Віталь Портнікаў Развітанне з «гаўляйтэрам» і новая місія Бабіча

Украінскі публіцыст, пісьменнік і тэлевядучы.

У Данецку Міхаілу Бабіч сапраўды будзе чым заняцца – тым больш, што там ён будзе не паслом або прадстаўніком, а сапраўдным гаспадаром становішча. Фота – Forum/Alexander Shcherbak/TASS

Ці сапраўды былы расейскі амбасадар у Беларусі Міхаіл Бабіч адразу ж пасля сыходу з пасады быў заўважаны ў акупаваным расейцамі Данецку? Ці можа ён стаць новым «куратарам» «народных рэспублік» замест дарадцы прэзідэнта Пуціна Уладзіслава Суркова? Афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль няма. Застаецца задавольвацца навінамі з телеграм-каналаў і дыскусіяй пра кандыдатуру і перспектывы Бабіча, што пачалася паміж «ветэранамі» расейскага ўварвання. Але сам факт таго, што ніхто асабліва не здзіўляецца магчымаму новаму прызначэнню Бабіча, кажа, што яго працягваюць успрымаць як прафесійнага «гаўляйтэра», расейскага намесніка, якому даручаюць самыя адказныя і рызыкоўныя місіі.

«Назіральнік» ад расейскіх спецслужбаў

Уласна, дзякуючы адной такой місіі мы ўсё пра Бабіча і даведаліся. У 2002 годзе, калі гэты былы дэсантнік, які не меў ніякага дачынення да Паўночнага Каўказу, быў прызначаны старшынём ураду Чачэнскай рэспублікі. На чале часовай адміністрацыі Чачэніі, якая толькі што, пасля страшнай вайны, зноў перайшла пад кантроль Крамля, тады стаяў былы муфтый самаабвешчанай Ічкерыі Ахмат Кадыраў, бацька цяперашняга кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава. І пасада кіраўніка ўрада, па сутнасці, была пасадай «назіральніка» ад расейскіх спецслужбаў за новым саюзнікам.

Ахмат Кадыраў. Фота – grozny.tv

Вядома, Кадырава і іншых чачэнскіх лідараў, што вырашылі супрацоўнічаць з Крамлём, такі «назіральнік» – ды яшчэ з характарам Бабіча – адкрыта не задавальняў. Новы прэм’ер пратрымаўся на пасадзе ўсяго некалькі месяцаў, пасля чаго перамясціўся на лаву запасных – у дэпутаты.

Але пра хватку Бабіча ў Крамлі не забыліся ды зрабілі яго ў 2011 годзе прадстаўніком прэзідэнта ў Паволжскай федэральнай акрузе – адным з самых няпростых з пункту гледжання адносін з цэнтрам рэгіёнаў, у склад якога, сярод іншых суб’ектаў федэрацыі, уваходзяць Татарстан і Башкартастан з іх самастойнымі кланамі ва ўладзе.

Канфуз яфрэйтара ў Кіеве

Аднак магчымасць па-сапраўднаму вярнуцца і да абавязкаў «гаўляйтэра», і ў вялікую палітыку як такавую ​​ў Бабіча зʼявілася толькі ў 2016 годзе, калі яго вырашылі зрабіць паслом ва Украіне. Амбасадар у адстаўцы, былы расейскі міністр сацпалітыкі Міхаіл Зурабаў у Кіеве нечакана шмат для каго – і, магчыма, перш за ўсё для Крамля – ​​праявіў сябе як дыпламат, стараўся не рабіць рэзкіх заяваў і яшчэ да Майдана завязаў асабістыя адносіны з шматлікімі прадстаўнікамі ўкраінскай палітычнай эліты, сярод якіх быў і Пётр Парашэнка.

Такі пасол Маскве пасля анексіі Крыму і вайны на Данбасе быў відавочна не патрэбны. А вось Бабіч – у самы раз, гэта той самы выпадак, калі «яфрэйтара ў Вальтэры даць».

Акуратны «дружбак Пуціна». Што кажуць пра новага амбасадара РФ у Беларусі

І тут адбыўся канфуз – у Кіеве выдатна зразумелі, з кім будуць мець справу, і адмовіліся прымаць новага амбасадара. З таго часу ні расейскага пасла ва Украіне, ні ўкраінскага ў Расеі няма. А Бабіча – ці то ў суцяшэнне, ці то для новага задання адправілі ў Менск – добра, Аляксандр Лукашэнка не мог павесці сябе гэтак жа жорстка, як Пётр Парашэнка.

Выгнаць самаўпэўненага «дыпламата» у цяльняшцы з Беларусі

Але мог павесці сябе, як Аляксандр Лукашэнка. Бо прэзідэнту Беларусі «гаўляйтар» таксама не патрэбны. Афіцыйны Менск павёў кампанію, што мела на мэце выгнанне самаўпэўненага «дыпламата» у цяльняшцы з Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка і Міхаіл Бабіч, верасень 2018 года. фота president.gov.by

А Бабіч прывычна не заставаўся ў даўгу, так што нярэдка было ўражанне, што ён адчувае сябе не столькі амбасадарам, колькі прадстаўніком прэзідэнта Расеі ў Беларускай федэральнай акрузе. Лукашэнку заставалася толькі цярпліва чакаць, калі колькасць правакацыйных заяваў Бабіча не дазволіць Уладзіміру Пуціну адмахвацца ад настойлівых патрабаванняў адклікаць свайго «гаўляйтэра» з Менску.

Але дзеля справядлівасці трэба сказаць, што амбасадарам у Беларусі Бабіч прабыў усё ж даўжэй, чым старшынём урада Чачэніі.

Новая місія для Бабіча – дэстабілізаваць Данбас?

І калі пасля такой захапляльнай кар’еры яго пашлюць у Данецк – у гэтым будзе свая логіка. Не пасол ва Украіне, але чалавек, які зможа дэстабілізаваць сітуацыю ў гэтай краіне і скараціць час паўнамоцтваў яе новага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага – напрыклад, калі арганізуе новае ўварванне дыверсантаў, узмацненне абстрэлаў, эскалацыю на фронце. Ці проста будзе прыглядаць за наёмнікамі, накіроўваючы прыбытак ад кантрабанды ў правільныя рукі.

Словам, у Данецку Бабічу сапраўды будзе чым заняцца – тым больш, што там ён будзе не амбасадарам або прадстаўніком, а сапраўдным гаспадаром становішча.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Віталь Портникаў/МВ, для belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары