Як мы пражылі 2022 год? Сабралі нашыя галоўныя навіны


Пратэсты ў Казахстане, уварванне Расеі ва Украіну, мільённыя плыні ўцекачоў, гучныя прысуды ў Беларусі, стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінету і скандалы ў ім… Прыгадалі, пра што мы пісалі і казалі цягам 2022 года, які вось-вось скончыцца. Склалі падборку самых гучных падзеяў у Беларусі і свеце па месяцах.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

Студзень

«Даваенныя» навіны здаюцца паведамленнямі з нейкага іншага жыцця, але тым не менш і тады былі свае важныя і гучныя падзеі.

2022 год пачаўся з навіны пра затрыманне і збіццё міліцыянтамі жыхары Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава. Маладзён памёр.

3 студзеня на 90-м годзе жыцця пайшоў з жыцця літаратуравед, публіцыст, крытык і перакладчык Адам Мальдзіс.

Не паспелі мы вярнуцца ў працоўны рытм пасля святаў, як у Казахстане праз рэзкі рост коштаў на газ разгарэліся пратэсты. Мы пільна за імі сачылі, перажывалі за пратэстоўцаў і думалі, што казахі ўжо дакладна змогуць тое, што не змаглі беларусы. У краіну былі ўведзеныя войскі АДКБ. Казахскія СМІ паведамлялі пра тысячы затрыманых, дзясяткі забітых сярод цывільнага насельніцтва, 18 ахвяраў сярод сілавікоў. Аднак казахі дамагліся, каб Назарбаеў сышоў у адстаўку з пасады старшыні Савету бяспекі.

Падчас акцыі пратэсту супраць павышэння коштаў на газ. Алматы, Казахстан.
Фота: Pavel Mikheyev / Reuters / Forum

У студзені свет ужо казаў пра магчымасць уварвання Расеі ва Украіну, а Лукашэнка абвесціў пра правядзенне ў лютым беларуска-расейскіх вучэнняў «Саюзная рашучасць».

Люты

18 лютага пасля 17 месяцаў за кратамі на волю выйшла палітзняволеная грамадзянка Швейцарыі і адначасова Беларусі Наталля Хершэ, якую ў 2020 годзе асудзілі за сарваную з твару сілавіка балаклаву.

24 лютага свет змяніўся назаўсёды – Расея ўварвалася  ва Украіну, пачала масавы абстрэл па ўсёй тэрыторыі краіны – пачалася поўнамаштабная вайна.

Доўгі час мы вялі штодзённы онлайн пра падзеі ва Украіне, потым перайшлі на штодзённае падсумаванне навінаў. Хроніку вайны ва Украіне можна прасачыць у нашай адмысловай рубрыцы «Вайна».

Збіты ваенны ўкраінскі самалёт у раёне Асакаркі. Кіеў, Украіна.
Фота: Белсат

у Беларусі ж 27 лютага прайшоў рэферэндум па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю. У гэты ж дзень беларусы выйшлі на пратэсты супраць вайны ва Украіне. Адбыліся масавыя затрыманні.

Сакавік

Увесь свет сочыць за падзеямі ва Украіне. Мы вядзем штодзённы онлайн. Беларусы непакояцца, ці не паляцяць ракеты таксама да нас, і пачынаюць высвятляць, дзе ў іхных гарадах знаходзяцца бамбасховішчы. Улады хаваюць гэтую інфармацыю.

Не спыняецца беспрэцэдэнтная плынь уцекачоў з Украіны ў Польшчу.

Ва Украіне з’явілася рота беларускіх добраахвотнікаў, якая потым стала Батальёнам Каліноўскага, а яшчэ пазней – Палком Каліноўскага.

Ноччу з 3 на 4 сакавіка расейскія войскі абстралялі Запарожскую АЭС. За гэтым абстрэлам сачыў увесь свет, бо існавала рызыка сур’ёзнай аварыі і нават выбуху на станцыі. Таксама ў сакавіку была захопленая Чарнобыльская АЭС.

16 сакавіка расейскія войскі скінулі бомбы на Марыупальскі драмтэатр, дзе хаваліся людзі.

Марыупаль, Украіна.
Фота: Mikhail Tereshchenko / TASS / Forum

У Беларусі ж працягвалася «рэйкавая вайна», якая распачалася яшчэ напрыканцы лютага. У сакавіку пачаліся затрыманні партызанаў, якія ладзілі дыверсіі на беларускіх чыгуначных шляхах, каб перашкодзіць везці па іх расейскіх вайскоўцаў і тэхніку ва Украіну. Брутальнае затрыманне адбылося ноччу 30 сакавіка пад Бабруйскам – патруль адкрыў па партызанах агонь з баявой зброі.

У сакавіку падчас абароны ўкраінскай Бучы загінуў беларускі добраахвотнік Ліцвін.

Красавік

З 3 красавіка былі знятыя ўсе абмежаванні па перасячэнні беларускай мяжы, уведзеныя яшчэ напрыканцы 2020 нібыта праз пандэмію каронавірусу.

2 красавіка Кіеўская вобласць была цалкам вызваленая ад расейскіх войскаў. Свет даведаўся пра зверствы ў Бучы.

Нашай калезе журналістцы Кацярыне Андрэевай выставілі абвінавачванне ў здрадзе дзяржаве.

24 красавіка адбыўся другі тур выбараў у Францыі, у якім перамог Эмануэль Макрон.

Травень

3 траўня расейскія вайскоўцы прарваліся на тэрыторыю «Азоўсталі» у Марыупалі. 17 траўня ўкраінскія вайскоўцы, якія трымалі абарону заводу, здаліся ў расейскі палон. Пазней іх будуць абменьваць на палонных расейцаў.

4 траўня на 88 годзе жыцця памёр першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

У траўні ў Беларусі пачаўся ціск на прыватныя медцэнтры. 13 траўня ў «Нардзін» прыйшоў ДФР, 16 траўня спынілі ліцэнзіі клінікам «ЛАДЭ» і «Клініка А1».

15 траўня адбыўся фінал музычнага конкурсу «Еўрабачанне», у якім перамагла Украіна – Гурт Kalush Orchestra з песняй «Стэфанія».

Фанат музычнага гурта «Kalush Orchestra» з фірмовай ружовай панамай у руках. На ёй аўтограф Ігара Дзідэнчука. Кіеў, Украіна.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

18 траўня распачаўся суд у «справе Аўтуховіча».

Чэрвень

6 чэрвеня распачаўся суд па «справе БелАПАН».

15 чэрвеня ў Насты і Змітра Дашкевічаў нарадзіўся сын – чацвёртае дзіця ў сям’і. Зміцер на той момант знаходзіўся за кратамі, а Наста была падазраванай па крымінальнай справе паводле арт.342 КК РБ – «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак ці ўдзел у іх».

16 чэрвеня жонцы Андрэя Зельцара Марыі Успенскай прысудзілі прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.

23 чэрвеня палітзняволенаму Уладзіміру Мацкевічу прысудзілі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

24 чэрвеня цалкам адкрыўся для вернікаў і наведвальнікаў Будслаўскі касцёл, які пацярпеў ад пажару 11 траўня 2021 года. Больш за год у святыні ішоў рамонт.

Ліпень

Ліпень распачаўся з пратэстаў у Каракалпакстане – аўтаномнай рэспубліцы, якая ўваходзіць у склад Узбекістану. Мясцовыя жыхары выступілі супраць праекту новай рэдакцыі Канстытуцыі, з якой планавалася выдаліць згадку аб праве Каракалпакстану на аддзяленне ад Узбекістану.

4 ліпеня распачаўся новы суд над нашай калегай Кацярынай Андрэевай. Яе абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве і 13 ліпеня прысудзілі яшчэ 8 гадоў пазбаўлення волі.

14 ліпеня адбыўся жудасны абстрэл у Вінніцы, падчас якога загінулі амаль 30 чалавек, у тым ліку дзеці.

Жнівень

2 жніўня ўвага свету была прыкаваная да Тайваня, куды прыляцела спікерка Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлоўсі. Кітай пагражаў жорсткім адказам, аднак візіт прайшоў спакойна.

Нэнсі Пэлоўсі члены яе дэлегацыі, прэзідэнт Тайваня Цай Ін Ўэнь і іншыя тайванскія афіцыйныя асобы пазіруюць для групавой фатаграфіі ў прэзідэнцкім палацы ў Тайбэі, Тайвань.
Фота: Taiwan Presidential Palace Via Z / Zuma Press / Forum

3 жніўня журналістку Ірыну Слаўнікаву асудзілі да 5 гадоў калоніі.

У той жа дзень, 3 жніўня, пачалося чарговае абвастрэнне ў Нагорным Карабаху.

