Кітайскія жаўнеры на парадзе 3 ліпеня – Далёкі Усход супраць больш блізкага?


Кітайскія жаўнеры на падрыхтоўцы да параду ў Менску. Фота Міністэрства абароны Беларусі

Атрад ганаровай варты Народна-вызваленчай арміі КНР будзе ўпершыню ў гісторыі ўдзельнічаць у парадзе 3 ліпеня ў Менску. Раней толькі расейскія жаўнеры рэпрэзентавалі міжнародную прысутнасць на галоўным дзяржаўным свяце.

Што Менск, запрашаючы новых гасцей, хоча прадэманстраваць сваім грамадзянам, суседзям і ўсяму свету?

Госці з Паднябеснай

Вайскоўцы кітайскай арміі прыехалі ў Беларусь 24-25 чэрвеня і ўжо пачалі сумесныя трэніроўкі з беларускімі і расейскімі жаўнерамі, якія таксама будуць удзельнічаць у афіцыйным «Дне Незалежнасці».

На фота бачна, што парадны разлік прадстаўляе жаўнераў трох радоў войскаў Народна-вызваленчай арміі КНР – Сухапутных войскаў, Паветраных і Ваенна-марскіх сілаў Кітаю.

Вайскоўцы ўзброеныя новымі кітайскімі штурмавымі вінтоўкамі «Тып 95», якія зробленыя па схеме булпап. Гэта азначае, што магазін і ўдарна-спускавы механізм знаходзяцца не спераду ад спускавога кручка, а ззаду, вельмі блізка да прыкладу. Схема мае як свае плюсы (кампактнасць, стабільнасць пры стральбе), гэтак і мінусы (парахавыя газы выходзяць значна бліжэй да твару стралка, горшы баланс).

Сваім выглядам кітайскія жаўнеры дэманструюць новы імідж кітайскай арміі – арміі, якая імкліва мадэрнізуецца і ўсё больш ставіць на якасць падрыхтоўкі і высокія тэхналогіі, а не толькі на колькасць і баявы дух.

Беларускія ўлады, са свайго боку, маюць на розуме ўласныя мэты.

«Беларускія ўлады, запрашаючы да ўдзелу ў галоўным дзяржаўным свяце замежных вайсковаслужбоўцаў, імкнуцца дасягнуць канкрэтных палітычных і прапагандысцкіх мэтаў», – адзначае партал «Belarus Security Blog».

Гэта і дэманстрацыя асаблівых адносінаў з Кітаем, і палітычны сігнал Крамлю, лічыць выданне.

Небяспечны перакос

Відавочна, што Аляксандр Лукашэнка прысутнасцю кітайскіх жаўнераў хоча прадэманстраваць як суседнім краінам, гэтак і грамадзянам Беларусі, што далёка не толькі арыентацыя на Маскву вызначае беларускія вонкавапалітычныя прыярытэты.

Не сакрэт, што краіны НАТО, а таксама Украіна, якая вядзе барацьбу за вызваленне сваіх тэрыторый ад прарасейскіх баевікоў, вельмі часта лічаць афіцыйны Менск толькі марыянеткай Масквы, што стварае для беларускай вонкавай палітыкі вялікія праблемы. Груба кажучы, з нашымі дыпламатамі часам не хочуць абмяркоўваць сур’ёзныя праблемы, якія датычацца нашага рэгіёну, проста таму, што не бачаць у Беларусі самастойнага гульца.

Расейскія дэсантнікі на парадзе ў Менску ў 2016 годзе.

Толькі ўчора Галоўнае ўпраўленне разведкі Міністэрства абароны Украіны заявіла, што разглядае Беларусь як магчымы плацдарм для расейскай атакі на Украіну.

Вясной мінулага году былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шарэпка адкрыта заявіў, што лічыць беларускую армію толькі часткай расейскай. І ён не адзін сярод экспертаў і інсайдэраў у краінах НАТО прытрымліваецца такога меркавання.

З іншага боку, адносіны Менску і Масквы паступова робяцца ўсё больш складанымі – Беларусь адкрыта не крытыкуе, аднак ухіляецца ад падтрымкі вонкавапалітычных авантур Уладзіміра Пуціна. У сваю чаргу Расея адчувае дзеянне санкцыяў і праблемы ў эканоміцы, таму ўсё цяплей ставіцца да заклікаў унутраных лабістаў па скарачэнні прысутнасці Беларусі на расейскім унутраным рынку.

Парадны разлік Сіл спецыяльных аперацый арміі Беларусі на парадзе 3 ліпеня 2017 году.

Акрамя таго Расея не хоча выконваць у поўным абʼёме прынцыпы вольнага гандлю ў межах ёй жа створанага Еўразійскага звязу, у сувязі з чым Беларусь фактычна вымушаная кожны год «выбіваць» сабе спецыяльны кошт на расейскі газ і нафту, а таксама абʼёмы паставак. І гэты важны для канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі працэс з кожным годам праходзіць усё складаней.

Усходні цмок падстаўляе крыло?

З 2013 года дэлегацыі толькі Міністэрства абароны Кітая былі ў Беларусі 11 разоў – то бок наведвалі нашу краіну часцей, чым два разы ў год. У гэтым годзе ўпершыню ў Беларусь прыбыў міністр абароны Кітая Вэй Фэнхэ, які сустракаўся не толькі са сваім калегам Андрэем Раўковым, але і з Аляксандрам Лукашэнкам.

Міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў і міністры абароны Кітая Вэй Фэнхэ ў Менску. Фота СТВ.

Прычым лідар Беларусі гэтай вясной фактычна назваў Кітай галоўнай апорай беларускай абароны.

«У наш час вы згулялі вызначальную ролю ва ўзмацненні абароназдольнасці Беларусі. Вы дапамаглі нам стварыць самыя сучасныя касмічныя падраздзяленні і адправіць на арбіту сучасны спадарожнік. Мы з вамі стварылі ў Беларусі самы сучасны цэнтр кіравання палётамі спадарожніка. Вы дапамаглі нам стварыць самае сучаснае ракетнае ўзбраенне. Мы ў даўгу не застанемся. У вас ёсць тут самыя надзейныя сябры», – сказаў лідар Беларусі міністру абароны Кітая.

Кітай дапамагаў беларускай арміі асобнымі ўзорамі лёгкай колавай бранятэхнікі, удзельнічаў у распрацоўцы беларускіх ракетных сістэм залпавага агню «Паланэз». З большым ці меншым поспехам ажыццяўляюцца маштабныя сумесныя эканамічныя праекты.

У 2017 годзе Кітай падараваў Беларусі партыю сваіх бронемашын CS/VN3, якія атрымалі ў нас мянушку «Цмок»

Такім чынам Менск паказвае ўсім, што на Маскве для яго свет клінам не зышоўся. Аднак ці дапаможа гэта ў гандлёва-дыпламатычных баях з Крамлём? Удзел «кітайскай альтэрнатывы» у менскім парадзе могуць палічыць у Маскве несяброўскім жэстам.

«У Маскве з высокай доляй падазронасці ставяцца да пранікнення Кітая на постсавецкую прастору. Асабліва ва ўсім, што звязана з бяспекай», – адзначае «Belarus Security Blog».

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары