Святлана Ціханоўская: Сяргей – гэта мой боль, але такіх людзей тысячы


Да онлайн-марафону «Нам не ўсё адно!» у студыі «Обычного утра» далучылася абраная прэзідэнтка Беларусі і кіраўніца Аб’яднанага кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская.

Святлана ціханоўская ў студыі «Обычного утра» падчас онлайн-марафону «Нам не ўсё адно!». Скрыншот з онлайн-эфіру. Крыніца: БЕЛСАТ NEWS / YouTube 

Тэма палітзняволеных у сям’і – гэта бацька

Святлана расказала пра тое, што ў сям’і тэма палітзняволеных звязана ў першую чаргу з бацькам, Сяргеем Ціханоўскім. Малодшая дачка цераз вечар плача і ўспамінае пра тату і пытаецца пра яго, у той час як старэйшы сын, якому зараз 13, стараецца супакойваць малодшую сястру, гаворачы пра тое, што тата хутка вернецца.

Але Святлана сказала, што апошняе відэа, якое было паказана па прапагандысціх каналах, дзе відаць Сяргея Ціханоўскага ў камеры, не паказвала дзецям. Пры гэтым сама Святлана сказала, што не адразу распазнала яго: каб зразумець, што гэта Сяргей, ёй прыйшлося перагледзець відэа некальлкі разоў. «Твар не ягоны, я яго як чалавека не пазнала, але вось гэтыя асаблівасці рухаў цела – гэта ён. Але як ён змяніўся – гэта было вельмі балюча. Але хаця б я пабачыла, што ён жывы. Спадзяюся, што гэта не падстаўное відэа», – адзначыла Ціханоўская.

Такіх, як Сяргей – тысячы

«Сяргей – гэта мой асабісты боль, але ты адразу пераскокваеш увагай, што такіх людзей тысячы». Акрамя таго, яна падкрэсліла, што ёсць сапраўды шмат невядомых імёнаў, пра якія людзі нічога не ведаюць і пра тое, у якіх яны знаходзяцца ўмовах.

Таксама Святлана адзначыла, што Сяргею не перадаюць ні грошы, ні пасылкі. Апошні раз адвакат быў у яго 9 сакавіка, і больш не было ніякай інфармацыі. Пры гэтым яна лічыць, што сарафаннае радыё ў месцах зняволення (праз тых, да каго прыходзяць наведвальнікі, адвакаты) данясе да палітзняволеных, што падобны марафон адбываўся.

Я не магла сказаць: я сыходжу

На пытанне аб тым, ці дакарае Святлана сябе за свой учынак і далучэнне да выбарчай кампаніі ў 2020-м яна адказала, што калі ўспамінае сваё рашэнне, то «не думала пра нешта глабальнае – пра рэвалюцыю, перамены. Той першы крок я зрабіла дзеля любові да Сяргея… Але я таксама расла ўнутрана разам з людзьмі: калі я ўбачыла тыя чэргі, гэтую каласальную салідарнасць, то ты разумееш, што не можаш проста сказаць: ну, усё, гэта не маё, я сыходжу. Ты проста стала разам з людзьмі».

Адзінае, пра што я сябе дакараю, гэта пра тое, што я з’ехала. Але, кажа Святлана Ціханоўская, калі б яна не зрабіла гэтага, то не змагла б быць тым інструментам, якім з’яўляецца зараз, для таго каб быць голасам беларусаў на міжнароднай арэне, бо было шмат што дасягнута.

«Бо, ведаеце, у нас ёсць ужо такая дэфармацыя: калі ты не адсядзеў, ты не патрыёт, ты не разумееш усёй глыбіні болю», – падкрэсліла Ціханоўская.

«Я веру ў сілу салідарнасці»

Таксама напрыканцы Святлана Ціханоўская адзначыла, што, на яе думку, з улікам таго, што за межы Беларусі выехала каля 500 тысячаў чалавек, то сума, якую хацелася б сабраць, павінна быць меншай, чым паўмільёна еўра. «Бо калі мы не збяром хаця б па 1 еўра ці долару ад кожнага чалавека, то гэта пакажа нас не з самага лепшага боку», – падкрэсліла Святлана Ціханоўская. Бо ёсць жа таксама бізнэсы, якія могуць заданаціць значна большыя сумы.

«Я веру ў беларусаў, я вельмі моцна веру ў сілу салідарнасці», – сказала на заканчэнне Святлана Ціханоўская.

Раман Шавель belsat.eu

Фота вокладкі: Офіс Святланы Ціханоўскай

Стужка навінаў