8-9 жніўня ў Вільні прайшла канферэнцыя беларускіх дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь», стварэнне Аб’яднанага пераходнага кабінета.

30 жніўня пайшоў з жыцця апошні кіраўнік і першы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў.

Верасень

3 верасня на волю выйшла нашая калега Дар’я Чульцова, цалкам адбыўшы пакаранне ў два гады калоніі за стрым з Плошчы Пераменаў у Менску, дзе адбывалася акцыя памяці Рамана Бандарэнкі.

8 верасня памерла каралева Вялікай Брытаніі Елізавета ІІ.

16 верасня стала вядома пра прызначэнне былой журналісткі «Белсату» Аліны Коўшык на пасаду прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні ў Аб’яднаным кабінеце.

21 верасня Пуцін абвесціў частковую мабілізацыю ў Расеі. Гэта справакавала масавы ад’езд з Расеі мужчынаў прызыўнага ўзросту. Вялікая колькасць людзей паехалі ў Грузію, Казахстан. На памежным пераходзе паміж Грузіяй і Расеяй Верхнім Ларсе з-за вялікай чаргі стварылася вельмі напружаная сітуацыя.

Стаўрапаль, Расія.
Фота: Ivan Vysochinsky / Zuma Press / Forum

З 23 па 27 верасня ў самаабвешчаных ДНР, ЛНР і акупаваных Херсонскай і Запарожскай вобласцях Украіны праходзіў рэферэндум аб далучэнне да Расеі.

26 верасня ў Чырвоным касцёле ў Менску здарыўся дзіўны пажар, пасля якога ў святыні з’явіўся АМАП, яе зачынілі і дагэтуль не дазволілі аднавіць набажэнствы.

Кастрычнік

Галоўнай навіной кастрычніка стала прысуджэнне Нобелеўскай прэміі міру беларускаму праваабаронцы, кіраўніку Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесю Бяляцкаму.

17 кастрычніка быў агучаны прысуд па «справе Аўтуховіча» – яе фігуранты атрымалі вялізныя тэрміны.

18 кастрычніка затрымалі жонку палітзняволенага Ігара Лосіка Дар’ю Лосік. Яе абвінавацілі ў спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці.

Лістапад

Пачатак месяцу адзначыўся скандалам з прадстаўніцай Аб’яднанага кабінету па фінансавых пытаннях Таццянай Зарэцкай. Спачатку яна абвесціла пра свой сыход з Кабінету, а потым з’явілася расследаванне «Нашай Нівы» пра нібыта хлусню, датычную стартапу Зарэцкай і агулам ейнай дзейнасці.

Калі сціх кейс Зарэцкай, распачаўся новы скандал – з «Чорнай кнігай Беларусі» і супрацоўнікам ГУБАЗіК, які здолеў увайсці ў давер, уладкавацца на працу ў ЧКБ і праз гэта атрымаць дадзеныя ўсіх, хто адпраўляў у ЧКБ звесткі. Шмат людзей у выніку былі затрыманыя.

11 лістапада расейскія войскі сышлі з Херсону.

Мясцовыя жыхары робяць пакупкі ў краме на рагу ў вёсцы Чарнабаеўка, прыгарадным пасёлку ў Херсонскім раёне, Украіна.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

26 лістапада раптоўна памёр міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей.

Снежань

14 снежня Палата прадстаўнікоў Беларусі ў двух чытаннях прыняла закон аб пазбаўленні грамадзянства за экстрэмісцкую дзейнасць.

У снежні ў Аб’яднаным кабінеце з’явілася прадстаўніца па сацыяльных пытаннях – ёй стала Вольга Гарбунова, былая палітзняволеная і таксама былая кіраўніца грамадскай арганізацыі «Радзіслава», якая займалася дапамогай жанчынам – ахвярам хатняга гвалту.

26 снежня быў агучаны першы прысуд у «завочным» судзе – спартоўцам Аляксандры Герасімене і Аляксандру Апейкіну. Ім далі па 12 гадоў калоніі.

29 снежня не стала бразільскага футбаліста Пеле – ён быў тройчы чэмпіён свету.

Прыхільнікі легенды бразільскага футбола Пеле. Cантас, Бразілія.
Фота: Amanda Perobelli / Reuters / Forum

Таксама 29 снежня было зафіксаванае падзенне ракеты ў Беларусі. Міністэрства абароны сцвярджае, што гэта ўкраінская ракета, аднак дакладнай інфармацыі пакуль няма.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў