Асобы пратэсту супраць акумулятарнага заводу ў Берасці. Хто яны?


Ужо больш за год трывае берасцейскі пратэст супраць акумулятарнага заводу, пабудаванага недалёка ад гораду.

Завод павінен быў запрацаваць у канцы мінулага года, пазней «АйПаўэр» абяцаў выпусціць першы акумулятар у сакавіку, але ўжо вядома, што гэта не адбудзецца найбліжэйшым часам. Гэта значыць, праціўнікі заводу пратэстуюць недарма. Хто гэтыя асобы?

ВІДЭА
Кармленне галубоў – гэта берасцейскі брэнд. Топ-10 фактаў пра барацьбу супраць акумулятарнага заводу
2019.03.17 15:03

Дзям’ян Лепясевіч

Дзям’ян Лепясевіч выступае на сустрэчы грамадзянаў з уладамі і бізнесменамі ў вёсцы Тэльмы

Галоўным моцны бок Лепясевіча – добрае веданне тэхналогіі вытворчасці. Гэта ён разнёс каманду бізнесмена Віктара Лемяшэўскага і чыноўнікаў на адзінай публічнай сустрэчы з грамадскасцю ў Тэльмах у пачатку мінулага году, прыбіўшы апанента фактамі. Дзямʼян карыстаецца вялікай папулярнасцю ў актывістаў пратэсту. Ініцыятыўная група нават плануе вылучыць яго кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. За сваю дзейнасць ён падвяргаўся рэпрэсіям з боку ўладаў – аднойчы міліцыя забрала яго наўпрост з дому, некалькі дзён Дзямʼян Лепясевіч правёў у ІЧУ, а затым атрымаў штраф.

Зміцер Бекалюк

Зміцер Бекалюк выступае на сходзе ў Тэльмах

Жыхар элітнага пасёлка Стымава стаў адной з галоўных асобаў пратэсту з першых яго дзён. Ён робіць вялікі кавалак працы, які не заўсёды бачны воку – напрыклад, перапісваецца з чыноўнікамі. Добрая адукацыя і веданне замежных моваў дазваляе вынесці пытанне будаўніцтва акумулятарнага заводу далёка за межы Беларусі. Таксама Бекалюк робіць шмат арганізацыйнай працы і не саромецца быць публічнай асобай падчас розных сустрэч, канферэнцый ды каментароў для СМІ.

Юлія Зубік

Юлія Зубік дае інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат».

У рух супраць будаўніцтва заводу Юлія Зубік са сваім мужам Ігарам прыйшла вымушана – акумулятарны завод бачны з вокнаў іх дому ў вёсцы Хабы. Сям’я вымушана была пачаць змагацца за сваё права жыць і дыхаць чыстым паветрам. Юлію затрымлівала міліцыя, яе судзілі, але, не гледзячы на пераслед, яна працягвае актыўную працу ў ініцыятыўнай групе супраць заводу.

Таццяна Фесікава

Калі Лепясевіч – эксперт у тэхнічных дэталях будаўніцтва заводу, то Таццяна Фесікава – медык, і ўсе наступствы працы акумулятарнага заводу яна ведае менавіта з боку шкоды здароўю. Відавочна, што ейныя веды небяспечны для ўладаў. З-за ўдзелу ў ініцыятыўнай групе яны згубіла працу ў дзяржаўнай лякарні, яе затрымлівалі разам з Юліяй Зубік, судзілі і штрафавалі, але яна працягвае выступаць супраць заводу.

Актывісты на ўручэнні прэміі беларускай праваабарончай супольнасці. Сяргей Пятрухін, Сяргей Свірскі, Ірына Сіліцкая, Раман Кісляк, Алесь Бяляцкі, Алесь Абляк, Таццяна Фесікава, Маісей Мазько. Фота прадстаўлена актывістамі

Алесь Абляк

Алесь пераехаў у Берасце з Барысава, але актыўна ўключыўся ў барацьбу, каб Берасцейцы дыхалі чыстым паветрам. Беларускамоўны актывіст надае пратэстнаму руху нацыянальныя беларускія каштоўнасці.

Раман Кісляк

Даўно працуе праваабаронцам, і з першых дзён пратэсту дапамагае кампаніі. На ім – юрыдычная дапамога, падача заявак у органы ўлады і праца са СМІ.

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў

Актывіст Аляксандр Кабанаў корміць птушак на плошчы

Актывісты і блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў асвятляюць пратэст на сваіх каналах «Народны рэпарцёр» і «Ютуб дэпутаты». Яны збіралі подпісы супраць будаўніцтва заводу, а калі прынеслі на плошчу расцяжку «Нет заводу АКБ», былі затрыманыя ды пакараныя соднямі ды штрафамі. Затрыманні Пятрухіна і Кабанава ўжо нікога не здзіўляюць, бо яны адбываліся не аднойчы. На абодвух блогераў былі заведзеныя крымінальныя справы.

Канстанцін Астапук

Канстанцін Астапук – чалавек у касцюме ліса, што быў затрыманы АМАПам пасля кармлення галубоў у Берасці

Кастанцін – той самы чалавек, які быў затрыманы ў касцюме ліса, некалькі разоў аказваўся ў ІЧУ, а адзін з кіраўнікоў берасцейскай міліцыі пагражаў яго ўтапіць у Мухаўцы. Да сёння Астапук – актыўны ўдзельнік пратэсту.

Маісей Мазько

Ён зʼяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы супраць заводу, прымушае ўлады адказваць на свае звароты, вядзе перапіску, дае каментары СМІ.

Ірына Сіліцкая

Ірына Сіліцкая на плошчы ў вобразе ваўчыцы, якая шукае затрыманага ліса

Актыўная ўдзельніца пратэсту, збірала подпісы супраць будаўніцтва заводу, сябра ініцыятыўнай групы, займаецца ў тым ліку падачай дакументаў у суд і органы ўлады.

Віталь Казак

Віталь Казак

Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці Берасця, у тым ліку і ў пратэсце супраць заводу. Затрымліваўся разам з Кабанавым, Пятрухіным і Статкевічам. Быў аштрафаваны. Перад Новым годам міліцыя затрымала Віталя, які збіраўся на традыцыйную акцыю кармлення галубоў у касцюме Дзеда Мароза – у тую нядзелю актывіст да плошчы так і не дабраўся.

Уладзімір Вялічкін

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін

Яшчэ адзін праваабаронца, які маніторыць пратэст, працуе з прэсай. За асвятленне пратэсту затрымліваўся міліцыяй, правёў содні ў ІЧУ.

Юлія Нічыпарук

Юлія Нічыпарук каля суду Берасцейскага раёну

Тая самая маладая маці, якая атрымала штраф толькі за тое, што яе дзеці зляпілі снегавіка, якога ўпрыгожылі налепкай супраць заводу.

Зміцер Андрасюк

Удзельнік паўмарафону Зміцер Андрасюк выступае супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем

У пратэстным руху – ад самага пачатку, займаўся зборам подпісаў супраць будаўніцтва і нават прабег паўмарафон у цішотцы супраць заводу

СА belsat.eu

Стужка навінаў