На ЧАЭС, якую цяпер кантралююць расейскія войскі, не выпускаюць персанал і не даюць замяніць спецыялістаў. Людзі ўжо 10 дзён на станцыі і знясіленыя, паведамляе «Громадське».
Людзі, якія працавалі на Чарнобыльскай АЭС у першы дзень расейскага ўварвання, засталіся заблакаваныя войскамі акупантаў на станцыі. Яе цяпер кантралююць захопнікі і персанал не выпускаюць. Мэр Славуціча Юрый Фамічоў кажа, што працаўнікі знясіленыя. Расейскія вайскоўцы не даюць магчымасць змяніць іх і тыя ж самыя людзі 10 дзён працуюць. Захопнікі падзялілі калектыў на дзве групы, якія выходзяць на працы па зменах. Але людзі стаміліся маральна і фізічна.
«Людзі ядуць эканомна, у іх абмежаваная колькасць лекаў і ім вельмі цяжка. Іх родныя і блізкія тут, у Славуцічы, таксама хвалююцца і не ведаюць, што з гэтым рабіць», – сказаў мэр Славуціча.
Юрый Фамічоў параўноўвае гэта з тэрарызмам, паколькі падобных прэцэдэнтаў захопу атамных аб’ектаў і АЭС у свеце не было.
Расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС 24 лютага і да гэтага часу кантралююць ядравы абʼект.
ЛК belsat.eu