Праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам каб атрымаць пароль ад Telegram


Сілавікі катуюць за кратамі затрыманых. Расейская журналістка Кацярына Яньшына, якая адбыла 15 содняў на Акрэсціна, распавяла, што праваабаронцу Насту Лойку білі электрашокерам, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Наста Лойка. Менск, Беларусь, 2 верасня 2021 года.
Фота: ПБ / Белсат

За кратамі сілавікі білі электрашокерам праваабаронцу Насту Лойку толькі за тое, што яна забылася воблачны пароль ад Telegram.

«…Як мне потым распавялі, дзяўчыну, якая проста забылася на свой пароль, катавалі токам. Яе білі электрашокерам у пятку, каб не было слядоў. Гэта было з праваабаронцай Настай Лойкай. Калі я адмовілася даць паролі, мне расказалі гэту гісторыю. І я потым сядзела думала: цікава, колькі ўдараў току я вытрываю, перш чым зламаюся і дам паролі», – распавяла Кацярына Яньшына.

Раней Наста Лойка на судовым паседжанні распавядала пра тое, што працаўнік ГУБАЗіК ударыў яе электрашокерам, а адзін з працаўнікоў ЦІП вывеў яе ва ўнутраны двор і пакінуў без вопраткі на 8 гадзінаў.

Расейская журналістка Кацярына Яньшына адбыла 15 содняў на Акрэсціна. Распавяла яна таксама і пра іншых вязняў.

«Я сядзела ў адной камеры з Ганнай Лівянт, дачкой вядомага рэпетытара Яўгена. Іх з мужам Мікітам затрымалі на судзе, калі яны прыйшлі на працэс да ейных бацькоў. І на ранішнім »шмоне« яна прыслухоўвалася, каб пачуць прозвішча бацькі ці мамы. Яна тады ўжо меркавала, што ў яе будзе крымінальная справа. Калі ты сядзіш на Акрэсціна, то ты не хочаш, каб цябе адпусцілі крыху раней. Таму што калі па цябе прыйшлі раней за час, то гэта значыць, што ты нікуды не выходзіш. Гэта значыць ці то новыя «суткі», ці то крымінальную справу. Так было і з Ганнай. Яе забралі раней, і ад іншай дзяўчыны з ІЧУ мы даведаліся, што ў яе крымінальная справа і яна чакае адпраўкі ў СІЗА».

Журналістка кажа, што з ёй нічога страшнага насамрэч не адбылося, а вось іншым беларусам і беларускам не пашанцавала:

«Адна рэч чытаць навіны, а іншая – убачыць усё на ўласныя вочы. Я зразумела, наколькі мы сабе не ўяўляем, што адбываецца ў Беларусі. Нават са сваім расейскім досведам я прыехала і дзівілася. У ЦІПе я думала, што магу некалькі разоў патэлефанаваць камусьці, мне змогуць перадаць адзенне, таму што я ў пінжаку і штанах – занадта салідна, каб спаць на падлозе з клапамі. Але ўсё было не так. Памятаю паказальны выпадак: на ўваходзе ў ЦІП я запытваю ў канваіра, ці дадуць мне кнігі. Мужчына без формы, які стаяў побач, ухмыльнуўся і сказаў: «Вядома, і кнігі, і настольныя гульні, і ў більярд тут пагуляеш!» Я тады ўжо зразумела, што мяне чакаюць не тыя ўмовы, якіх я чакаю», – кажа расейская журналістка.

Паводле яе словаў, тое, што адбываецца ў Беларусі, у Расеі яшчэ не бачылі. Дяўчыну здзівілі суд праз скайп, паводзіны міліцыянтаў і бязмежжа сілавікоў. Побытавыя ўмовы ў камеры і катаванні, якія яна перанесла ў ЦІП на Акрэсціна.

Hавiны
Праваабаронца Наста Лойка зноў не выйшла на волю пасля содняў
2022.12.13 15:45

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў