Генштаб Украіны сцвярджае, што страты Расеі ў вайне перавысілі 300 тысяч чалавек


Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны апублікаваў чарговую зводку аб стратах праціўніка. У адпаведнасці з гэтымі лічбамі, страты расейскага войска з пачатку вайны склалі ўжо 300 810 чалавек.

У зводцы выкарыстоўваецца менавіта тэрмін «страты», а не забітыя ці ліквідаваныя. Хутчэй за ўсё, Генштаб ЗСУ ўключае ў гэтую лічбу таксама параненых – у такім выпадку, гэта будзе прыблізна адпавядаць падлікам заходніх спецслужбаў і незалежных медыяў.

У кастрычніку брытанская выведка ацаніла страты Расеі загінулымі і цяжкапараненымі прыкладна на 190 тысяч вайскоўцаў, а з улікам параненых, якія здольныя вярнуцца на поле бою пасля акрыяння, – да 290 тысяч чалавек.

Hавiны
Брытанская выведка: страты расейцаў пасля штурму Аўдзееўкі павялічыліся на 90 %
2023.10.22 12:05

Журналісты выданняў Бі-Бі-Сі і «Медиазона» на дзень 20 кастрычніка здолелі высветліць імёны 34 857 загінулых расейскіх вайскоўцаў. Гаворка выключна пра пацверджаныя факты гібелі, звесткі пра якія з’явіліся ў адкрытых крыніцах. На падставе гэтага спісу журналісты Бі-Бі-Сі прыйшлі да высновы, што паводле найбольш кансерватыўнай ацэнкі страты расейскага войска забітымі могуць быць удвая большыя – каля 68 800 чалавек. Плюс яшчэ каля 20 тысяч байцоў маглі загінуць у складзе ўзброеных фармаванняў непрызнаных ЛНР і ДНР. Паколькі звычайна на аднаго забітага прыпадаюць 3-4 параненыя, то агульныя страты сапраўды могуць сягаць блізу 300 тысячаў.

18 жніўня аўтарытэтнае выданне «The New York Times» са спасылкаю на афіцыйных асобаў ЗША паведаміла, што сумарныя страты РФ ва Украіне набліжаюцца да 300 тысячаў чалавек: 120 тысячаў загінулых і 170–180 тысячаў параненых.

Аналітыка
Ад 100 да 500 тысячаў. Якія страты зазнала Расея і Украіна за 1,5 года вайны
2023.08.24 09:32

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў