Арганізатары марафону паабяцалі празрыстае размеркаванне сабраных для палітвязняў грошай


Ініцыятарка марафону салідарнасці Вольга Гарбунова запэўніла, што размеркаванне і выдаткоўванне сабраных грошай будзе празрыстым, а фонды падрыхтуюць адмысловыя справаздачы. Яна падзякавала за данаты, назваўшы вынік неймаверным. Заяву Гарбуновай распаўсюдзіў Аб’яднаны пераходны кабінет.

Вольга Гарбунова. Вільня, Літва. 12 студзеня 2023 года.
Фота: Аляксандр Шчыры

Ініцыятарка марафону салідарнасці з палітвязнямі, прадстаўніца ў сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова прызналася, што «назірала за зборам, затаіўшы дыханне»:

«Я, гэтак жа, як і вы, затаіўшы дыханне, назірала за зборам і, як мінімум, двойчы здзіўлялася: калі мы перасягнулі першапачатковую мэту 200 000 яшчэ ў суботу і калі мы ўбачылі лічбу 500 000 за некалькі гадзінаў да заканчэння. Вы натхняеце!»

Гарбунова падкрэсліла, што ані арганізатары марафону, ані фонды, якім пералічаць грошы, не забяруць сабе ні капейкі – усё выдаткуюць палітвязням.

Hавiны
Святлана Ціханоўская: Сяргей – гэта мой боль, але такіх людзей тысячы
2023.07.29 13:09

«Усе сабраныя сродкі будуць перанакіраваныя ў 13 праваабарончых ініцыятываў і фондаў салідарнасці. Грошы будуць размеркаваныя паміж імі ў пэўных прапорцыях, адпаведна запытам на падтрыманне, якія ў іх ёсць зараз», – распавяла прадстаўніца Кабінету.

Празрыстасць размеркавання грошай пракантралюе адмысловая Назіральная рада. У ейным складзе – Гарбунова, а таксама прадстаўнікі беларускіх медыяў: «Белсату», «Еўрарадыё», «Зеркала» ды «Маланкі».

«Цягам тыдня Назіральная рада ўхваліць рашэнне аб размеркаванні сродкаў, фонд падпіша дамовы з арганізацыямі і ажыццявіць пераводы. Праз 2 месяцы арганізацыі зробяць справаздачу – і Назіральная рада публічна раскажа аб выніках», – падсумавала Вольга Гарбунова.

Яўгенія Доўгая
Журналістка Яўгенія Доўгая, аўтарка праекту «Палітвязынка», у студыі «Белсату» падчас онлайн-марафону салідарнасці з палітвязнямі. 29 ліпеня 2023 года. Варшава, Польшча.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

Падчас марафону салідарнасці «Нам не ўсё адно!» беларусы сабралі 574 356 еўраў. Акцыю зладзілі больш за 20 незалежных медыяў, у тым ліку «Белсат». Гасцямі супольнага эфіру сталі беларускія палітыкі і актывісты, спартоўцы, музыкі і творцы.

Галоўная мэта марафону – падтрымаць палітзняволеных і іхныя сем’і ды сабраць грошы для іх.

Цяпер у Беларусі, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», 1474 палітзняволеныя.

Абноўлена
«Нам не ўсё адно!»: марафон салідарнасці з палітвязнямі. ОНЛАЙН
2023.07.29 10:37

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў