Эксперт: У беларуска-расейскай гандлёвай вайне выйграе Кітай


Эксперт Юрый Пашык, які стаяў ля вытокаў стварэння Еўразійскага эканамічнага саюзу, тлумачыць, чаму хаўруснікі вядуць паміж сабой гандлёвую вайну. Паводле эксперта, гаспадарчы эгаізм топіць гэтае інтэграцыйнае аб’яднанне. Аб рэаліях існавання ЕўрАзЭС і месца Беларусі ў ім у эфіры «Размовы дня» размаўляюць Усевалад Сцебурака і дырэктар кампаніі «Беллис» Юрый Пашык.

Вострыя пытанні наконт мэтазгоднасці існавання Еўразійскага эканамічнага саюзу гучаць сёння з самых высокіх трыбунаў. Аб’яднанне, якое мусіла спрасціць гандаль паміж краінамі-ўдзельніцамі, прывяло да таго, што выгаду атрымліваюць трэція дзяржавы і буйныя карпарацыі.

Дырэктар ААТ «Выпрабаванні і сертыфікацыя бытавой і прамысловай прадукцыі «Беллис» Юрый Пашык, які ўваходзіць у склад экспертаў аднаго з галоўных падкамітэтаў Еўразійскай эканамічнай камісіі, ад самага пачатку папярэджваў, што новае ўтварэнне не прынясе плёну ўдзельнікам. У выніку Беларусь нясе эканамічныя страты, дачыненні з Расеяй пагаршаюцца, трывалых сувязяў паміж іншымі краінамі – чальцамі ЕАЭС гэтак і не ўзнікла. Падобна, што прыбытак атрымлівае толькі Кітай, які завальвае рынак таннымі таварамі.

Саюз, заснаваны на памылках

Паводле Юрыя Пашыка, дамова аб стварэнні ЕАЭС паўстала ў рэжыме цэйтноту.

«З аднаго боку, дамова ёсць эканамічным стрыжнем саюзу, а з іншага, яна выкананая не здавальняюча. Калі б гэты тэкст быў пададзены мне студэнтам універсітэту, я б не тое што не прыняў яго ў якасці курсавой працы, я б нават не паставіў заліку. Таму што і тэкст, і змест тэксту, і тэрміналогія надзвычай не здавальняючыя», – ахарактарызаваў дакументацыю эканамічнага саюзу ў галіне тэхнічнага рэгулявання Юрый Пашык.

Прагноз эксперта быў адназначны: «Такі саюз прынясе толькі шмат праблемаў».

Чаму праблемы гэтак доўга не заўважалі?

Юрый Пашык сцвярджае, што хібы ў працы ЕАЭС былі відаць ад самага пачатку. Чаму ж толькі сёння дзеля іх вырашэння ломяць дзіды першыя асобы дзяржаваў? Эксперт тлумачыць: «Ад пачатку гэтыя праблемы не былі матэрыялізаваныя. Ніхто не разумеў, што будзе ў сухім астатку. І вось мінула тры гады, і мы сёння можам палічыць адносна долара канкрэтныя страты, якія Беларусь атрымала ад гэтага працэсу».

Дрэнная думка або дрэнная рэалізацыя?

Каб адпавядаць выклікам сучаснага тэхналагічнага свету, эканомікі розных дзяржаваў вымушаныя аб’ядноўвацца. Кожнае аб’яднанне мае ўзмацняць кожнага ўдзельніка. Што ж не так з ЕАЭС?

«Мэта першапачаткова была задэклараваная: свабоднае перасоўванне тавараў, працоўнай сілы, агульны рынак і гэтак далей. Але каб гэта працавала, патрэбныя правілы гульні. Сёння наш агульны рынак цалкам не абаронены, нават рынкам я яго назваць не магу, магу назваць толькі паўднёвым базарам. Бо практычна нацыянальнаму вытворцу на нашым рынку месца няма», – дадаў Юрый Пашык.