Кітай давёў Шры-Ланку да кабалы крэдытамі. Ці варта непакоіцца беларусам?


Кітай праз свае крэдыты ў межах праекту «Адзін пояс – адзін шлях» давёў паўднёва-азіяцкую краіну да таго, што тая цяпер вымушаная расплачвацца ўласнай тэрыторыяй. Карыстацца кітайскімі фінансамі амаль ніколі не цуралася і Беларусь. Ці варта і нам турбавацца аб сваёй будучыні?

Краіна просіць грошаў у Кітая і плаціць за гэта сваёй тэрыторыяй

Як паведамляюць The New York Times і The Wall Street Journal, да фінансавай залежнасці ад Пекіну Шры-Ланку прывяло будаўніцтва за кітайскія крэдыты новага порта. Пачалося ўсё з таго, што Шры-Ланка апынулася ў ізаляцыі праз парушэнні правоў чалавека і з гэтай прычыны стала абапірацца на фінансавую падтрымку Кітая. Нягледзячы на перасцярогі экспертаў прэзідэнт Махінда Раджапакса ўзяў крэдыт, каб пабудаваць у краіне другі порт. Па традыцыі Кітай не толькі даў грошы на сам порт, але і даслаў сваю кампанію з работнікамі, якія мусілі яго ўзвесці.

У 2010 годзе порт быў адкрыты. Але запатрабаваным так і не стаў. Гэта не перашкодзіла звярнуцца па чарговы крэдыт да Кітая, на які ў порце сіламі кітайскіх кампаній пабудавалі індустрыяльны парк і аэрапорт. У 2015 годзе Раджапакса прайграў выбары. А новы ўрад не здолеў абслугоўваць назапашаны доўг. У выніку ланкійскія ўлады перадалі порт і прылеглую тэрыторыю на 99 гадоў Кітаю.

Не менш за 7 млрд долараў крэдытаў для Беларусі

Адным з рэгулярных атрымальнікаў кітайскіх крэдытаў з’яўляецца і Беларусь. Краіны разам збудавалі пад Менскам індустрыяльны парк «Вялікі Камень». За кітайскія грошы ў нашай краіне будуюць дамы і стадыёны, рамантуюць дарогі, працуюць супольныя прадпрыемствы, як, напрыклад, «Geely». Наладжаная супраца і ў вайсковай сферы. А кітайцы ў Беларусі знаходзяцца ў лідарах сярод працоўных імігрантаў.

Па дадзеных беларускай амбасады ў КНР, пры фінансавай падтрымцы кітайскіх банкаў у Беларусі рэалізуецца ці ўжо рэалізавана 27 буйных інфраструктурных і інвестыцыйных праектаў у розных галінах больш чым на 7 млрд долараў. Па словах Аляксандра Лукашэнкі, ёсць яшчэ вялікая колькасць ня выбраных камерцыйных кітайскіх крэдытаў.

Hавiны
Кітайскія жаўнеры на парадзе 3 ліпеня – Далёкі Усход супраць больш блізкага?
2018.06.29 14:03

Ці бяспечна браць крэдыты ў Кітая?

Як адзначыў у каментары Belsat.eu эксперт у не еўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін, з магчымай кітайскай экспансіяй не ўсё так адназначна. Ён падкрэсліў, што ў пытанні інвестыцый Кітай аддае перавагу не бедным краінам, а сярэдне- і нават высоказаможным. Тым не менш, азіяцкія, афрыканскія і лацінаамерыканскія краіны ўсё больш бяруць крэдыты ў яго, каб дыверсіфікаваць свае крэдыты. І з прычыны таго, што Пекін інвестуе часам у даволі рызыкоўныя краіны (напрыклад, Зімбабвэ), на Захадзе ўжо абвінавачваюць КНР у неакаланіялізме, калі фінансава залежныя краіны прымушаюць альбо даваць такія прэферэнцыі, як на Шры-Ланцы, альбо падтрымліваюць Пекін на палітычным поле, як у выпадку з Камбоджай.

Але, мяркуе эксперт, хутчэй за ўсё Кітай проста шукае развіццё шляхоў для ўзаемавыгаднага гандлю. Менавіта на развіццё гандлёвых калідораў і была накіраваная ініцыятыва «Адзін пояс – адзін шлях». Асабліва гэта тычацца больш далёкіх ад Кітаю рэгіёнаў – Афрыкі, Лацінскай Амерыкі і Усходняй Еўропы. А падазрэнні ў неакаланіялізме, на думку Яўгена Красуліна, наадварот перашкаджаюць гэтаму і адштурхоўваюць ад КНР урады слабаразвітых дзяржаваў.

Hавiны
У Берасці пачалі збіраць беларуска-кітайскія мікрааўтобусы
2018.12.12 07:44

Таму Кітай дзейнічае больш асцярожна. Напрыклад, у выпадку, калі нейкая далёкая краіна не можа выплаціць пазыкі, Кітай можа іх скасаваць, як гэта адбылося ў выпадку Зімбабвэ і Венесуэлай. Альбо кітайскія інвестары проста не будуць укладаць сродкі туды, дзе яны могуць ператварыцца ў дрэнныя інвестыцыі, як, напрыклад, у беларускім «Вялікім Камяні».

Калі б Кітай сапраўды хацеў прывязаць да сябе краіны, ён бы наадварот «убухваў» грошы ў бедныя краіны, а «потым бы з’явіўся раптоўна і сказаў: ці аддавайце мне грашыма, ці аддавайце свае землі, заводы, шляхі зносін і гэтак далей», мяркуе Яўген Красулін.

Эксперт не выключае, што ў выпадку змены ўнутранай палітычнай ці эканамічнай сітуацыі, Кітай «можа з’явіцца на ганку з патрабаваннем вярнуць усё і адразу». Праўда тады Пекіну будзе не да далёкіх тэрыторый. Пры гэтым, шмат што залежыць ад нацыянальных урадаў і іх здольнасці прааналізаваць праекты, у якія гатовы інвеставаць Кітай. Калі ўлады здолеюць ацаніць плюсы і мінусы супрацы з гэтай краінай, то праблемаў не будзе, падсумаваў суразмоўца.

Hавiны
Хачу пабачыць зубра: кітайскія студэнты размаўляюць па-беларуску
2018.12.27 13:50

«Гэта страшэнна дарагія крэдыты»

Як заявіў у каментары Belsat.eu беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук, у Беларусі з кітайскімі крэдытамі пакуль адныя праблемы. Нябачна выпадкаў, якія б паказвалі, што звязаныя кітайскія крэдыты пайшлі на карысць беларускай прамысловасці ці прывялі да рэальнай мадэрнізацыі ды далі добры эфект.

«Гэта як пастка, у якую палец усадзіш, а потым яна цябе праглыне», – адзначыў эканаміст.

Па словах суразмоўцы, з боку ўраду няма глыбокай аналітыкі таго, як працуюць гэтыя крэдыты і колькі яны рэальна каштуюць.

«На паперы яны, напрыклад, каштуюць да 5 %. Але, калі палічыць усе тыя заробкі, якія маюць кітайскія кампаніі, звязваючы машыны, абсталяванне і іншыя працы, то гэтыя крэдыты выйдуць пад 15-20 %. Гэта страшэнна дарагія крэдыты», – падкрэсліў Яраслаў Раманчук.

Паводле эксперта, віна ў гэтым не кітайскага боку, а тых беларускіх чыноўнікаў, якія павінны сачыць за якасцю кіравання дзяржаўнымі фінансамі, інвестыцыйнымі і інавацыйнымі праектамі, а не «судзіць бабульку за тое, што яна прадае пакеты па рублі». Пакуль жа мільярды не зразумела куды выданых долараў застаюцца без неабходнага аналітычнага абгрунтавання і даследавання.

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў