За тры ахвяраванні на 75 долараў пачалі судзіць IT-спецыяліста


У Менскім гарадскім судзе 31 сакавіка пачалі судзіць IT-спецыяліста Руслана Завадзіча за нібыта «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» – ён даслаў тры ахвяраванні двум фондам, якія цяпер прызнаныя «экстрэмісцкімі».

Руслан Завадзіч. Крыніца: spring96.org

Руслана Завадзіча судзяць паводле ч. 2 арт. 361-2 КК («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці)». Яму інкрымінуюць два ахвяраванні ініцыятыве «By_Help», якая збірала сродкі на падтрыманне беларусаў, што пацярпелі ад гвалту сілавікоў у жніўні 2020 года, на агульную суму каля 50 долараў, а таксама ахвяраванне Валеру Цапкалу на суму каля 25 долараў у 2021 годзе, паведамляюць праваабаронцы. Але на момант пераводаў ні «By_Help», ні Цапкала не былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі», а здарылася гэта пазней.

Справу разглядае суддзя Жанна Брысіна. Паводле крымінальнага артыкулу аб фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці Руслану пагражае ад 5 да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Мужчыну затрымалі недзе напрыканцы кастрычніка 2022 года. Спачатку некаторы час яго ўтрымлівалі на Акрэсціна, а потым перавялі ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага. Паводле матэрыялаў справы, ахвяраванні ён рабіў праз беларускую біржу ў біткойнах.

Руслан – заснавальнік клубу астраноміі і фатограф. Вядома, што ён апошнія 6 гадоў працуе ў кампаніі «Netcracker». Раней ён нейкі час быў валанцёрам «Аховы птушак Бацькаўшчыны».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў