Жыхары Іванава кажуць, што чулі выбух ракеты нават у раённым цэнтры


Telegram-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў пра знойдзеныя абломкі ракеты на полі каля вёскі Гарбаха ў Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці. Жыхары раённага цэнтру распавялі «Белсату», што адчулі выбух.

Фота: Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн»

На полі каля вёскі Гарбаха ў Іванаўскім раёне Берасцейскай вобласці знайшлі абломкі ракеты. Улады адразу ж паведамілі, што гэта ўкраінская ракета.

Вёска Гарбаха размяшчаецца на адлегласці каля 15 кіламетраў ад Іванава. Але нягледзячы на такую адлегласць выбух чулі і жыхары раённага цэнтру.

Жыхары Іванава распавядаюць, што чулі нейкі гук, падобны на выбух. Але цяпер у горадзе нічога надзвычайнага няма. Многія проста не зразумелі, што адбываецца. Іначай было ў раёнах, бліжэйшых да вёскі. Людзі кажуць не толькі пра гучны выбух, але і пра тое, што сцены дамоў трэсліся ад гукавой хвалі.

Іншыя суразмоўцы «Белсату» з Іванава распавядаюць, што чулі нават некалькі выбухаў.

«Так, сапраўды, чулі, што ўпала ракета. Мы чулі некалькі выбухаў. Адзін быў вельмі магутны, а два пазней былі цішэйшыя. Гэта было прыкладна каля 10:30.

Гэта ўсё адбылося ў суседняй вёсцы. Жыхароў вёскі, якія непадалёку жывуць, эвакуявалі адтуль, працуюць следчыя», – кажуць жыхары Іванава.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў