Лукашэнка да 1 сакавіка абавязаны паказаць сваю маёмасць і прыбыткі


Дзяржаўныя службоўцы і асобы, якія займаюць пасады, уключаныя ў кадравы рэестр кіраўніка краіны, абавязаны да канца лютага задэклараваць прыбыткі і маёмасць за папярэдні год. Пра гэта нагадваюць у Міністэрстве па падатках і зборах. Патрабаванне таксама датычыцца некаторых службовых асобаў, якія займаюць адказнае становішча, а таксама асобаў, якія паступілі на дзяржслужбу праз абранне, сярод іх – дэпутаты, прэм’ер-міністр і прэзідэнт.

Такія захады прадугледжаны антыкарупцыйным заканадаўствам, паведамляе TUT.BY

Падаць дэкларацыю трэба ў тым ліку дзяржслужбоўцам, супрацоўнікам органаў унутраных справаў (на пасадах старэйшага і сярэдняга начальніцкага складу), службы бяспекі кіраўніка краіны, органаў фінансавых расследаванняў КДК, кіраўнікам дзяржарганізацыяў і арганізацыяў, у статутных фондах якіх 50 % і болей знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы.

У цэлым спіс тых, каму паводле антыкарупцыйнага заканадаўства неабходна дэклараваць прыбыткі і маёмасць, атрымаўся істотным. Сярод іх – таксама прэзідэнт, прэмʼер-міністр, дэпутаты парламенту, суддзі (у тым ліку суддзі Канстытуцыйнага суда), пракуроры (абласцей, Менску, раёнаў, раёнаў у гарадах, гарадоў, міжраённыя, транспартныя пракуроры і іх намеснікі), следчыя, кіраўнікі падатковых органаў i iх намеснiкi, а таксама іншыя.

Пры гэтым жонкі і поўнагадовыя сваякі, якія пражываюць сумесна і вядуць агульную гаспадарку з вышэйпералічанымі катэгорыямі грамадзянаў, таксама павінны задэклараваць прыбыткі і маёмасць.

У дэкларацыі павінны быць указаныя заробкі, пенсіі, матэрыяльная дапамога і падарункі ад прафсаюзных арганізацыяў (як у грашовай, так і натуральнай форме), дывідэнды ад арганізацыяў, атрыманыя крэдыты (у тым ліку карты растэрміноўкі). Даць справаздачу таксама трэба за атрыманыя ў падарунак грошы, за атрыманае за мяжой узнагароджанне і за прададзеную за мяжой маёмасць.

Нягледзячы на тое, што задэклараваць прыбыткі і маёмасць неабходна за 2018 год, да прыкладу, аўтамабіль, набыты ў студзені сёлета, таксама трэба пазначыць, удакладняюць падаткавікі.

Рэальныя заробкі ў дзяржкіраванні растуць прыкметна хутчэй, чым у сярэднім па краіне. Паводле звестак Белстату, у студзені – лістападзе летась у дзяржкіраванні рэальныя заробкі, якія разлічваюцца з улікам інфляцыі, выраслі на 25,9 % да аналагічнага перыяду 2017 году. У сярэднім па краіне рэальныя заробкі павялічыліся на 12,4 %.

Сярэдняя зарплата ў работнікаў дзяржкіравання ў студзені – лістападзе мінулага года склала 1267 рублёў, у той час як сярэдняя па краіне за гэты перыяд – 944.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў