Памочніка Пуціна хакнулі. Апублікаваныя сакрэтныя дакументы


Узлом пошты Уладзіслава Суркова – вынік супольнай працы ўкраінскіх хакерскіх групаў «Кіберхунта», «Фолканзфлэйм», «Трыніці» і «Рух 8. Хактывісты абяцаюць не спыняцца.

ВІДЭА АД ХАКЕРАЎ-АКТЫВІСТАЎ:

«З дапамогай шахтораў Данбасу мы праклалі новую галіну метро наўпрост пад кабінеты крамлёўскіх чыноўнікаў. На мінулым тыдні нашыя хактывісты ўзарвалі сеціва дакументамі з канцылярыі прэзідэнта РФ Уладзіслава Суркова. Сёння мы публікуем новы паштовы дамп. У ім вы знойдзеце планы федэралізацыі Украіны, праекты зменаў украінскай Канстытуцыі, таемныя дамовы з чыноўнікамі, схаваныя пункты Менскага працэсу, афшорныя схемы кантрабанды паліва на акупаваных тэрыторыях і шмат, і шмат чаго яшчэ»

Масіў інфармацыі ўтрымлівае лісты з прыёмнай апарату Суркова за апошнія 4 гады. Сярод звычайнай працоўнай руціны там ёсць розныя рэдакцыі Менскіх пагадненняў, напрыклад, з пунктам аб вывадзе з Данбасу цяжкіх агнямётных сістэмаў «ТОС-1 Бураціна», прывезеных з Расеі.

У перапісцы фігуруе калісьці найбагацейшы чалавек Украіны, алігарх Рынат Ахметаў.

Ёсць спіс гэтак званых міністраў самаабвешчанай «Луганскай народнай рэспублікі», з якіх Суркоў выбіраў, каго пакінуць, а каго прыбраць з пасады. Частка гэтых асобаў ужо мёртвая.

ХАКЕР З ГРУПЫ «RUH8»:

«Суркоў – гэта чалавек Крамля, вельмі высокапастаўлены. Усе мы добра разумеем, з фактамі ды без фактаў, што ён мае дачыненне да таго, што адбываецца на Данбасе».

Уладзіслаў Суркоў з канца 80-х кіраваў кампаніямі, якія міжнародныя следчыя звязваюць з групаю гэтак званых сяброў Пуціна. У 98-м годзе Суркоў быў намеснікам генеральнага дырэктара Грамадскага расейскага тэлебачання, потым перайшоў у Адміністрацыю прэзідэнта, быў віцэ-прэмʼерам.

З дакументаў, апублікаваных хакерамі, вынікае, што цяпер Суркоў курыруе план дэстабілізацыі Украіны. З афіцыйных асобаў на працу хакераў пакуль адрэагаваў толькі кіраўнік Закарпацця Генадзій Маскаль. Ён звярнуўся ў Службу бяспекі Украіны, каб тыя праверылі мясцовага актывіста Івана Данацка, які лічыць сябе «народным губернатарам», арганізоўвае акцыі непадпарадкавання і «атрады самаабароны».

ГЕНАДЗІЙ МАСКАЛЬ, СТАРШЫНЯ ЗАКАРПАЦКАЙ АБЛАСНОЙ АДМІНІСТРАЦЫІ:

«Калі гэты план дэстабілізацыі не фэйк, а рэальны (пра што кажуць нашыя спецслужбы), то ў Закарпацці яго даручана зрэалізаваць Івану Данацку… Гэтак, у плане ўказаны «Тарыфны майдан», які актыўна прасоўвае Данацка».

Хакеры з украінскага Кіберальянсу пачалі дзеяць супраць Расеі падчас яе ўзброенай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе. Абʼядналіся не адразу.

ХАКЕР З ГРУПЫ «RUH8»:

«Мы вельмі добра разумелі, што ў спецслужбаў ніякіх дзяржаўных органаў няма такога ўзроўню падрыхтоўкі, як у нас, таму мусілі дапамагчы, выканаць свой грамадзянскі абавязак».

Паводле «хактывістаў», ім не дапамагае ні ЗША, ні іншая краіна НАТО, хапае і свайго ўзроўню навыкаў.

ХАКЕР З ГРУПЫ «RUH8»:

«Як жа так? Калі нашыя хлопцы бегаюць у акопах з аўтаматамі… Вядома, гэта гучыць, як заклік на мітынг, але мы там не бегаем, сядзім сабе ўдома ў цеплыні з клавіятурамі, то як мы можам дапамагчы ім? Мы робім гэта не для дзяржавы, а для сваёй краіны, для сябе».

Хакеры ведаюць, што імі ўжо займаюцца следчыя з расейскага ФСБ ды іншых спецслужбаў, але ездзіць у Расею не збіраюцца. А спыніцца абяцаюць, толькі калі Масква выведзе свае гібрыдныя войскі з украінскай тэрыторыі.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: ТАСС / Артур Лебядзеў