Першы «прылёт» з Украіны ў Беларусь? Пад Іванавам знайшлі рэшткі ракеты С-300


Сёння, 29 снежня, з 10:00 да 11:00 зафіксавана падзенне ўкраінскай ракеты комплексу С-300 на тэрыторыю Беларусі, піша БелТА. Паводле дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва, ракета прыляцела з тэрыторыі Украіны.

Мясцовыя паблікі ў сацыяльных сетках пішуць, што ракета была знойдзеная ў полі ў Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці. «Калі меркаваць па апублікаваных здымках, гэта часткі ракеты ад ЗРК З-300», – паведамляе «Беларускі Гаюн».

Ракета ўпала недалёка ад вёскі Гарбаха. Як паведамляе БелТА, войскі супрацьпаветранай абароны ліквідавалі паветраную цэль.

Жыхары Іванава распавядаюць, што чулі нейкі гук, падобны на выбух. Але цяпер у горадзе нічога надзвычайнага няма. Многія проста не зразумелі, што адбываецца. Іначай было ў тых раёнах, якія бліжэй да вёскі. Людзі кажуць не толькі пра гучны выбух, але і пра тое, што сцены дамоў трэсліся ад гукавой хвалі.

Фота: Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн»

Паводле БелТА аб здарэнні неадкладна быў праінфармаваны Аляксандр Лукашэнка. На ягонае даручэнне група супрацоўнікаў Следчага камітэту і Міністэрства абароны высвятляе прычыны падзення ракеты.

Па факце здарэння ў Іванаўскім раёне ваеннае ведамства паінфармавала, што сёння каля 10 гадзінаў раніцы сіламі войскаў супрацьпаветранай абароны была збітая паветраная цэль. Яе абломкі знойдзены на полі ў раёне вёскі Гарбаха Іванаўскага раёну Берасцейскай вобласці. Папярэдне ўстаноўлена, што гэта абломкі ракеты С-300, выпушчанай з тэрыторыі Украіны.

Вызначыць, чыя менавіта гэта была ракета, дастаткова проста, кажа вайсковы аглядальнік з Украіны Алег Жданаў. Паводле яго словаў, трэба адшукаць аскепак ракеты з серыйным нумарам, паводле якога стане вядомым, дзе гэтая ракета выпушчаная, у якім годзе, і ў якой вайсковай частцы яна была.

«Улічваючы магчымасці КДБ Беларусі, я перакананы, што Лукашэнка дакладна ведае, чыя гэта ракета і хто яе пускаў», – падсумоўвае Алег Жданаў.

У Цэнтры аператыўнага кіравання надзвычайных сітуацыяў Іванаўскага раёну Берасцейскай вобласці «Белсату» паведамілі, што на дадзены момант «інфармацыі пра ракету ніякай няма».

«Былі чутныя пляскі, выехала група, інфармацыі наконт нейкай ракеты пакуль не маем. Каб была нейкая небяспека, вы б пачулі сігналы трывогі, вас бы заўчасна папярэдзілі. Пакуль гэтага не было, непакоіцца няма чаго», – паведамілі нам у Іванаўскім раённым аддзеле МНС.

Звестак аб пацярпелых на гэты момант няма.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў