У трох дзіцячых садках Гомля выявілі інфікаваных каронавірусам, піша мясцовае выданне gomel.today.
25 траўня сайт gomel.today паведаміў пра выпадак заражэння каронавірусам у садку № 125 у Савецкім раёне Гомля. Новым каронавірусам заразілася работніца кухні. Паводле журналістаў мясцовага выдання, адміністрацыя садка пацвердзіла факт заражэння. Садок працягвае працаваць.
Пасля публікацыі гэтай навіны gomel.today даведаўся пра яшчэ адзін садок з каронавірусам. Бацькі дзяцей, якія ходзяць у садок № 91 паведамілі, што адзін з работнікаў заразіўся каронавірусам. Ва ўстанове ўведзены масачны рэжым. Дзеці працягваюць хадзіць у садок.
Таксама выданне паведамляе, што каронавірус выяўлены і ў дзіцячым садку № 104. Паводле непадцверджанай інфармацыі, там нібыта захварэў музычны работнік. Садок працуе.
25 траўня Мінздароўя Беларусі апублікавала свежую статыстыку па колькасці хворых на COVID-19. Ад пачатку эпідэміі ў краіне было зафіксавана 37 144 выпадкі заражэння новым каронавірусам.
ЮВ belsat.eu