Алесь Кіркевіч Казкі для пенсіянера КДБ ці наўздагон «Маніфесту» Суркова

журналіст, літаратар

«У адной далёкай-далёкай галактыцы жылі людзі. І ў іх не было свайго Пуціна. Зараз ніхто там не жыве, ды і галактыкі той няма…» Вось агульны змест «Маніфеста» Суркова, праграмнага артыкула пуцінізма як ідэалогіі. Але гэта не ўсё…

Здаецца, дзіўнаваты маніфест як для праграмнага артыкула «звышдзяржавы» ХXІ ст., з вялікімі прэтэнзіямі і планамі на ўвесь свет. Але зусім не дзіўны для яе аўтара – дарадцы Пуціна Уладзіслава Суркова, шматгадовага шэрага кардынала Крамля, які бавіцца яшчэ і напісаннем фантастычнай прозы, сябруе з Прылепіным.

Тэкст Суркова – гэта ўраўненне з усімі невядомымі, якое чамусьці мае складвацца і вырашацца. Тэарэма, якая не патрабуе доказаў. Рытуальная малітва невядомым багам, якая мае чытацца нараспеў, пажадана хорам, у задымленым кадзілам змрочным памяшканні з маленькімі акенцамі і візантыйскімі зводамі.

Сэнс у тым, што ў Расеі ўсё добра, «загадкавая руская душа» не патрабуе тлумачэнняў, а яе носьбіт мае права на ўсё – на ўвесь свет. Праўленне Пуціна, якое аўтар называе «доўгім» (нешта кшталту 1000-гадовага Райху) – гэта абсалют, «царства нябеснае» на зямлі. Свет мае альбо «увераваць» у гэты шлях, альбо знікнуць. Рускія танкі і баявыя шахцёры-бураты гатовыя да экспарту: яны ўжо чакаюць сігналу, каб з воклічам «Ураааа» і адборным матам ісці на …, цьфу, наперад, да перамогі.

Маніфест Суркова заклікае ўвесь свет перапужацца, маўляў, «трымайце мяне сямёра, зараз я тут усё разнясу!», а рускіх – супакоіцца і жыць, як раней. Чаму так? Звычайная практыка таталітарызмаў – мабілізацыя свайго насельніцтва, а тут – супакойванне. Насамрэч, нічога дзіўнага. Суркоў тлумачыць, што асаблівасці рускага народу, нікім неразгаданага і незразумелага – лянота, карупцыя, схільнасць да гвалту – гэта норма і таямніца перамогаў. Усё добра. Keep calm and Carry on!

Экс-кіраўнік Савета міністраў Крыму: Падчас Майдану да мяне прыязджаў Суркоў

То бок уся гэтая шэрасць і дзіч, з ракетамі, асвячонымі праваслаўнымі іерархамі, парадамі, «бессмяротным палком», абсіканымі пад’ездамі, пенсіянеркай, якая нядаўна з’ела ўкраінскага дворніка, усё гэта – норма і нават нагода для гонару. У вас такое ёсць? Неа. А ў нас – ёсць. Не хвалюйцеся – мы вам экспартуем!

Пра «Майстра і Маргарыту» Булгакава казалі, што гэта раман для аднаго чалавека. Мінаючы ўсе містычныя падтэксты, Міхаіл Афанасьевіч, ведаючы, што Сталін раман абавязкова прачытае, закладаў адзін мэсідж – не чапайце майстроў-пісьменнікаў, а рэшту – можна. Наўрад ці Суркоў разлічваў, пішучы свой маніфест, што ён будзе чытацца на прахадных заводаў, у прамерзлых электрычках, перадавацца ў раздрукоўках з рук у рукі, не. Гэта тэкст для аднаго чалавека – для Пуціна.

Уладзімір Уладзіміравіч ужо не малады чалавек, сентыментальны. Найбольшая катастрофа ягонага жыцця – развал Саюзу. Найвышэйшая мара і мэта – яго аднаўленне. Пра гэта Пуціна казаў неаднойчы. У яго зараз ёсць усё – мільярды, Кабаева, «звышдзяржава»… Чаго яшчэ пажадаць? Здзяйснення мары. Ці хаця б стварэння прыжыццёвага культу асобы, падобнага на сталінскі, толькі ў дарагім заходнім касцюме і ў праваслаўным німбе з пазалотай.

Памочніка Пуціна хакнулі. Апублікаваныя сакрэтныя дакументы

Дыктатары маюць уласцівасць старэць. А калі старэюць – думаць пра вечнае, глабальнае, слухаць казкі пра вечнае і глабальнае. Суркоў, як выдатны псіхолаг, усё гэта злавіў ды ўгадаў, таму, пішучы свой тэкст, зрабіў не толькі гіпсавы злепак з твару Пуціна, але і з твару ўсёй краіны. А ўсе дэфекты назваў вяршыняй прыгажосці. Ну ці не геній?

Усё гэта весела і смешна: «пуцінізм» як рэлігія, экспарт гэтай рэлігіі, «доўгае праўленне», «глыбінны народ»… Вясёленькая казачка для колішняга КДБшніка на пенсіі, які нават нямецкую мову падзабыў, хоць і працаваў у ГДР, той самай далёкай галактыцы, мільён гадоў таму. Зрэшты, наш герой-пенсіянер жыве не адзін, а ў шматпавярховым доме. А раптам газ не выключыць, сыходзячы ў паліклініку? Страшна ж. Суседзі баяцца, таму вітаюцца, цікавяцца пра здароўе. А самі думаюць: калі ты ўжо…

Алесь Кіркевіч/Belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары