Кацярыне Андрэевай пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі


Журналістку «Белсату» Кацярыну Андрэеву чакае новы суд. Палітзняволенай выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»).

Пра гэта паведаміў у «Фэйсбуку» ейны муж Ігар Ільяш.

Кацярына Андрэева была пакараная 2 гадамі пазбаўлення волі за стрым з жорсткага разгону акцыі памяці Рамана Бандарэнкі і разбурэння сілавікамі народнага мемарыялу. Свой тэрмін палітзняволеная адбывала ў папраўчай калоніі № 4 у Гомлі, і яна мусіла выйсці на волю 5 верасня 2022 года. Але сёлета 10 лютага Кацярыну раптам этапавалі ў гомельскі СІЗА. Цягам 55 дзён сваякі не ведалі, у якім статусе яна цяпер і ў межах якой справы.

Журналістка «Белсату» Кацярына Андрэева.
Фота: Белсат

Учора сям’і палітзняволенай стала вядома, што Кацярыне выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу («Здрада дзяржаве»). Следства завершанае, справу перададуць у пракуратуру. Імаверна, ужо ў траўні адбудзецца судовы працэс.

Следства праводзіла УКДБ у Гомельскай вобласці. Ігар Ільяш падкрэслівае, што невядома, «на аснове якіх падзеяў узнікла гэтае абвінавачанне», сваякам нічога пра гэта не паведамілі і не паведамяць. Муж журналісткі адзначае: паколькі само следства праходзіла ва ўмовах «поўнай сакрэтнасці», то і суд відавочна будзе закрыты. «Але не абавязкова ведаць нейкія дэталі, каб разумець усю абсурднасць такога абвінавачання», – дадае ён. Ігар Ільяш кажа, што гэта нагадвае «сталінскую практыку», калі палітвязням накручвалі новы тэрмін зняволення, калі завяршаўся папярэдні.

«Каця абсалютна невінаватая. Яна ніколі не здзяйсняла нічога супрацьзаконнага. Гэтая крымінальная справа – жахлівая ў сваёй цынічнасці і жорсткасці помста за журналісцкую дзейнасць», – адзначыў Ігар Ільяш у сваім допісе ў «Фэйсбуку».

Артыкулы
«Маё жыццялюбства не перабіць ніякімі турмамі». Год у лістах Кацярыны Андрэевай
2021.11.02 13:50

Лісты Кацярыне Андрэевай можна дасылаць на адрас: вуліца Кніжная 1А, СІЗА № 3, 246003, Гомель.

belsat.eu

Стужка навінаў