Віталь Портнікаў Лукашэнка і «брудная нафта» Крамля

Украінскі публіцыст, пісьменнік і тэлевядучы.

Фота Viktor Drachev/TASS

Калі б гісторыі з «бруднай нафтай» з Расеі не было, Аляксандру Лукашэнку варта было б яе прыдумаць. Яшчэ некалькі дзён таму Крэмль падазраваў беларускага прэзідэнта ў «палітычным рамонце» нафтаправоду «Дружба», што прывяло б да сур’ёзных праблем для расейскай нафтавай галіны. Але цяпер можа апынуцца, што «Дружбе» патрэбен ніякі не палітычны, а самы сапраўдны рамонт. І рамонт гэты звязаны з самай сутнасцю расейскай эканомікі – з карупцыяй і непрафесіяналізмам, якія выходзяць з-пад кантролю ўлады.

Ужо ясна, што само зʼяўленне «бруднай нафты» – гэта не экалогія, а банальная спроба зарабіць на няякаснай сыравіне. Так у савецкіх крамах літаральна на вачах пакупнікоў разводзілі вадой смятану – і ўжо хто-хто, а Лукашэнка пра гэта выдатна памятае.

Шкода Беларусі ад няякаснай нафты можа скласці $ 435 млн

Рэпутацыя Расеі – пад пытаннем

Менавіта таму ён можа дазволіць сабе перайсці да нападу, запатрабаваць у Масквы матэрыяльную кампенсацыю за псаванне нафтаправода і прыступіць да яго рамонту ў любы момант, калі ў Крамлі не прыслухаюцца да яго просьбаў і вырашаць прытармазіць чарговы крэдыт.

У Лукашэнкі з’явілася выдатная магчымасць запатрабаваць грошы за вырашэнне канкрэтнай праблемы, адмаўляць наяўнасць якой у Маскве наўрад ці стануць. І нават калі адмовяць у кампенсацыі, то могуць быць больш спагаднымі да іншых фінансавых уліванняў у Беларусь. Таму што сама сітуацыя з «бруднай нафтай» ставіць рэпутацыю Расеі як надзейнага пастаўшчыка пад сурʼёзнае пытанне – і Крамлю не патрэбны дадатковы інфармацыйны шум з Менску.

Ремонт и «Дружба». Лукашенко демонстрирует Путину свое видение союза

Зяленскі пад прыцэлам

Тым больш, што ў гісторыі з «бруднай нафтай» ёсць і пабочныя наступствы, якія могуць дапамагчы Расеі вырашыць палітычныя пытанні, звязаныя ўжо не толькі з расейска-беларускімі, але і з расейска-ўкраінскімі адносінамі.

Набліжаецца чэрвень – месяц, з якога павінны быць уведзеныя абмежаванні на пастаўку расейскіх нафтапрадуктаў ва Украіну. Гэта абмежаванне здольнае сур’ёзна паўплываць на кошты на ўкраінскім рынку і азмрочыць першыя месяцы прэзідэнцтва Уладзіміра Зяленскага – і ясна, што Масква прыняла рашэнне пра новыя санкцыі супраць Кіева менавіта з мэтай падарваць сацыяльны падмурак новага кіраўніка суседняй дзяржавы.

Але да гэтага была праведзеная самая сапраўдная спецаперацыя па абмежаванні беларускіх паставак ва Украіну. Пасля памяншэння расейскіх паставак у Беларусь – і, як следства, змяншэння паставак беларускіх нафтапрадуктаў для Украіны – Расея паставіла нафтавы рынак Украіны пад свой амаль манапольны кантроль. І толькі пасля гэтага ўрад Дзмітрыя Мядзведзева прыняў рашэнне аб санкцыях.

«Паспортная» война. Путин провоцирует Зеленского – пока успешно

Лукашэнка хоча грошай за разуменне інтрыг Крамля

Дык вось пасля гісторыі з «бруднай нафтай» пастаўкі з Беларусі вымушана зменшыліся. Для Крамля важна, каб у выпадку ўвядзення расейскіх санкцый супраць Украіны Беларусь не змагла аператыўна нарасціць пастаўкі і замяніць Расею на ўкраінскім нафтавым рынку, каб Украіна пачала набываць больш дарагую нафту. І тут любое абмежаванне паставак будзе працаваць у інтарэсах Масквы – нават «брудная нафта», якая можа ў выпадку залішняй актыўнасці Менску зноў нечакана з’явіцца ў «Дружбе». Карупцыя і разгільдзяйства ж нікуды не дзяюцца!

Аляксандр Лукашэнка выдатна гэта разумее. І хоча грошай нават не за «зʼедзены» няякаснай сыравінай нафтаправод, а менавіта за разуменне крамлёўскіх інтрыг.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Развітанне з «гаўляйтэрам» і новая місія Бабіча

Віталь Портнікаў/ІР, для belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары