Экс-кіраўнік Савета міністраў Крыму: Падчас Майдану да мяне прыязджаў Суркоў


Былы кіраўнік Савета міністраў Крыму Анатоль Магілёў кажа, падчас Майдану да яго на паўвостраў прыязджаў памочнік прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна Уладзіслаў Суркоў.

Пра гэта ён распавёў у інтэрв’ю выданню «Украінская праўда».

«Я з Сурковым сустракаўся, калі ён прыязджаў у Крым, у канцы 2013 ці пачатку 2014 года. З ім прыехалі яшчэ 4-5 чалавек», – паведаміў Магілёў.

Паводле яго слоў, сваю світу Суркоў прадставіў як «работнікаў інжынерных службаў».

Магілёў кажа, што мэтай візіту было абмеркаванне магчымага будаўніцтва Керчанскага мосту.

«Гаворка ішла пра тое, што яшчэ ў 1995 ці 1997 году было падпісана сумеснае пагадненне Украіны і Расеі аб узвядзенні Керчанскага моста. Гэты дакумент хадзіў паміж Расеяй і Украінай у кабінетах міністраў, яно абмяркоўвалася, ішло ўзгадненне службаў. Адно з узгадненняў завісла ў Кіеве», – распавядае экс-кіраўнік Саўміна.

Паводле яго слоў, Суркоў запэўніваў, што прыезд звязаны толькі з гэтым.

24 студзеня экс-кіраўнік Савета міністраў АРК і МУС Украіны Анатоль Магілёў даў паказанні ў Абалонскім раённым судзе Кіева па справе аб дзяржаўнай здрадзе Віктара Януковіча. Там ён распавёў, што падчас сустрэчы 21 лютага 2014 года ў Кіеве з экс-прэзідэнтам той казаў яму пра пагрозу свайму жыццю.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў