выказвання меркавання, распаўсюду інфармацыі не патрабуецца якога-колечы дазволу, не патрабуецца апавяшчэння ўладаў», – кажа Раман Кісляк.

Дзеля аб’ектыўнасці матэрыялу журналісты разам з актывістамі спрабавалі звярнуцца па каментар і да іншага боку канфлікту – мясцовых уладаў. Але чыноўнікі наадрэз адмаўляюцца каментаваць хаду будоўлі ды сыходзяць у глухую інфармацыйную абарону.

«Калі прыйшоў у райвыканкам – там сказалі, што з аблвыканкаму паступіла каманда: ніякіх інтэрв’ю, нічога не даваць», – кажа актывіст, чалец Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Кабанаў.

Людзі працягваюць змагацца з небяспечнай, на іх думку, будоўляй, збіраючы подпісы. Валанцёрка Ірына кажа, што негатыўна да ініцыятывы ставіцца толькі 2 асобы са ста – маўляў, ім «не замінае».

«Усе астатнія актыўна падпісваюцца. Кажуць: малайцы, мы з вамі!», – распавядае дзяўчына.

Праз адсутнасць адэкватнай рэакцыі з боку ўладаў колькасць незадаволеных грамадзянаў працягвае расці.

Сцяпан Святлоў