Баец палка Каліноўскага Салам: Міф пра расейскіх салдат як пра «чмобікаў» з іржавымі калашамі – не самы карысны


Беларускі добраахвотнік ва Украіне Яўген Салам Жураўскі лічыць, што ўяўленне пра расейскіх салдат як выключна пра «чмобікаў» з іржавымі калашамі не заўсёды бывае карысным. Расейцы вельмі хутка вучацца, і ставіцца да іх трэба як да небяспечнага ворага. Пра гэта ваяр палка Каліноўскага казаў падчас сустрэчы з беларусамі ў варшаўскім бары «Карма».

Беларускі добраахвотнік Яўген Жураўскі з пазыўным Салам. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Насамрэч уся гэтая гісторыя з тым, што «Ванькі тупыя» і «чмобікі», карацей – «адразу ў трупныя пакеты кладзіцеся», – гэта велізарная праблема. Мяркую, што ўкраінская прапаганда троху «пераборшчвае». Сітуацыя іншая… Расейцы вельмі хутка вучацца. У тым, як яны ваявалі раней і як ваююць зараз, ёсць розніца. Яны і новыя тэхналогіі асвойваюць у працэсе», – гаворыць Яўген Жураўскі.

З іх варта жартаваць, але ставіцца трэба як да небяспечнага ворага, мяркуе добраахвотнік. Ён кажа, што «чмобікаў», якія нічога не разумеюць, у расейскім войску дастаткова. Яны могуць выклікаць нават шкадаванне, бо іх «кідаюць на мяса» і таму пры першай магчымасці тыя здаюцца ў палон.

«І некаторыя з іх ва ўкраінскім палоне будуць жыць лепей, чым у нейкай там сваёй расейскай глыбінцы», – зазначае Яўген Салам Жураўскі.

Але ў кожным разе, падкрэслівае баец, і ў тых расейцаў, хто не хацеў трапіць на вайну, быў выбар: сесці ў турму ці «зрабіцца вырадкам, акупантам, забойцам і здохнуць у акопе». Яўген яшчэ раз паўтарае, што расейцы хутка вучацца.

«Цяпер у іх ёсць »Ланцэты« (дрон-камікадзэ – заўв. «Белсат»), і яны гэтыя дроны і «Шагэды» штампуюць проста на ўчорашнім малаказаводзе. І гэта праблема. Таму той міф – дурная тэма. Не самы карысны міф, я б сказаў», – падсумаваў баец палка Каліноўскага.

«Не проста выкапалі акопы – яны іх забетанавалі»

На ягоную думку, ініцыятывай на фронце зараз цалкам валодаюць украінскія войскі (за выключэннем хіба некалькі кропак), хоць контрнаступ ЗСУ ідзе «не так хутка, як хацелася б». Прычыны ў тым, што расейцы паспелі збудаваць моцную лінію абароны, мяркуе добраахвотнік.

Сустрэча з беларускім добраахвотнікам Яўгенам Жураўскім з пазыўным Салам у бары Карма. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«За гэты час расейцы пабудавалі афігенную лінію абароны. Не проста выкапалі нейкія акопы – яны іх забетанавалі. То бок ты не проста нейкі драўляны бліндаж штурмуеш – кінуў дзве гранаты, і ён разваліўся, – а моцныя бетонныя ўмацаванні. У іх было шмат часу каб падрыхтавацца. І ўсё адно ўкраінскія войскі ідуць наперад. Не так хутка, як хацелася б, але яны – прабіваюцца. І ініцыятыва застаецца за Украінай», – сцвярджае Яўген Жураўскі.

Яўген Салам Жураўскі ваюе ў складзе батальёну «Волат» ПКК – камандуе мінамётным разлікам. Мінулай зімой працаваў у Бахмуце.

«Утульны падвал з буржуйкай. Лепшае месца для жыцця (смяецца). Зараз так файна наўрад ці будзе. Думаю, будзем жыць у бліндажах – у лесапасадках. І мяркую, што інтэнсіўнасць баёў зімой будзе спадаць. Але думаю, Украіна, нягледзячы на ўмовы надвор’я, працягне свой наступ», – кажа Яўген.

Нейкія прагнозы на будучыню беларускі добраахвотнік не робіць («Вайна – непрадказальная штука»).

«Што будзе далей, я не ўяўляю. Адзінае, у чым маю пэўнасць, гэта тое, што праз некалькі тыдняў я зноў вярнуся ў полк, каб далей змагацца поплеч з маімі хлопцамі», – гаворыць Яўген Жураўскі.

«Дзякую, відос мне не патрэбны»

Ваяр распавядае, што ягоная вайна, як мінамётчыка, не выглядае так, як на відосах: «бяжыш – страляеш». Ён ужо год знаходзіцца на баявых пазіцыях і прызнаецца, што за гэты час ніводнага разу не страляў па ворагу з аўтамата. Мае іншае – «мінамётную радасць».

«Аўтамат ёсць. Але гэта праблема. Я казаў: дайце мне пісталет – я з яго хоць застрэліцца змагу нармальна. З аўтамата ж – нязручна», – па-чорнаму жартаваў падчас сустрэчы Яўген Жураўскі.

Тлумачыць, што ягоны мінамётны разлік працуе звычайна за 2-4 км ад лініі фронту. Яўген па рацыі атрымлівае каардынаты ўдару, разлічвае, перадае хлопцам (у разліку – 4 чалавекі), як трэба выстаўляць прыцэл, адзін з ваяроў прыносіць міну…

«Я камандую. Тузаем за вяровачку па камандзе – і яна кудысьці ляціць, і што там недзе адбываецца, я нават уяўляць не хачу. Бо – нічога добрага. Але час ад часу нам кажуць: хлопцы, малайцы! Я адказваю: Дзякую, відос мне не патрэбны, глядзець не буду», – апавядае мінамётчык.

Беларускі добраахвотнік Яўген Жураўскі з пазыўным Салам. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Чаму так будзённа распавядаю? Ну таму што звыкся ўжо да гэтага», – дадае Яўген Жураўскі.

Ён прызнаецца, што, «калі рабіў на вайне першыя крокі», не хацеў ісці ў штурмавыя падраздзяленні, бо баяўся, што будзе маральна цяжка страляць у людзей. Цяпер жа часамі падумвае: а ці не варта паспрабаваць?

«Я зараз думаю, што пабачыў ужо столькі рознай жэсці, што, магчыма, і сярод штурмавікоў у мяне будзе больш-менш оʼкей», – пасміхаецца Яўген Салам.

Калі полк Каліноўскага пойдзе вызваляць Беларусь

Яўген Жураўскі родам з Баранавічаў. Як кажа – «з лепшага месца на зямлі». Анархіст і «актывіст контркультурнай дзвіжухі». Быў вымушаны зʼехаць з Беларусі ў 2020 годзе. Ён зазначае, што палітычныя ці ідэалагічныя спрэчкі на фронце сыходзяць на другі план.

«Сёння мы разумеем, што ва ўсіх нас, анархіст ты ці ўльтраправы, агульная мэта – спыніць заразу «рускага міру», гэтае фашысцкае фармаванне, якое распаўзаецца паўсюль… Калі сядзіш з чалавекам у адным акопе – усе вашыя палітычныя непаразуменні проста знікаюць», – гаворыць ваяр.

Хтосьці сімпатызуе Святлане Ціханоўскай, хтосьці – Зянону Пазняку, а хтосьці верыць толькі ў сілу палка Каліноўскага. Яўген Жураўскі мяркуе, што «еднасць – гэта толькі пытанне часу».

Беларускі добраахвотнік Яўген Жураўскі з пазыўным Салам. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«А зараз ужо тое добра, што мы адзін у аднаго не страляем, як шмат у якіх вызваленчых рухах. Людзі сустракаюцца, спрабуюць размаўляць – гэта пазітыўная тэндэнцыя», – ацэньвае ваяр палка Каліноўскага.

Яўген кажа, што для яго гэтая вайна скончыцца не вызваленнем Украіны, а калі будзе вольная Беларусь, калі будуць вольныя ягоныя Баранавічы. Толькі тады. Але ідэю сілавога вызвалення Беларусі палком Каліноўскага называе «прыгожай казкай».

Інтэрв’ю
«Каб хоць камандзірам заробкі плаціць». Чаму Паспалітае рушэнне пакуль што не стала народным рухам
2023.10.24 08:00

«На мой погляд гэта можа адбывацца толькі ў тым выпадку, калі ў Беларусі зноў саспее нейкая крытычная маса і зноў складзецца перадрэвалюцыйная сітуацыя, як было, напрыклад, хоць бы ў 2010 годзе ці нават 2017-м… Не кажучы пра 2020 год. І тады тыя, хто атрымаў баявы досвед ва Украіне – у палку Каліноўскага, у «Тэроры», у 2-м Інтэрнацыянальным легіёне ці ў 79 ДШБ, могуць вельмі спатрэбіцца», – разважае Яўген Жураўскі.

Заўважае, што ў 2020 годзе вельмі не хапала людзей, якія маглі стаць у авангардзе маршаў, каб даць «сапраўдны бой сілавікам».

«Калі ў цябе вусы – ты пры ўладзе»

Пазыўны Салам Яўген Жураўскі ўзяў сабе яшчэ да вайны – у 2021 годзе падчас гульняў у страйкбол («Палова хлопцаў была са здаровымі бародамі – дык вырашылі ўзяць усходнія імёны»). З усмешкай тлумачыць, што ягоны Салам, што азначае «мір», не мае ніякага дачынення да рэлігійных перакананняў. Бо ён анархіст, а значыцца, – атэіст. Барады, дарэчы, сам ніколі не насіў. Затое цяпер мае экстравагантныя вусы.

Беларускі добраахвотнік Яўген Жураўскі з пазыўным Салам. Варшава, Польшча. 29 кастрычніка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Раскрый сакрэт, чаму ў беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне сталі папулярнымі вусы?» – гучыць пытанне з залы.

«Тэма вельмі простая. Беларуская палітыка паказала, што, калі ў цябе ёсць вусы, – ты пры ўладзе. А калі ў нас ва ўсіх будуць вусы, то гэта ўжо – народнае самакіраванне. Таму ўсім патрэбныя вусы. Я чуў, што і ў Ціханоўскай яны ёсць, таму яна разам з намі», – смяецца Яўген Салам Жураўскі.

Цікава, што мінамётчык і анархіст Яўген Жураўскі застаецца на вайне веганам. Цяпер, кажа, ва Украіне велізарная колькасць веганскай ежы (хоць на пачатку вайны з гэтым было цяжкавата). Веганаў і вегетарыянцаў на фронце таксама паболела. Парадокс? Не: вайна – непрадказальная штука.

Сустрэча з ваяром ПКК Яўгенам Жураўскім адбылася 28 кастрычніка ў варшаўскім бары «Карма». Размову з байцом праводзіў журналіст «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў. Удзельнікі сустрэчы ахвяравалі пасля сустрэчы грошы на новы дрон для палка Каліноўскага.

Hавiны
Генштаб Украіны сцвярджае, што страты Расеі ў вайне перавысілі 300 тысяч чалавек
2023.10.31 09:57

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў