У Беларусі ўхвалілі Закон аб пазбаўленні грамадзянства за «экстрэмісцкую дзейнасць»


Палата прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях прыняла законапраект, які дазволяе ўладам пазбаўляць беларусаў грамадзянства «ў сувязі з наяўнасцю выраку суда, які набыў законную моц і пацвярджае ўдзел асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці».

Нагадаем, слова «экстрэмізм» улады цяпер выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў ды іншадумства.

«Законапраектам прадугледжана магчымасць страты грамадзянства асобамі, якія ў тым ліку атрымалі яго пры нараджэнні, за ўдзел у экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне цяжкой шкоды інтарэсам Рэспублікі Беларусь, калі такія асобы жывуць за межамі нашай краіны.

Рашэнне аб страце грамадзянства на гэтай падставе будзе прымацца кіраўніком дзяржавы пры наяўнасці рашэння суда, якое набыло законную моц. Прапанаваная норма будзе датычыць толькі тых грамадзянаў, якія фактычна страцілі прававую сувязь з дзяржавай і, больш за тое, нанеслі сваймі дзеяннямі шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», – цытуе БелТА дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Лілію Ананіч.

Ананіч патлумачыла, што пры дапрацаванні законапраекту пералік артыкулаў Крымінальнага кодэксу, асуджэнне паводле якіх стане падставай для страты грамадзянства, быў аптымізаваны і ахоплівае дзеянні, «якія патэнцыйна могуць быць крыніцай пагрозы нацыянальнай бяспецы».

Акрамя таго, законапраект усталёўвае абавязак прыносіць прысягу пры атрыманні грамадзянства Рэспублікі Беларусь, а таксама паведамляць «кампетэнтным органам» аб наяўнасці грамадзянства замежнай дзяржавы, віду на жыхарства або іншага дакументу замежнай дзяржавы, які дае права на льготы ды іншыя перавагі.

Законапраект прадугледжвае павелічэнне з шасці месяцаў да года тэрмінаў разгляду заяваў аб выхадзе з грамадзянства Беларусі, а таксама рэгламентуе тэрміны разгляду заяваў аб атрыманні грамадзянства.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў